Казьянскі заказьнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Казьянскі заказьнік
Плошча 28 469,05 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 55° пн. ш. 29° у. д. / 55° пн. ш. 29° у. д. / 55; 29Каардынаты: 55° пн. ш. 29° у. д. / 55° пн. ш. 29° у. д. / 55; 29
Месцазнаходжаньне Віцебская вобласьць
Утварэньне 10 сакавіка 1960 (64 гады таму)[1]
Казьянскі заказьнік на мапе Беларусі
Казьянскі заказьнік
Казьянскі заказьнік
Казьянскі заказьнік

Казьянскі заказьнік — рэспубліканскі заказьнік Беларусі, абвешчаны ў сакавіку 1960 году на поўначы Віцебскай вобласьці.

Месьціўся на ўсходзе Полацкага раёну і паўночным захадзе Шумілінскага раёну. Быў заснаваны ў якасьці паляўнічага заказьніка для захаваньня жывёльнага сьвету. На 1997 год меў плошчу 414 кв.км і быў біялягічным заказьнікам. Месьціўся ў міжрэччы Обалі і Сосьніцы ў межах Полацкай нізіны. Расьліннасьць улучала барэальныя і заходнеэўрапейскія віды, якія належалі да Дзьвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаёжных лясоў. Пераважалі хваёвыя (31 %), бярозавыя (30 %), чорна- і шэраальховыя (22 %), яловыя (13 %) лясы. Вылучыліся папарацевыя, кісьлічныя, чарнічныя, сьніткавыя, асакова-мховыя і даўгамошныя віды лесу. Палова земляў знаходзілася пад верхавымі балотамі і рэдкалеснымі пераходнымі балотамі. На балоце Обаль расьлі рэдкія віды расьлінаў: карлікавая бяроза, прыземістая марошка і мох Ліндбэрга. Налічвалася 46 месцаў роста 22 відаў расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, і 12 месцаў пражываньня 44-х адпаведных відаў жывёлаў, сярод якіх: барсук, беркут і чорны бусел, шэры журавель і пардва, мядзьведзь і даўгахвостая кугакаўка[2], вялікі і малы арлец, рысь і скапа. Адзначаліся месцы гнездаваньня вялікага вераценьніка і дубальта, вялікага і сярэдняга кулёна, залацістага сяўца, баталёна і куліка-селянца. Сустракалася шмат паляўнічых зьвяроў і птушак. У заказьніку знаходзілася найбольшая ў Беларусі папуляцыя белай курапаткі[3].

11 лістапада 1999 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1765 аб пераўтварэньні заказьніка ў краявідны[4]. У 2013 годзе Казьянскі заказьнік улучылі у Рамсарскі сьпіс водна-балотных угодзьдзяў Беларусі міжнароднай значнасьці разам з заказьнікам «Выдрыца» і Прыпяцкім нацыянальным паркам у Гомельскай вобласьці. У выніку сьпіс стаў налічваць 16 прыродаахоўных тэрыторыяў Беларусі[5]. Таксама землі Казьянскага заказьніка былі важнай для птушак тэрыторыяй[6]. На землях Казьянскага заказьніка месьціліся Крывінскія курганы 3-га тысячагодзьдзя да нараджэньня Хрыстова[7]. На 2019 год плошча заказьніка складала 26 060 гектараў, зь якіх 80 % (20761 га) земляў было ў Шумілінскім раёне. Ён прызначаўся для захаваньня краявідаў Беларускага Паазер’я з рэдкімі відамі жывёлаў і расьлінаў. Даліна Дзьвіны разглядалася ў якасьці рэчышча перасяленьня генафонду міжнароднага ўзроўню. Рачная сетка належала да вадазбору Дзьвіны. Галоўным яе прытокам была Обаль, якая працякала ўздоўж усходняй і паўднёвай межаў заказьніка. У Обалі было 2 правыя прытокі — Ценіца і Глыбачка, якія мелі зьвілістыя рэчышчы. Найбольшымі азёрамі былі Мошня, Расалай і Красамай, якія мелі нізкія забалочаныя берагі і зарасталі воднай расьліннасьцю. У заказьніку гнездавалі 175 відаў птушак, зь якіх 44 віды былі занесеныя ў Чырвоную кнігу: звычайны асаед, арол-вужаед, лугавы і палявы лунь, вялікі арлец, арол-маркут і скапа[8]. Сярод іншага, у заказьніку сустракалася круглалістая расянка, якая харчавалася вусякамі. Возера Марынец штогод перамяшчалася на мэтар з поўдня на поўнач. Таксама ў заказьніку месьцілася некалькі гнезьдзішчаў шызай чайкі і замчышча Казьян 1566 году, крывіцкі курганны могільнік каля вёскі Красамай і дубовая алея векам звыш 300 гадоў, якая была мясцовым помнікам прыроды Беларусі і знаходзілася на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі Прудок (Полацкі раён)[9].

24 сьнежня 2019 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № «Аб пераўтварэньні рэспубліканскіх заказьнікаў «Бабінавіцкі» і «Казьянскі», якія перасталі быць краявіднымі[10]. Паводле Пастановы, Казьянскі заказьнік перадалі ў кіраваньне Полацкага і Шумілінскага раённых выканаўчых камітэтаў. Яго плошчу пашырылі да 28 469,05 га. Заказьнік разьмясьцілі ў:

Офіс Казьянскага заказьніка месьціўся ў Мішневічах (Шумілінскі раён). На 2022 году кіраўніком заказьніка быў Аляксандар Дабравольскі[12].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Каляндар знамянальных і памятных дат на 2020 год // Барысаўска цэнтральная бібліятэка, 2019 г. Праверана 30 ліпеня 2022 г.
  2. ^ Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь // Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
  3. ^ Казьянскі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 436. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  4. ^ Ігар Шаруха, Александрына Сарока. Тэма 18. Прыродаахоўныя тэрыторыі Беларусі // Фізычная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. = Фізічная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. / рэд. А.Л. Пазьнякоў. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2017. — Т. 1. Фізычная геаграфія Беларусі. — С. 57. — 76 с. — 51 ас. — ISBN 978-985-568-335-4
  5. ^ Тры прыродныя тэрыторыі Беларусі папоўнілі Рамсарскі сьпіс // Газэта «Зьвязда», 31 студзеня 2014 г. Праверана 30 ліеня 2022 г.
  6. ^ У.В. Іваноўскі, С.В. Левы. Казьяны // Партал «Дзікая прырода побач», 2022 г. Праверана 12 чэрвеня 2022 г.
  7. ^ Аляксей Чубат. Выспа атэізму пад Віцебскам // Газэта «Новы час», 4 кастрычніка 2015 г. Праверана 30 ліпеня 2022 г.
  8. ^ Казьянскі заказьнік. Шумілінскі і Полацкі раёны // Віцебская абласная бібліятэка, 6 чэрвеня 2019 г. Праверана 30 ліпеня 2022 г.
  9. ^ Алена Гаева Заказьніку «Казьянскі» – 20 год // Герой працы : газэта. — Шуміліна: 12 лістапада 2019. — № 88.
  10. ^ Алена Дзядзюля. Чаму жывое балота лепшае за торф // Зьвязда : газэта. — 12 траўня 2020. — № 90 (29204). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Сяргей Румас. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 сьнежня 2019 г. № 906 «Аб пераўтварэньні рэспубліканскіх заказьнікаў «Бабінавіцкі» і «Казьянскі» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 28 сьнежня 2019 г. Праверана 30 ліпеня 2022 г.
  12. ^ Аляксандар Шадзько. Па маршруце «Таямніцы Казьяншчыны» // Газэта «Герой працы» (Шуміліна), 27 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 1 чэрвеня 2022 г. Праверана 30 ліпеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]