Кабылева
Кабылева | |
трансьліт. Kabylieva | |
Першыя згадкі: | XVIII стагодзьдзе |
Мясцовая назва: | Кабылёва[1] |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Рэчыцкі |
Сельсавет: | Караваціцкі |
Насельніцтва | |
колькасьць: | 151 чал. (2004) |
нацыянальны склад: | беларусы |
колькасьць двароў: | 84 (2004) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2340 |
Паштовы індэкс: | 247542[2] |
СААТА: | 3245854056 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°10′5″ пн. ш. 30°3′49″ у. д. / 52.16806° пн. ш. 30.06361° у. д.Каардынаты: 52°10′5″ пн. ш. 30°3′49″ у. д. / 52.16806° пн. ш. 30.06361° у. д. |
± Кабылева |
Кабы́лева (з 1939 году — Першамайск) — вёска на паўднёвым захадзе Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі. Уваходзіць у склад Караваціцкага сельсавету[1].
Месьціцца за 37 км на паўднёвы захад ад Рэчыцы і 17 км ад чыгуначнай станцыі Бабічы на лініі Каленкавічы—Гомель, за 87 км на захад ад Гомеля. На ўсход і поўнач ад вёскі сетка мэліярацыйных каналаў. На паўднёвым захадзе знаходзіцца Яміцкае ўрочышча. Прасёлачнай дарогай зьвязаная з аўтадарогай Каленкавічы—Гомель. У вёсцы працуе клюб. Забудова складаецца з драўляных сядзібаў. Пляніроўка ўлучае крывалінейную мэрыдыянальную вуліцу, да якой на поўдні і поўначы далучаюцца кароткія прамалінейныя вуліцы. На ўсходзе вёскі адасобленая дзялянка забудовы[3]. У цэнтры вёскі месьціцца помнік 1214 вяскоўцам, якія загінулі пры спаленьні вёскі нямецкімі карнікамі ў 1943 годзе[4].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Старажытнасьці за 3 км на ўсход ад вёскі Кабылева ва ўрочышчы Гарадок знаходзілася гарадзішча, якое выявілі археолягі. У XVIII стагодзьдзі Кабылева было сяленьнем у Рэчыцкім павеце (Менскае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае) і належала графу Юдзіцкаму. У 1793 годзе вёска патрапіла ў склад Расейскай імпэрыі пасьля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. На 1825 год вяскоўцы былі прыхаджанамі царквы ў Васілевічах. У 1858 годзе вёска была ва ўласнасьці дзяржаўнаша скарбу. Паводле перапісу 1897 году, у Кабылеве дзейнічалі капліца, кузьня, млын на коннай цязе, хлебазапасная крама і царкоўна-прыходзкая школа. У 1908 годзе Кабылевічы ўваходзілі ў Васілевіцкую воласьць Рэчыцкага павету Менскай губэрні (Паўночна-Заходні край). 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кабылева абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 8 сьнежня 1926 году стала цэнтрам сельсавету ў Васілевіцкім раёне (Рэчыцкая акруга, Беларуская ССР). 9 чэрвеня 1927 году Кабылева ўлучылі ў Гомельскую акругу. 4 жніўня 1927 году перавялі ў склад Рэчыцкага раёну. У 1929 годзе ў Кабылеве працавалі аддзяленьне спажывецкай каапэрацыі і пачатковая школа. У 1930 годзе працавалі ваўначоска, вятрак, конная крупарушка і стварылі калгас «12 гадоў Кастрычніка». 5 красавіка 1935 году перадалі ў Хвойніцкі раён. У 1935 годзе ў Кабылева перасялілі жыхароў 5 хутароў Кабылеўскага сельсавету: Будзішча, Дуброўскі, Леташ, Навінкі і Свабоднае. У выніку тыя перасталі існаваць. 20 лютага 1938 году вёска перайшла ў склад Васілевіцкага раёну Палескай вобласьці. 24 студзеня 1939 году савецкія ўлады перайменавалі вёску Кабылева ў Першамайск[3].
28 студзеня 1943 году 200 нямецкіх карнікаў занялі вёску, дзе за 2 тыдні расстралялі 42 вяскоўцаў і разрабавалі маёмасьць, у тым ліку вывелі ўсю жывёлу. Большасьць вяскоўцаў ратавалася ўцёкамі ў лес. Да 13 траўня 1943 году карнікі спалілі і расстралялі 118 жыхароў. 14 траўня вяскоўцы вярнуліся ў вёску, якую абкружыў ахоўны атрад лікам каля 300 нямецкіх карнікаў. Пры спаленьні вёскі нямецкія акупанты забілі 1214 вяскоўцаў, якіх зганялі ў хаты па 20-30 чалавек. Хаты падпальвалі і кідалі туды гранату. Тых, каму ўдавалася выбрацца з полымя, карнікі расстрэльвалі. Ад расправы ўратаваліся 2 чалавекі. 12-гадовы Павал Скакун вылез праз вакно пасьля падпалу хаты Фёдара Белага і схаваўся пад мостам. Цяжка параненая, 35-гадовая Натальля Халімоненка схавалася ў закапанай бочцы з вадой[4]. 8 студзеня 1954 году вёску ўлучылі ў склад Гомельскай вобласьці. На 2005 год землі вёскі знаходзіліся ў складзе калгасу «Абарона краіны» з цэнтрам у вёсцы Перавалока[3].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 24 двары
- ХІХ стагодзьдзе: 1858 год — 374 жыхары і 36 двароў; 1897 год — 678 жыхароў і 108 двароў
- ХХ стагодзьдзе: 1908 год — 908 жыхароў і 141 двор; 1929 год — 1068 жыхароў; 1940 год — 150 двароў; 1960 год — 604 жыхары
- ХХІ стагодзьдзе: 2004 год — 151 жыхар і 84 гаспадаркі[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Натальля Багамольнікава, Ірына Гапоненка. Рэчыцкі раён (Караваціцкі сельсавет) // Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь : Гомельская вобласьць / рэд. Валянціна Лемцюгова. — Менск: Тэхналёгія, 2006. — С. 289-290. — 382 с. — 1320 ас. — ISBN 985-458-131-4
- ^ Рэчыцкі РВПС (АПС Каравацічы) // УП «Белпошта», 2020 г. Праверана 6 сакавіка 2020 г.
- ^ а б в г Станіслаў Марцалеў, Уладзімер Бянько. Рэчыцкі раён (Першамайск) // Гарады і вёскі Беларусі / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2005. — Т. 2, кніга 2. Гомельская вобласьць. — С. 355-356. — 520 с. — 4000 ас. — ISBN 985-11-0330-6
- ^ а б Ня стала вёскі за адзін дзень // Зьвязда : газэта. — 14 лістапада 2013. — № 214 (27579). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |