Канфэдэрацыя беларускіх суполак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «КБС»)

Канфэдэрацыя беларускіх суполак (КБС; Канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак) — незалежнае грамадзка-палітычнае згуртаваньне моладзі Беларусі ў 1989—1990 гг.

Уваходзілі моладзевыя клюбы, таварыствы, суполкі, якія ставілі мэтай нацыянальна-культурнае, дэмакратычнае адраджэньне і сувэрэнітэт Беларусі. Як канфэдэратыўнае згуртаваньне абвешчанае 14-15 студзеня 1989 на Другім Вальным Сойме Беларускіх Суполак у Вільні.

Створаная нелегальная група «Незалежнасьць» пасьля спыненьня ў 1984 дзейнасьці Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні пастанавіла надалей разьвіваць рух у легальных культурніцкіх формах, маючы на мэце яго палітызацыю. У лютым 1985 група правяла (ва ўрочышчы Смольня Стаўбцоўскага раёну) нараду моладзі зь Менску, Гомел., Берасьця і Наваполацку, дзе вырашылі спрыяць стварэньню моладзевых арганізацыяў грамадзка-культурнага кірунку з пэрспэктывай перарастаньня іх у агульнанацыянальны рух.

У наступныя гады пачалі дзейнасьць моладзевыя аб’яднаньні «Талака», «Тутэйшыя», «Сьвітанак», «Агмень», «Нашчадкі», рок-клюб «Няміга» (Менск), «Талака» (Гомель), «Паходня» (Горадня), «Крыніцы», «Сакавік» і рок-клюб (Наваполацак), «Узгор’е» (Віцебск), «Край» (Берасьце), «Повязь» (Ворша), «Рунь» (Ліда), «Сябрына» (Вільня), «Маладзік» (Полацак) і інш. Галоўныя іх кірункі ў 1985—1989 — асьветная дзейнасьць, адраджэньне народных сьвятаў, археалягічна-рэстаўрацыйная праца і ахова помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганьне за стварэньне беларускіх клясаў і школаў, за абвешчаньне беларускай мовы дзяржаўнай, правядзеньне рок-фэстаў.

У ліку іх найбуйнейшых акцыяў былі масавыя палітызаваныя сьвяткаваньні Купальля; беларуска-латыскае экалягічна-патрыятычнае воднае ралі пратэсту супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС «Дзьвіна — Daugava-87» (29 красавіка — 3 траўня 1987); экалягічная экспэдыцыя «Прыпяць-88» (травень 1988); ушанаваньне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1 лістапада 1987); мітынгі ў Менску ў абарону гістарычнай забудовы Верхняга гораду (20 сакавіка 1988); у Курапатах (19 чэрвеня 1988), каля Ўсходніх могілак у Менску (30 кастрычніка 1988); публічнае ўзьняцьцё пытаньня пра вяртаньне гістарычнай сымболікі (жнівень 1988); удзел у стварэньні «Камітэту-58», таварыства «Мартыралёг Беларусі», Аргкамітэту БНФ «Адраджэньне».

Дзеля захаваньня легальнага статусу суполкі часова кантактавалі з ЛКСМБ. У 1987 пры ўдзеле ЦК ЛКСБМ прайшлі 2 каардынацыйныя нарады беларускіх суполак у Менску і Полацку. У выніку радыкалізацыі моладзевы нацыянальна-культурны рух на працягу 1988 цалкам пазбавіўся апекі камсамолу. Першы Вальны сойм Беларускіх суполак 26—27 сьнежня 1987 году ў в. Палачанка Валожынскага раёну вызначыў курс на нацыянальна-культурнае і дэмакратычнае адраджэньне Беларусі, выказаўся за дзяржаўнасьць беларускае мовы. У працэсе падрыхтоўкі да Другога Вальнага сойму Беларускіх суполак 20—21 жніўня 1988 году ў Менску адбылася нарада. Умовы правядзеньня Сойму, прапанаваныя Менскім гарвыканкамам, вымусілі правесьці Сойм у Вільні. Другі Вальны сойм прыняў назоў КБС і ўтварыў Каардынацыйную раду. Канфэдэрацыя зьвярнулася да Аргкамітэту БНФ з просьбай лічыць яе аддзелам БНФ і ўлічыць плятформу КБС, распрацоўваючы праграму БНФ.

У 1989—1990 КБС правяла шэраг агульнабеларускіх культурных, грамадзкіх і палітычных акцыяў: Каляды, Купальлі, Дзяды (у Менску, Магілёве і інш.). Суполкі КБС працавалі на раскопах і музэйных талоках, у верасьні 1989 году адзначылі пад Воршай 475-я ўгодкі аршанскай бітвы 1514 году, удзельнічалі ў Рэспубліканскім студэнцкім форуме 21—23 лістапада 1989 году, у асноўных акцыях БНФ, правялі экалягічныя рэйды «Беларусь — Дзявочая Гара — Ракаў» (травень 1989) і «Беларусь — бязьядзерная зона» (на ракетных базах Лідчыны, красавік — травень 1990), наладзілі Купальле ў Вязынцы з удзелам беларускае моладзі з розных краінаў сьвету (24—25 чэрвеня 1990 году). З 1989 КБС выдавала ўласную пэрыёдыку (бюлетэні): «Супольнасьць», «Весткі Адраджэньня», «Студэнцкая думка» (як выданьне КБС выйшлі №№ 5, 6 за 1989).

У 1990 КБС як каардынацыйны орган інтэгравалася ў БНФ «Адраджэньне». Частка суполак спыніла актыўнасьць («Сьвітанак», «Тутэйшыя», «Маладзік»), іншыя абнавілі склад і працягвалі дзейнасьць («Паходня», менская і гомельская «Талака», «Выбранецкія шыхты» і інш.). Актывісты КБС утварылі ў 1990 годзе Задзіночаньне беларускіх студэнтаў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гражданские движения в Белоруссии: Документы и материалы, 1986—1991. Масква, 1991
  • Лаврик Ю. Самиздат в Белоруссии // Советская библиография. 1991, № 5;
  • Рощин М. Ю. Неформальное движение среди белорусской молодежи / Молодёжный ренессанс (Проблемы социализации молодёжи). — Масква, 1990.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2 С. 92—93;
  • Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Выпуск 3-4 (5-6). Вясна, 1998. С. 28, 44.
  • Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Даведнік, slounik.org