Зімовішчы
| Зімовішчы лац. Zimoviščy | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гомельская |
| Раён | Мазырскі |
| Сельсавет | Слабодзкі |
| Дата заснаваньня | перад 1512 годам |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 52°01′29″ пн. ш. 29°01′55″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | В.З.−211,М.З.−202[1] чал. (2025?) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 2351 |
| Паштовы індэкс | 247786 |
| СААТА | 3235840006 |
| Нумарны знак | 3 |
| Зімовішчы на мапе Беларусі ± Зімовішчы | |
Зімо́вішчы[a] — вёскі Вялікія і Малыя Зімовішчы[3][4] ў Слабодзкім сельсавеце Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая
[рэдагаваць | рэдагаваць код]




У апісаньні воласьці Мазырскага замку 1552 году сказана, што Багуціцкай нядзелі[b] сяла Зімовішчы (Згіноўшчыны[c]) 10 чалавек паноў Андрэя Вайналовіча і Балакіра, 40 гадоў таму аддадзеныя іхнаму цесьцю пану Ламону (Ловану, Ліманту?), а ўжо 15 гадоў, як стацыяў[d] і падводаў[e] не давалі і на замку не працавалі[5].
Згаданыя Зімовішчы і 10 кастрычніка 1559 году ў прывілеі караля Жыгімонта Аўгуста баярыну Яну Андрэевічу Клопату. Перад тым, як сказана ў дакумэнце, каралеўскія падданыя Скрыгалаўцы зямлю ў гэтым урочышчы аддалі прыхожым людзям за грашовыя выплаты, з-за чаго да скарбу ніякага прыбытку не было. Таму манарх зацьвердзіў перадачу зямлі Мікалаем Радзівілам, старостам мазырскім, баярыну Я. Клопату пры ўмове нясеньня вайсковай службы «до воли и ласки нашое г(о)с(по)даръское»[6].
У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года[f], запісана, што баярын Клопат трымаў у Зімовішчах землі зь людзьмі[7].
У 1567 годзе пан Сьцяпан Рыгоравіч Лавейка з маёнткаў сваіх, сярод якіх і Зімовішчы, ставіў у войска Вялікага Княства Літоўскага 3 узброеных вершнікаў і 2 драбаў з ручніцамі[8].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі, згодна з указам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году, Кіеўскае ваяводзтва стала часткаю Кароны Польскай[9]. Зімовішчы ў складзе Мазырскага павету, пад уплывам віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ і мазырскага старосты Мікалая Радзівіла Рудога ды падтрымаўшай яго павятовай шляхты, былі выведзеныя з Кіеўскага і далучаныя да Менскага ваяводзтва.
Пазьней згадкі пра паселішча сустрэтыя ў рэестрах двайнога і трайнога падымнага Мазырскага павету 1670 году. У першым выпадку пан Лімант[g], пісар гродзкі мазырскі, з 12 дымоў у Зімовішчах выплачваў 12 злотых, а пан Булгак з 36 дымоў таго сяла — 36 зл. У другім Лімант плаціў ужо з 14 дымоў, бо гэтым разам падымнае выбіралася яшчэ і з Шчакатавы. Булгак чамусьці плаціў толькі з 34 дымоў, хоць і ў ягоным выпадку, акрамя Зімовішчаў, названая Шчакатава[h][11]. Сума трайнога ня ўказаная, аднак, вядома, што адзіны пабор складаў 15 грошаў з дыму.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Зімовішчы апынуліся ў межах Расейскай імпэрыі, ад 3 траўня 1795 году ў адноўленым Мазырскім павеце Менскага намесьніцтва, з 12 сьнежня 1796 губэрні.
У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 288 жыхароў вёскі Зімовішча зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Міхайлаўскай царквы ў сяле Слабада Скрыгалаўская, а 18 асобаў з фальварку Зімовішча Вялікае і 9 з фальварку Зімовішча Малое былі вернымі парафіі Мазырскага касьцёлу Сьвятога Міхала Арханёла[12].
Ад парэформавага часу Зімовішчы адміністрацыйна належалі да Слабады Скрыгалаўскай воласьці.
На 1909 год у вёсцы Вялікія Зімовішчы налічвалася 42 двары з 338 жыхарамі, у аднайменным маёнтку — 1 двор і 10 жыхароў, у вёсцы Малыя Зімовішчы было 46 двароў з 435 жыхарамі, а ў аднадворным маёнтку — 11 жыхароў[13]. У 1911 (1913) годзе маёнткам Вялікая Зімоўка з 1078 дзесяцінамі валодаў Філіп Гусеў, а маёнткам Малая Зімоўка з 431 дзесяцінай — Ян Крукоўскі[14].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Зімовішчы ў складзе Слабады Скрыгалаўскай воласьці, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзеяла «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[15].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ У ВГАБ паселішча зьмешчанае на Генэральнай мапе «Беларускія землі ў XVI ст.», але ў паказальніку сьцьвярджаецца, што сёньня яно не існуе[2]. Таму мае сэнс падаць матэрыял пад агульнай гістарычнай назвай.
- ↑ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці (Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 185, 189 – 190).
- ↑ Скажэньні назваў і імёнаў у выданьні гэтай крыніцы вельмі частыя.
- ↑ Стацыі — даўняя павіннасьць у выглядзе натуральнага пабору на ўтрыманьне вялікага князя, як бы той наведаў, альбо і не наведаў воласьць.
- ↑ Падводы або бярэма павазовае — павіннасьць па перавозцы гаспадарчых грузаў да прыстаняў і інш.
- ↑ Тэкст вядомы з актавай кнігі 1777 г., таму — польскамоўны.
- ↑ Юзаф? У А. Банецкага названы скарбнік мазырскі Юзаф Лімант[10].
- ↑ Магчыма, 2 дымы Шчакатавы ўжо належалі Ліманту, але традыцыйна запісаныя яшчэ за Булгакам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Сельвыканкамы Мазырскага РВК
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 3-х тамах: Т. 1. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 148, 211
- ↑ Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мн.: Навука і тэхніка, 1986. — 240 с. С. 46, 107
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ↑ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 645
- ↑ Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 37 (1552 – 1561). – Vilnius, 2011. № 299
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 487
- ↑ Русская историческая библиотека. — Т. XXXІІІ: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. — Петроград, 1915. Стб. 1235
- ↑ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).
- ↑ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki. – Warszawa, 1911. T. XIV. S. 262
- ↑ Lietuvos valstybės istorijos archyvas. F. 11. Ap. 1. B. 748. L. 2295atv., 2296atv.
- ↑ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 422, 484
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 75
- ↑ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 83 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.