Зьмяіны (востраў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Зьмяіны
Скалы на востраве
Скалы на востраве
Плошча 0,17 км²
Найвышэйшы пункт 41 м
Краіна Украіна
Вобласьць Адэская вобласьць
Насельніцтва (2012) 30
Каардынаты 45°15′18″ пн. ш. 30°12′15″ у. д. / 45.255° пн. ш. 30.20417° у. д. / 45.255; 30.20417Каардынаты: 45°15′18″ пн. ш. 30°12′15″ у. д. / 45.255° пн. ш. 30.20417° у. д. / 45.255; 30.20417
Зьмяіны на мапе Ўкраіны
Зьмяіны
Зьмяіны
Зьмяіны

Востраў Зьмяіны (па-ўкраінску: Острів Зміїний, па-румынску: Insula Șerpilor, па-старажытнагрэцку: Λευκός, па-грэцку: Φίδονισι, па-турэцку: Yilan Adası)  — востраў у Чорным моры, належыць Украіне і вызначае яе тэрытарыяльныя воды.

Жылыя комплексы на востраве ўтвараюць пасёлак Белае Кілійскага раёну Адэскай вобласьці[1].

Разьмежаваньне выключных (марскіх) эканамічных зон і кантынэнтальнага шэльфу Ўкраіны й Румыніі вакол выспы вызначанае рашэньнем Міжнароднага Суда ў Гаазе 3 лютага 2009 году.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разьмячшэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Востраў Зьмяіны разьмешчаны ў паўночна-заходняй частцы Чорнага мора, прыблізна за 37.5 кілямэтры ад ўзьбярэжжа на ўсход ад дэльты Дуная.

Мае крыжападобную форму, у даўжыню па крайніх пунктах 615 і шырынёй 560 мэтраў, плошча — 20,5 га.

Бліжэйшыя населеныя пункты Ўкраіны — порт Усьць-Дунайскі і горад Вілкава.

Бліжэйшы населены пункт Румыніі — горад Суліна.

Рэльеф і геалягічная будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скалістыя берагі

Востраў мае мацерыковае паходжаньне. Сфарміраваўся ў выніку апусканьня шэльфу чарнаморскай западзіны праз тэктанічныя працэсы і падвышэньня ўзроўню сусьветнага акіяна. Складзены крышталічнымі пародамі. Берагі абрывістыя. На востраве 4 пляжы. Найбольшая вышыня — 41,3 м.

У цэнтры выспы плоскае плято, у паўночна-заходніх і паўднёва-ўсходніх канцах бераг ўяўляе сабой маленькія паўвыспы, на паўночным ўсходзе вылучаецца большая паўвыспа. Гэта адзінае тэктанічнае ўзьняцьце на вялікім (64 000 км2) паўночна-заходнім шэльфе Чорнага мора.

Зьмяіны вылучаецца ўнікальным геаграфічным становішчам. Ён складзены з асадкавых парод, якія чаргуюцца з кварцытавымі пяшчанікамі, кварцавымі канглямэратамі, стракатымі каляровымі адкладамі. На востраве маюцца расколіны й гроты, якія йдуць ад мора ў глыб мацерыковай скалы, але гэта натуральныя разломы, абумоўленыя заляганьнем парод.

Глыбіня мора каля берага, як правіла, нізкая: на поўначы — гэта 5-6 м, 13-23 м на поўдні, на ўсходзе 9-19 м і 10-16 м на захадзе.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат Зьмяінага ўмераны, стэпавы — з частымі ветрамі, зьменамі надвор’я і высокай вільготнасьцю паветра. Сярэдняя тэмпэратура зімы вагаецца ад 0 да 2°С, улетку — ад 19 да 24°С. Абсалютны максымум тэмпэратуры +40°С, абсалютны мінімум -30°С. Сярэднегадавая сума ападкаў каля 300 мм. Панавальнымі напрамкамі ветру і хваляў зьяўляецца заходні і паўночна-заходні.

Флёра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На параўнальна тонкім пласьце глебы выспы распаўсюджаныя стэпавыя травы. Там адсутнічае натуральная драўняная расьліннасьць, хоць вядуцца спробы вырасьціць дрэвы, але гэтаму перашкаджаюць моцныя вятры.

Фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Востраў Зьмяіны выкарыстоўваецца пералётнымі птушкамі для адпачынку пры сэзонных міграцыях. У вясновы пэрыяд на востраве назіраецца да 200 відаў мігруючых птушак, 28 зь якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу. Увосень — 156 відаў, 37 зь іх чырвонакніжныя. У асобныя гады на востраве адпачывае да 45 % відаў арнітафаўны краінаў СНД.

Таксама на востраў з вусьця Дуная марской плыньню час ад часу заносіць вадзяных вужоў, ад якіх востраў і атрымаў сваю сучасную назву.

У прылеглых да выспы водах зарэгістравана 58 відаў рыб (зь якіх 12 відаў «чырвонакніжныя»), 3 віды дэльфінаў і 6 відаў крабаў, зь якіх 4 таксама занесеныя ў Чырвоную кнігу Ўкраіны. А таксама па меншай меры, 13 відаў рэдкіх расьлінаў.

Цяпер, акрамя сабак і катоў, на Зьмяіным зарэгістравана 4 віды млекакормячых. Гэта пацукі, два віды кажаноў, мыш хатняя.

Экалягічны стан[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Востраў Зьмяіны зьяўляецца найаддаленейшым і, імаверна, найчысьцейшым кутком украінскай зямлі. Указам прэзыдэнта Ўкраіны ад 9 сьнежня 1998 г. № 1341/98 «Аб тэрыторыях і аб’ектах прыродна-запаведнага фонду агульнадзяржаўнага значэньня» створаны агульназаалягічны заказьнік агульнадзяржаўнага значэньня «Востраў Зьмяіны», у склад якога ўключана экалягічна каштоўная частка выспы з прылеглай 500-мэтровай акваторыяй Чорнага мора агульнай плошчай 232 га.

Загадам Міністэрства прыроды Ўкраіны ад 27 студзеня 2005 г. № 54 зацьверджана Палажэньне аб агульназаалягічным заказьніку агульнадзяржаўнага значэньня «Востраў Змяіны».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Востраў Зьмяіны ў 1896 годзе

Паводле старажытнагрэцкай легенды, востраў падняла з мора багіня Тэтыда для свайго сына Ахіла. Першыя згадкі пра востраў зьявілася ў пісьмовых крыніцах канца VII стагодзьдзя да н. э., там ён называўся Леўке (Белы).

Зьмяіны меў вельмі важнае значэньне ў гады вялікай грэцкай калянізацыі Паўночнага Прычарнамор’я 8-6 стагодзьдзяў да н. э. Сюды прычальвалі іх караблі; мараплаўцы, гандляры, ваенныя маракі наведваліся ў храм Ахіла-Пантарха, які лічыўся ўладаром і заступнікам Чорнага мора, пакланяліся Ахілесу й прыносілі ахвяры. Востраў быў адным са шматлікіх сакральных элемэнтаў культуры старажытных грэкаў.

Руіны храма (квадратнае збудаваньне з бокам прыкладна 30 мэтраў) былі выяўленыя і апісаныя ў 1823 годзе, а ў 1837-1843 гг. значная колькасьць будаўнічых матэрыялаў з гэтых руін выкарыстоўвалі для будаўніцтва на востраве маяка.

Востраў згадваецца ў запісах Авідыя, Страбона і Герадота.

З I ст. да н. э. да 456 году востраў быў у складзе Рымскай імпэрыі, з 456 г. — Бізантыйскай імпэрыі.

З 15 стагодзьдзя востраў належаў Асманскай імпэрыі.

Пасьля заканчэньня расейска-турэцкай вайны 1787—1791 гадоў, згодна зь Яскім пагадненьнем, востраў Зьмяіны адышоў да Расейскай імпэрыі.

У ваколіцах Зьмяінага працавала расейская гідраграфічная экспэдыцыя лейтэнанта Будзішчава. У 1823 годзе картограф капітан-лейтэнант Н. Крыцкі склаў першую карту выспы.

Пасьля паразы Расеі ў Крымскай вайне 1853—1856 гг. востраў адышоў да Румыніі. На ім разьмясьцілі дысцыплінарны батальён румынскай арміі, дысьлякаваны там на працягу 90 гадоў. У прыватнасьці, у 1938 годзе на востраве пасадзілі кіраўнікоў забароненай румынскім урадам «Жалезнай Гвардыі»[2].

Падчас Другой сусьветнай вайны ў красавіку 1944 году на востраў высадзіўся савецкі дэсант, і гарнізон капітуляваў бяз бою.

Згодна з дыпляматычным пратаколам, падпісаным Мікалаем Шутовым (ад СССР) і Эдуардам Мезынчэску (ад Румыніі), востраў Зьмяіны з 12 гадзін 23 траўня 1948 году перайшоў у склад СССР.

З 1956 году на востраве была дысьлякаваная савецкая радыёлякацыйная рота СПА, а таксама памежная застава скарочанага складу.

Дзяржаўную мяжу паміж СССР і Румыніяй афіцыйна вызначылі ў лютым 1961 году, а падзел выключных эканамічных зон і кантынэнтальнага шэльфу так і застаўся нявызначаным да моманту падзеньня СССР. Пры гэтым СССР адзначаў, што даўжыня берагавой паласы савецкага ўзьбярэжжа ў гэтым раёне ў пяць разоў перавышае даўжыню румынскага берага, і адпаведна прэтэндаваў на спрэчную акваторыю, а румынскі бок прапаноўваў правесьці лінію разьмежаваньня па геаграфічнай паралелі і далей — па сярэдняй лініі, праведзенай паміж Крымам і ўзьбярэжжам Румыніі.

2 чэрвеня 1997 году Ўкраіна і Румынія падпісалі базавую дамову, пацьведзіўшы непарушнасьць былых межаў па стане на 1961 год. Такім чынам фактычна прызнаныя правы Ўкраіны на востраў Зьмяіны.

Паходжаньне назвы й іншыя назвы выспы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытныя грэкі называлі яго «Востраў Ахіла», праз тое, што там быў разьмешчаны храм Ахіла і пахаваны сам Ахіл. Іншае старажытнагрэцкае назва выспы — Λευκός (Leuce Island; грэч. «Белы Востраў»). «Белым» называлі востраў таксама рымляне — лац. Alba.

Іншыя назвы (у прыватнасьці, сучасная ўкраінская назва «Зьмяіны») зьвязаны з тым, што на востраве вадзілася шмат зьмей (вужоў), якія прыплывалі сюды з вусьця Дуная (на драўняных галінах) і жылі тут у вялікай колькасьці яшчэ ў XIX стагодзьдзі (рум. Insula Şerpilor, тур. Yılan Adası).

У часы Асманскай імпэрыі востраў называлі па-навагрэцку «Фіданісі» (грэч.: Φίδονισι) (таксама «зьмяіны»). Ён даў назву марской бітве пры Фідонісы, якая ішла ля берагоў выспы ў канцы 18 стагодзьдзя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зміїний (острів)
  2. ^ Справа 28.04.1938 // электронны часопіс Збруч.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Зьмяіны (востраў)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў