Знахар (фільм, 1982)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Знахар
Znachor
Жанр драматычны фільм[d][1]
Рэжысэр Ежы Гофман
Сцэнарыст Яцэк Фуксевіч, Ежы Гофман
У ролях Ежы Біньчыцкі, Ганна Дымна
Кампазытар Пётра Марчэўскі
Апэратар Ежы Госьцік
Вытворчасьць Задыяк
Дата выхаду 1982
Працягласьць 128 хвілінаў
Краіна Польшча
Мова польская
Старонка на IMDb

Зна́хар (па-польску: Znachor) — фільм польскага рэжысэра Ежы Гофмана, экранізацыя аднайменнага раману 1937 году беларуска-польскага пісьменьніка Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча.

Здымкі фільму праходзілі ў Польшчы каля Белай.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Фільм складаецца зь дзьвюх частак з асобнымі назвамі: «Антоні Касіба» і «Марыя Яланта Вільчур». Падзеі адбываюцца ў міжваеннай Польшчы.

Першая частка пачынаецца са сцэны апэрацыі, праведзенай прафэсарам Рафалем Вільчурам, найслыньнейшым кардыяхірургам свайго часу, і яго памочнікам — дацэнтам Дабранецкім. Пасьля апэрацыі прафэсар пасьпешліва пакідае клініку, каб адсьвяткаваць з жонкаю восьмую гадавіну вясельля. Аднак па прыбыцьці ў свой маёнтак ён не знаходзіць жонку, а толькі разьвітальны ліст ад яе. У лісьце яна прызнаецца, што не магла больш трываць яго славы, не адчувае сябе годнай яго і зьяжджае разам зь іх каханай дачкой Марысяй. Просіць мужа не спрабаваць яе шукаць. Засмучоны прафэсар пакідае свой маёнтак і ідзе на шпацыр без мэты, падчас якога сустракае Сэмюэля Абядзіньскага, жабрака і п’яніцу, які просіць аб падтрымцы «польскай сьпіртовай манаполіі». Прафэсар дае яму трохі грошай, за гэта ўдзячны п’яніца прапануе яму разам выпіць. У шынку іншыя наведвальнікі заўважаюць у прафэсара вялікія грошы. Яны выводзяць ап’янелага прафэсара ў поле, моцна зьбіваюць і адбіраюць ўсё, што ён меў. У выніку зьбіцьця прафэсар Вільчур губляе памяць.

Прафэсар Вільчур становіцца валацугам. З-за таго, што няма ніякіх дакумэнтаў, а ён ня ведае, хто ён, прафэсар аказваецца бяспраўным. Некалькі разоў яго арыштоўваюць і асуджаюць за бадзяжніцтва. Падчас аднаго з затрыманьняў ён скрадае ў кабінэце дакумэнты на імя Антонія Францішка Касібы. Выкарыстаньне гэтага імя з таго часу дазволіла мець надзеі на працу. Блукаючы ў пошуках працы, ён апынуўся ў праваслаўнага млынара Пракопа, працуе ў яго рознарабочым на млыне. Ён даведваецца пра сына Пракопа, Васілька, які з-за падзеньня зь лесьвіцы, а пазьней з-за няправільна зрослых костак пасьля пералому нагі ня можа хадзіць. Ад парабка на млыне ён даведваецца, што, імаверна, над дзецьмі Пракопа вісіць праклён за тое, што ён «пусьціў роднага брата па сьвеце». Касіба абавязваецца зрабіць Васільку апэрацыю, ізноў ламае косткі і правільна ўсталёўвае іх. Адмовіўшыся ад буйной сумы ў золаце, прапанаванай бацькам за лячэньне сына, ен становіцца чальцом сям’і Пракопа. Весткі пра добрага і спагадлівага вясковага лекара разыходзяцца па ўсёй акрузе. Патрэбныя прылады, інструмэнты і медычныя павязкі Касіба купляе ў мясцовай краме, дзе працуе дзяўчына Марыся. Самотны Касіба адчувае глыбокую сымпатыю да цудоўнай дзяўчыны, якая апынулася сіратой. Марыся здаецца ему знаёмай, але з-за страты памяці Касіба ніяк ня можа яе пазнаць.

Аднойчы да Касібы прыходзіць той самы доктар Паўліцкі, які зрабіў сына млынара калекам. Ён незадаволены тым, што Антоні займаецца лекаваньнем, працуючы на млыне. Ён патрабуе ад знахара спыніць сваю дзейнасьць, пагражаючы засадзіць яго за краты, але Касіба адмаўляецца, бо, па яго словах, «людзі і ў турмах жывуць». Раззлаваны доктар сыходзіць і на дварэ сутыкаецца з Васілём, цалкам здаровым і рухомым. Хлопец распавядае Паўліцкаму, што Касіба вылечыў яго і паставіў на ногі. Гэта зьдзіўляе доктара, але ён не падае выгляду і зьяжджае адтуль.

У Марысю закахаўся граф Лешэк Чыньскі, дзяўчына адказвае яму ўзаемнасьцю. Гэта выклікае незадаволенасьць ў Зэнека, працаўніка карчмы, які даўно прыглядаўся да Марысі. Добра выпіўшы, ён падстройвае аварыю, у якой разьбіваюцца закаханыя, якія ехалі на матацыкле, і больш за ўсё маладая дзяўчына. Працьверазеўшы пры выглядзе гэтага жудаснага відовішча, няўдачлівы залётнік прывозіць пацярпелых да Антонія. Касіба, каб правесьці складаную апэрацыю і выратаваць жыцьцё Марысі, вымушаны пайсьці на злачынства і ўчыняе крадзеж інструмэнтаў у Паўліцкага, які, у сваю чаргу, лічыць, што Марыся невылечная і хутка памрэ. Бацькі Лешэка (які атрымаў толькі пералом рукі, страсеньне мозгу і некалькі драпінаў) звозяць сына за мяжу, а яго маці, будучы ўпэўненай, што гэта было ўсяго толькі мімалётнае захапленьне, паведамляе сыну, што Марыся загінула падчас аварыі. Між тым Марыся папраўляецца і застаецца жыць у сям’і Пракопа.

Доктар Паўліцкі заўважае прапажу інструмэнтаў і ініцыюе крымінальнае расьсьледаваньне, у выніку якога Антонія прысуджаюць да трох гадоў пазбаўленьня волі. Марыся працягвае жыць у доме млынара, але пастаянныя папрокі з боку нявесткі Пракопа вымушаюць яе прыняць рашэньне зьехаць у пошуках лепшай долі. У гэты час пасьля лячэньня з-за мяжы вяртаецца Лешэк. Зьнемагаючы з-за віны ў гібелі Марысі, ён вырашае застрэліцца з рэвальверу на яе магіле, але ў апошні момант ад служкі пазнае, што на самой справе Марыся жывая і што выратаваў яе той самы вясковы лекар Антоні Касіба. Закаханы імчыць на конях да млыну. Бацькі Лешэка, уражаныя яго разьвітальным лістом, нарэшце прымаюць выбар сына.

Удзячная Касібе маладая пара наймае яму адваката, які з Варшавы выклікае экспэрта, аўтарытэтнага хірурга Дабранецкага. Яго адольваюць сумненьні адносна асобы знахара. Між тым, даючы незалежную ацэнку праведзеным апэрацыям, ён заяўляе, што яны былі зробленыя на вельмі высокім прафэсійным узроўні. Нарэшце, слова даюць сьведцы Марыі Яланце Вільчур, вядомай пад імем Марыся. Пачуўшы прозьвішча дзяўчыны, Антоні раптам успамінае сваё мінулае і разумее, што перад ім яго родная дачка. Яго рэакцыя разьвейвае сумненьні сталічнага хірурга, які аб’яўляе суду, што перад імі сам Рафал Вільчур. Рафала апраўдваюць. У апошнім кадры паказана, як Рафал і Марыся прыносяць кветкі на магілу жонкі.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Знахар на сайце Internet Movie Database  (анг.)