Загальле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Загальле (Хвойніцкі раён)»)
Загальле
лац. Zahalle
Першыя згадкі: 1552
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Судкоўскі
Насельніцтва: 43 чал. (2004)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°54′29″ пн. ш. 29°48′27″ у. д. / 51.90806° пн. ш. 29.8075° у. д. / 51.90806; 29.8075Каардынаты: 51°54′29″ пн. ш. 29°48′27″ у. д. / 51.90806° пн. ш. 29.8075° у. д. / 51.90806; 29.8075
Загальле на мапе Беларусі ±
Загальле
Загальле
Загальле
Загальле
Загальле
Загальле

Зага́льле[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Віці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 43 чалавекі. Знаходзіцца за 10 км на захад ад места чыгуначнай станцыі Хвойнікі (лінія Васілевічы — Хвойнікі); на аўтамабільнай дарозе Хвойнікі — Мазыр.

Загальле — старажытнае сяло, пазьней мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню згадваецца пад 1552 годам як «неделя[a] Загалиская» і «село Загалье» у апісаньні Мазырскага замку. У крыніцы[2] сказана, што жыхарамі сяла тады былі Міцько Рэвяціч, Даніла, брат яго, Аляксей Амяльянавіч, Ходар Логвінавіч, Занько Бабрусніч, Якаў Амяльянавіч, Ходар Дарашковіч, Малышко Логвінавіч, Сцяпан Маскаль, Восіп Прыхожы, Сянько Дарашковіч, Дзям’ян Глебавіч, Іван Затыніч, Вакула Прыхожы. А на карысьць замку яны павінныя былі даваць

полторы кади, тивунщины великое и малое кадь мёду, за тивунщинами 3 гроши, за приставку за 2 кузни камень мёду, за восемь вощил (г. зн. за воск) 8 грошей, за 4 хлебов 2 гроши, за трое рыб полтора гроша, за курицу пол гроша, сокольничого полтора гроша, бобровничого 17 грошей, выкоту пол 5 гроша, серебра 3 копы грошей, за 2 бобры 100 грошей, за куницу 7 грошей, воловщины пол 7 грошей, намерных 2 гроша, овса ведро; а с острова Обижа дают дани 2 ведер а 34 гроша; всего: 2 кади, 4 ведра, камень 1, 7 коп а пол 7 гроша.
Герб Корчак роду Есманаў[3].

Наказ мазырскага падстаросты Юрыя Зяновевіча, пісаны «в пятницу»[b] (1550-я гады), паведамляў гаспадарскім падданым загальскім, авадовіцкім і алексіцкім воласці Мазырскай, каб архімандрыту Сьвята-Міхайлаўскага Выдубіцкага манастыра ў Кіеве Аляксею даніну мядовую спаўна выдалі, «иж би он на том собе не шкодовал, а церков Божия аби для того не оскудела»[4]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, шырыня грунту сяла Загальля і Клевоў вызначана наступным чынам: ад рэчкі Рабец да селішча Настольля ўздоўж на паўтрэці мілі, а ўпоперак да Каменкі да Прозічы на мілю. Засьведчана, што ловаў зьвярыных, акрамя асобных пераходаў, няма. І што падданыя тых сёл супольна з баярынам Стафанам маюць астравы Ляды, Сычоў і Вастровіч з бортнымі дрэвамі, зь якіх даніну плацяць[5]. Жніўнем 1563 году датаваны рэестр раздачы каралём Жыгімонтам Аўгустам маёнткаў шляхце, якая пазбавілася сваіх уладаньняў у Полацкім ваяводзтве, акупаваным войскамі цара Івана Грознага. У ім сказана: «Павлу а Давыду Есманомъ у волости Мозырскои – село Загале, Клевцы»[6].

Герб уласны роду Лозкаў[7].

Да Люблінскай уніі 1569 году Загальле было ў складзе Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва, пасьля — у Мазырскім павеце Менскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Магчыма, пасьля сьмерці ў 1565 годзе пана Паўла Есмана, прывілеем ад 25 лютага 1585 года караля Стэфана Баторыя яго брату пану Давыду Есману ў пажыцьцёвае трыманьне перададзена не адно сяло Клевы, але і згаданае ў тым жа дакумэнце Загальле[8]. 12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хвойніцкіх добраў, паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле забралі валоў у яго падданых з Паселічаў, Карчовага, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава[9]. Маршалак мазырскі пан Лозка трымаў (відавочна, на правах старосты) «sioło i dwór Zahale» і ў 1622 годзе, калі каронныя і вялікакняскія камісары ў чарговы раз спрабавалі разьмежаваць Кіеўскае ваяводзтва Кароны з Мазырскім паветам Вялікага Княства Літоўскага[10].

У копіі мэтрычных кніг XVIII ст. Астраглядаўскага касцёлу трапіў запіс ад 26 ліпеня 1640 году, паводле якога presbiter choynicensis Лука Чачотка (Чачот) ахрысьціў у Загальлі Якуба Панталеона, сына харунжага пяцігорскага Рэмігіяна і Петранэлі з Бахановічаў Маеўскіх; кумамі былі Сымон Міткевіч і Элізабэта Каткоўская, пісар земскі мазырскі Самуэль Аскерка, знакаміты ваяр[11], і панна Марыяна Міткевічаўна[12].

Герб уласны роду Абуховічаў (паводле апісаньня К. Нясецкага).
Герб уласны роду Палубінскіх.

У 1649 годзе дзеля супрацьдзеяння нападам казакоў, каля мястэчка Загальле пэўны час разьмяшчаўся полк Уладыслава Валовіча, пісара літоўскага, які ўваходзіў у склад войскаў польнага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла. Казакі палкоўніка Ільлі Галоты (каля 3000 чалавек, сярод якіх хіба 50-60 вершнікаў), а таксама слаба ўзброеныя ды безь якога-колечы вайсковага досьведу ўкраінскія і беларускія сяляне[c], перад сьвітаньнем 17 чэрвеня паспрабавалі зьнянацку напасьці на загальскі абоз, але няўдала. Былі адбітыя, адступілі ў балоты, дзе акапаліся і чынілі супраціў, пакуль не сьцямнела. Да раніцы астатнія паўстанцы разьбегліся. Сам цяжка паранены І. Галота ўратавацца ня здолеў і быў забіты. Іншых жаўнеры ўпарта перасьледавалі і зьнішчалі альбо бралі ў палон як сьведкаў. На ўсход ад Загальля, у накірунку адступленьня былі насыпаныя сем курганаў[d], у якіх пераможцы пахавалі загінулых[13].

Герб уласны Нячай-Грузевічаў[14].
Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука[e].

Пасьля сьмерці ў 1657 годзе пана Тэадора Міхала Абуховіча, падкаморага мазырскага, вёска Загальле (староства?) перададзена пану Аляксандру Гілярыю Палубінскаму, пісару польнаму ВКЛ[15]. У 1668 годзе старостам загальскім стаў вызвалены з палону казацкі палкоўнік Іван Нячай (Грузевіч), саступіўшы Бабруйскае староства А. Палубінскаму[16]

Расейскі дакумэнт 1676 году засьведчыў, што пасланец казацкага гетмана Барыс Маршэўскі летась да Львова ехаў накіроўваючыся «на Брагинъ, на Загалье, на Хвойники, на Мозырь…»[17].

Загальскае староства ў апошняй чвэрці XVIII ст.

Паводле рэвізіі 1716 году, у складзе Загальскага староства былі мястэчка Загальле, вёскі Гноеў, Небытаў, Старое Загальле, Клевы, Казялужы. Зь мястэчка гаспадары Павал, Яцко і Сьцяпан Таленікі (Tallennik) выплачвалі толькі чынш у 3 злотыя, 22 з паловай грошы, а вяскоўцы Пархом Канашэнка, Гардзей Лутчанка, Хама Цынапей (?: Cynapiey), Луцко Маладушанка і Апанас Швец, акрамя дзякла, давалі чыншу 10 зл., 15 гр., даніны мядовай 12 з паловай бельцаў[18]. У канцы XVII — другой палове XVIII ст. старостамі былі: князь Канстанцін Ян Шуйскі (1690), яго старэйшы сын князь Дамінік Ян (відавочна, з-за недаросласьці брата, 1701), малодшы сын князь Апалоніуш Аляксандр (1710), праўнук князь Адам (пасля 1763)[19].

У мэтрычныя кнігі Астраглядаўскага касьцёлу ўнесены запіс пра тое, як 26 кастрычніка 1728 году ў Загальлі настаяцель тамтэйшай уніяцкай царквы айцец Раман Лаўрыновіч ахрысьціў Дземетрыя Антонія Тадэуша, сына Якаба Панталеона і Марыі Маеўскіх, а кумамі былі падкаморы мазырскі Казімір Вольбэк і Зофія Іпагор-Лянкевічаўна, Адальберт Пясэцкі і Петранэла Пуровічаўна[20]. На 1748 год Загальле названае сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (пераважна зь ліку шляхты) належала да рыма-каталіцкай Юравіцкай парафіі Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[21].

Пра мястэчка Загальле з 12 дварамі ў добрах аднайменнага староства маецца зьвестка ў матэрыяле Генэральнай візытацыі Загальскай Сьвята-Траецкай уніяцкай царквы Мазырскага дэканату, праведзенай а. Эліяшам (Ільлёй) Бародзічам, протанатарыем апостальскім дыяцэзіі Пінскай і Тураўскай, датаванай 9-м днём лютага 1778 году. Паводле мэтрычных запісаў Юравіцкага касьцёлу 1780 і 1785 гадоў, настаяцелем царквы ў Загальлі быў віцэ-дэкан мазырскі Дыянізы Крэткоўскі[22]. У візытацыі царквы, выкананай 10 студзеня 1787 году каад'ютарам пінскім і тураўскім Язафатам Булгакам, сказана, што ў мястэчку было ўжо 14 двароў[23].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мястэчка і двор Загальле на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Загальле апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[24].

На 1795 год Загальскае староства, у склад якога ўваходзілі вёскі Княжыца, Хвойнае, Небытаў, Казялужжа з фальваркам, Судкоў, Шацкоў, Запаташна, мястэчка і двор Загальле, вёскі Гноеў і Клевы, належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але было ў арэндзе ў судзьдзі Вінцэнція Жука[25]. У самым мястэчку Загальле налічвалася 10 двароў з 26 жыхарамі мужчынскага і 19 жаночага полу[26].

Загальская царква была павернутая да расейскага праваслаўя ў 1795 годзе. Але вядомы выпадак, калі ў кастрычніку 1803 года ўніяцкі сьвятар Марцініян Краткоўскі, капэлян у панскім двары[f] Загальле, абмінуўшы настаяцеля, асьвяціў шлюб праваслаўных жыхароў Слабодкі Княжычы 22-гадовага Іосіфа, сына ўдавы Агафіі Осіпіхі, з 12-гадовай дзяўчынай Еўдакіяй, дачкой Усьціна Шырына, прыхаджанаў Траецкай царквы[27]. Існуе дакумэнт пад загалоўкам «Метричная тетрадь_Епархии и губернии Минской повета Речицкого местечка Загалья церкви Вознесенской Борисовщинской о родившихся, бракосочетавшихся и умерших — 1807-го года[g]»[28], які сьведчыць, што ў рэвізіі 1811 году «мястэчка Загальля» царква запісана Узьнясенскай[h] з пропускам прыметніка Барысаўшчынская. Прыходзкім настаяцелем на той час — айцец Лука Іванаў Транцэвіч[29]. У 1824 годзе на месцы старога ўзведзены новы драўляны будынак Сьвята-Траецкай царквы ў Загальлі. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Загальскага казённага маёнтку была ўтворана воласьць[i] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 690 дзяржаўных сялян, 11 аднадворцаў, 1 вольны чалавек, 12 чалавек «разного звания»[30]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 12 жыхароў двара, 3 жыхары слабодкі і 56 жыхароў мястэчка Загальле былі парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, а 41 жыхар сяла і 51 жыхар слабодкі абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Траецкай царквы[31]. На 1858 год у сяле налічваўся 141 жыхар[32].

Загальле, Гноеў, Барысаўшчына, Клівы на мапе Ф. Ф. Шубэрта. 1850 г.

У парэформавы пэрыяд Загальле належала да Хвойніцкай воласьці. У даведніку 1864 году сказана, што да Траецкай прыходзкай царквы ў Загальлі прыпісаныя Храпкаўская Мікалаеўская і Барысаўшчынская Узьнясенская цэрквы[33]. У 1875 годзе, каб асушыць балоты ў казённых Загальска-Настольскім, Зашчэлбскім і Аўцюцевіцкім лецішчах, у прыватных маёнтках Хвойнікі, Астрагляды і Старчыцы, у надзелах сялян вёсак Клівы і Куравое, распачалася пабудова магістральнага каналу "Віць", дзеля чаго былі найперш зьліквідаваныя прыватныя млыновыя плаціны каля Тульгавічаў і Старча. Загальская плаціна (на казённых землях), як паведамляецца ў нарысе І. І. Жылінскага, прыбраная яшчэ задоўга да рэалізацыі пляну[34]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Траецкай царквы ў Загальлі названыя настаяцель а. Мікалай Змаровіч[j], в. а. штатнага псаломшчыка Грыгорый Крычэўскі і звышштатны Захарый Транцэвіч, просфірня Аляксандра Шавароўская[35]. Даведнік 1879 года засьведчыў, што страха будынку прыходзкай царквы зусім лядашчая, і прыпісаная да апошняй ужо толькі адна царква ў Барысаўшчыне[36]. У 1886 годзе ў сяле было 13 двароў, 150 жыхароў.[37].

Паводле перапісу 1897 года ў Загальлі было 35 двароў, 221 жыхар, існавалі хлебазапасная крама, народная вучэльня. У 1898 годзе ўзьведзены новы будынак царквы[32]. На 1909 год тут 30 двароў, 187 жыхароў[38].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямецкая імпэрыя перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Загальле ў складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[39].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Пааводле дакумэнту пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 году ў Загальлі працавала школа першай ступені (пачатковая) з 27 вучнямі, у суседняй Загальскай Слабодцы школа з 25 вучнямі[40].

Загальле на мапе, складзенай у 1924 годзе.

8 сьнежня 1926 года Загальле ў складзе Кліўскога сельсавету Хвойніцкай воласьці, пераўтворанай у раён, вярнулі БССР. На 1929 год палову жыхароў паселішча (28 сямей, 125 чалавек) складалі каталіцкія альбо «польскія» сем’і. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Загальлі меркавалася арганізаваць малочнае таварыства[41]. У 1930 годзе створаны калгас. 23 жніўня 1937 года да Кліўскога сельсавету была далучана тэрыторыя скасаванага Паташынскага нацыянальнага польскага сельсавету, а цэнтр яго перанесены ў вёску Загальле, адпаведна і сельсавет перайменаваны ў Загальскі. З 20 лютага 1938 года — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Загальлі было 39 двароў з 136 жыхарамі. У вайну акупанты разбурылі 29 дамоў[42]. 25 жыхароў загінулі на франтах, яшчэ трое пад акупацыяй[43].

З 8 студзеня 1954 году Загальле адміністрацыйна належыць да Казялускага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года тут налічвалася 175 жыхароў. У складзе саўгасу «Хвойніцкі» з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Казялужжа[32].

1 сьнежня 2009 году ў зьвязку зь ліквідацыяй Казялускага сельсавету Загальле перадалі ў Дварышчанскі сельсавет, перайменаваны ў Судкоўскі[44].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2004 год — 24 двары, 43 жыхары[32].

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян складаецца з кароткай вуліцы (на абодвух баках аўтамабільнай дарогі), да якой з поўдня далучаецца другая кароткая вуліца. Жылыя хаты драўляныя, сядзібнага тыпу.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месца бітвы часоў «хмяльніччыны» паміж казакамі І. Галоты і жаўнерамі У. Валовіча. 17 чэрвеня 1649 г.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці (Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский – Т. 1: Литовский период. – Одесса, 1912. С. 185, 189 – 190).
  2. ^ Дакладны год не ўказаны.
  3. ^ Ротмістар-татарын Ісмаіл (Самуэль) Смольскі ў сваім лісьце да князя Януша Радзівіла ад 20 чэрвеня 1649 г. пра сялян нават і ня ўспомніў, напісаўшы пра 3 тысячы казакоў. Чаму? Напэўна, з пагарды, бо не ўспрымаў гэтую частку паўстанцаў колькі-небудзь сур’ёзна...
  4. ^ Падобна, менавіта пра іх ёсьць зьвестка на 1879 год: «В полуверсте от Загалья, по дороге, ведущей к Хойникам, находится большой курган, недалеко от него были два меньше, которые разрыты при устройстве дороги, причём были найдены одни человеческие кости. От сего места в одной версте существует тоже четыре кургана…» (Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд (далей: Описание). — Минск, 1879. С. 70).
  5. ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
  6. ^ Да рэформы П. Д. Кісялёва 1840-х гг. казённыя маёнткі ў Беларусі і за часоў Расейскай імпэрыі здаваліся ў арэнду абшарнікам.
  7. ^ Аднаіменны дакумэнт ёсьць і для 1816 году: НГАБ. Ф. 136. Воп.1. Спр. 516. А. 489
  8. ^ Разгадка ў тым, што функцыі прыходзкай царквы, будынак якой згарэў і працяглы час не аднаўляўся, выконвала Барысаўшчынская Узьнясенская прыпісная царква. Напраўду прыходзкая царква заўсёды мела тытул Сьвята-Траецкай.
  9. ^ Ня варта блытаць з валасьцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павету — парэформавага часу.
  10. ^ Служыў і нашмат раней, калі, напрыклад, у 1856 г. вянчаў шляхціча-католіка Юзафа, сына Пятра, Бараноўскага з Азярына (сёньня ў межах вёскі Глінішча) з праваслаўнай аднадворкай Марыяй Данілавай Бяляцкай з Загальскай Слабодкі, гл.: НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 437. А. 498адв.-499 etc.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 636
  3. ^ Herbarz Polski. Cz. 1, Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. / Ułożył i wydał Adam Boniecki (надалей: Boniecki). – Warszawa, 1906. T. IX. S. 27 – 29 (28)
  4. ^ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Видубицького монастыря в Києві XVII—XVIII ст. / Головн. упор. Ю. Мицик, упор. І. Синяк, І. Тарасенко, П. Яницька. — Київ: Видавничий відділ УПЦ Київського Патріархату, 2017. С. 318
  5. ^ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 481
  6. ^ Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 44. (1559 – 1566). / Падрыхтаваў А. І. Груша. – Мінск, 2001. № 82
  7. ^ Boniecki. – Warszawa, 1913. T. XVI. S. 49 – 51
  8. ^ Метрыка ВКЛ. Кніга запісаў 70. (1582—1585). / Падрыхт. А. А. Мяцельскі. — Мінск: Беларуская навука, 2008. № 177
  9. ^ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 281
  10. ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97
  11. ^ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 200 — 202
  12. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 150адв. — 151
  13. ^ Мицик Ю. Полковник Ілля Голота і битва під Загалем 1649 р. // На службі Кліо. — Київ, 2000. С. 176—189; Вітальд Бярнацкі. Паўстаньне Хмяльніцкага: Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648—1649 гг. // ARCHE. 1 — 2. 2008. С. 125—130
  14. ^ Boniecki. — Warszawa, 1904. T. VII. S. 378; Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa, 1915. Tom XII. S. 76
  15. ^ Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 81
  16. ^ Мицик Ю. Albaruthenica. Студії з історії Білорусі. – Київ: Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 2009. Т. 1. С. 212; Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. – Warszawa, 1915. Tom XII. S. 76
  17. ^ Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 12 (1675 – 1676). – С.-Петербург, 1882. Стб. 831
  18. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144
  19. ^ Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku / J. Wolff — Warszawa, 1895. S. 527—530
  20. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 151
  21. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  22. ^ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 28адв., 29
  23. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. А. 106адв., 107адв., 108, 172, 173, 173адв.
  24. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  25. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  26. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 492-493адв.
  27. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп.13. Спр. 501. А. 517
  28. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 506. А. 345
  29. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 321
  30. ^ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
  31. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 708
  32. ^ а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 441
  33. ^ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. — Санкт-Петербург, 1864. С. 299
  34. ^ Очерк работ Западной эскпедиции по осушению болот (1873-1898). / Составлен ген.-лейт. И. И. Жилинским. — С.-Петербург, 1899
  35. ^ Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1876. № 10. С. 456
  36. ^ Описание. С. 70 — 72
  37. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  38. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 66
  39. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  40. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  41. ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
  42. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 499
  43. ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна.– Мінск: БЭ, 1993. С. 168, 250
  44. ^ «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района». Гомельской области. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]