Перайсьці да зьместу

Жыткавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Ліцьвін (гутаркі | унёсак) у 14:47, 16 лістапада 2013. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Жыткавічы
Герб Жыткавічаў
Першыя згадкі: 1445[1] або 1457[2]
Горад з: 1970
Былая назва: Жыдкавічы
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жыткавіцкі
Старшыня гарвыканкаму: Аляксандар Наўныка
Насельніцтва: 15 832 (2011)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2353
Паштовы індэкс: 247951 (2,3)
Геаграфічныя каардынаты: 52°14′ пн. ш. 27°52′ у. д. / 52.233° пн. ш. 27.867° у. д. / 52.233; 27.867Каардынаты: 52°14′ пн. ш. 27°52′ у. д. / 52.233° пн. ш. 27.867° у. д. / 52.233; 27.867
Жыткавічы на мапе Беларусі
Жыткавічы
Жыткавічы
Жыткавічы

Жы́ткавічы (гістарычная назва — Жы́дкавічы[3][4][5]) — горад у Гомельскай вобласьці Беларусі, на рэчцы Гніліца (Жыткаўка). Адміністрацыйны цэнтар Жыткавіцкага раёну. Насельніцтва 16,7 тыс. чал. (2008).

Знаходзяцца за 238 км на захад ад Гомелю, за 229 км ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі ГомельЛунінец. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Берасьцем і Калінкавічамі.

Назва

Найменьне былой паўнаводнай і суднаходнай рэчкі Жыткаўка хутчэй за ўсё пайшло ад возера Жыд, а затым і горад атрымаў адпаведную назву.

Гісторыя

У летапісных крыніцах Жыткавічы вядомы з 1445 году. Жыткавічы згадваюцца ў Мэтрыцы Літоўскай у 1500 годзе. У «Выроку (рашэньні) паміж панам Войцэхам Кучуковічам і князем Сямёнам Слуцкім аб маёнтку Жыдкавічы» разьбіраецца скарга Войцэха Кучуковіча, маршалка гаспадарскага. Бацька князя, Міхайла Слуцкі, адняў у бацькі Войцэха Кучуковіча, Яна Кучуковіча, маёнтак Жыдкавічы. Сямён Слуцкі даводзіць, што Ян Кучуковіч ніколі не валодаў маёнткам. У адказе Войцэх Кучуковіч прад'яўляе сьведчаньні 22 баяр, якія пад прысягай пацьвердзілі, што Ян Кучуковіч сапраўды валодаў маёнткам і сяляне плацілі яму даніну. Рашэньне было адназначным: прысудзіць маёнтак Жыдкавічы ў вечнае карыстаньне Войцэху Кучуковічу і яго дзецям, князю Слуцкаму забаранялася ступаць на тэрыторыю маёнтка… «Кароль падпісаў і пячатку прывесіў. Пісана ў Вільні 10 кастрычніка 1498 г.»

Места было ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (відаць, да 1565 году ўваходзілі ў Тураўскае княства, пазьней — у Мазырскі павет Менскага ваяводзтва[6]), а потым Рэчы Паспалітай. Тут разьмяшчаўся маёнтак Ажарынскіх, дзейнічала Сьвятатраецкая царква.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Ужо тады ў Жыткавічах налічвалася 79 двароў, праходзіў гасьцінец МазырДавыд-Гарадок. Паводле імяннога царскага ўказу ад 6 верасьня 1795 году ў краі была заснавана паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыра да Давыд-Гарадка праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёна), Тураў (тое самае) і далей праз Ленін (тое самае). З 1795 па 1924 г. Жыткавічы былі цэнтрам воласьці ў Мазырскім павеце Менскай губэрні. У склад воласьці ўваходзіла 13 паселішчаў. Насельніцтва маёнтку займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, бортніцтвам.

У сярэдзіне XIX ст., асабліва пасьля пракладкі ў 1886 годзе Палескай чыгункі (Лунінец-Калінкавічы), на месцы былых вёсак Бярэжжа і Зарэчча пачаў расьці пасёлак Жыткавічы і стала разьвівацца прамысловасьць. Яна была прадстаўленая прадпрыемствамі па перапрацоўцы драўніны й прадукцыі сельскай гаспадаркі. З гэтага часу мястэчка пачало вылучацца як самае вялікае ў акрузе. Ужо ў пачатку XX стагодзьдзя Жыткавічы па колькасьці насельніцтва абышлі старажытны Тураў.

З 25 кастрычніка 1917 году — пад уладай бальшавікоў, з 13 лютага 1918 году — немцы, з красавіка 1918 году — гетманшчына і немцы, з 4 сьнежня 1918 году — савецкая ўлада, з 27 жніўня 1919 году — пад уладай палякаў, з 15 ліпеня 1920 году — савецкая ўлада.

17 ліпеня 1924 году Жыткавіцкая воласьць была перайменаваная ў Жыткавіцкі раён. Да 1937 году Жыткавічы заставаліся мястэчкам, а з 27 верасьня 1938 году атрымалі статут гарадзкога пасёлка, і на той час у ім пражывала 4,3 тыс. чалавек.

З 18 ліпеня 1941 году па 6 ліпеня 1944 году мястэчка было акупаванае нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут дзейнічала патрыятычнае падпольле. У баях за вызваленьне пасёлка загінулі 139 ваяроў, яны пахаваныя ў братэрскай магіле ў сквэры.

З 1971 году Жыткавічы атрымалі статус гораду, сюды была ўключаная суседняя вёска Дварэц. Дарогі дзеляць горад на 3 часткі. Сучасная забудова каменная, новыя дамы ўзводзяцца ўздоўж бульвару. Шматпавярховыя дамы пабудаваныя ў мікрараёнах «Азёрны» (пяці-, сямі- і дзевяціпавярховыя), «Усходні» (пяціпавярховыя), «Зубронак» (пяціпавярховыя) й «БМУ» (2 пяціпавярховых дома, усе астатнія двухпавярховыя).

Геральдыка

Герб Жыткавічаў уяўляе сабою чырвоны «гішпанскі» шчыт, які перасякае срэбны хвалісты пояс, над ім срэбная эмблема «Сестрынец»: срэбная страла з раздвоеным тронкам, перасечаная крыжом.

Сучасныя Жыткавічы згадваюцца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў якасьці вёскі былога Слуцкага княства. Першымі вядомымі ўладальнікамі гэтай вёскі былі Кучукі або Сестрынцэвічы, якія карысталіся гербам «Siestrzeniec». Ён і быў абраны ў якасьці знака гістарычнага мінулага Жыткавічаў. Хвалісты срэбны пояс сымбалізуе раку Прыпяць, якой прыналежыць выключная роля як у гісторыі, так і ў сёньняшнім жыцьці і саміх Жыткавічаў, і ўсяго Жыткавіцкага раёну.

28 верасьня 2011 году заснаваны сьцяг Жыткавічаў.[7]

Улада

Стыршыні Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэту:

Адміністрацыйны падзел

Мікрараёны

Горад Жыткавічы дзеліцца на 9 мікрараёнаў:

У 2012 годзе старшыня гарвыканкаму Мікалай Какора прапанаваў скасаваць мікрараён Азёрны і ўсе дамы аднесьці да вуліцы Сацыялістычнай. Пры гэтым, стварыць мікрараён Прыазёрны, да якога аднесьці новыя дамы мікрараёна Азёрны. Жыхары прапанову не падтрымалі.

Вуліцы

50 гадоў УЛКЗМ, 8 сакавіка, Беларуская, Берагавога, Будаўнічая, Бэзавая, Бярозавая, Валянціны Церашковай, Веры Харужай, Вінаградная, Вясновая, Гагарына, Горкага, Даватара, Дабравольскага, Дзяржынскага, Дзяржынская, Жукава, Зарэчная, Заслонава, Зорная, Зялёная, Інтэрнацыянальная, Калініна, Каліноўскага, Камсамольская, Камуністычная, Каралёва, Карбышава, Карла Маркса, Кастрычніцкая, Касьмічная, Кацубінскага, Кацубінская, Кветкавая, Кірава, Кляновая, Леніна, ЛКЗМБ, Лугавая, Лясная, Максіма Багдановіча, Малінавая, Матоха, Машэрава, Міра, Мічурына, Моладзевая, Набярэжная, Новая, Падлесная, Палеская, Паркавая, Партызанская, Пасялковая, Паўднёвая, Паўночная, Перамогі, Першамайская, Пралетарская, Працоўная, Рабочая, Радужная, Рэспубліканская, Савецкая, Садовая, Сацыялістычная, Свабоды, Сенечная, Славянская, Сонечная, Стадыённая, Суворава, Сьветлая, Сьвярдлова, Сялянская, Таполевая, Травеньская, Тэхнічная, Усходняя, Францішака Скарыны, Фрунзэ, Цяністая, Чапаева, Чарняхоўскага, Чкалава, Чыгуначная, Чырвонаармейская, Школьная, Энгельса, Юбілейная, Якуба Коласа, Янкі Купалы

Завулкі

8 сакавіка, Азёрны, Бытавы, Волкава, Горкага, Дзяржынскага, Дзяржынскі, Заслонава, Заходні, Кааператыўны, Калініна, Каліноўскага, Камуністычны, Лугавы, Лясны, Палескі, Палявы, Першамайскі, Савецкі, Сасновы, Сацыялістычны, Свабоды, Стадыённы, Суворава, Усходні, Фрунзэ, Чкалава, Энгельса, Якуба Коласа

Насельніцтва

Год Колькасьць насельніцтва Двароў
1866 644 80
1886 326 51
1897 1200 -
1908 2084 -
1909 2027 329
1923 2895 -
1924 2175 378
1926 2975 -
1928 2334 -
1933 2900 -
1938 4300 -
1991 16 800[8] -
1999 16 700 -
2005 16 600 -
2006 16 600 -
2008 16 700 -
2009 15 891 -
2010 15 869 -
2011 15 832 -

Адукацыя

У горадзе працуюць: 4 агульнаадукацыйныя школы, школа-інтэрнат, вечаровая сярэдняя школа, дзіцячая музычная школа, прафэсійна-тэхнічнае вучылішча № 182, школа мастацтваў, спартовая школа, Дом школьнікаў, цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня й рэабілітацыі, сацыяльны прытулак.

Культура

Дзейнічаюць раённы й гарадзкі дамы культуры, бібліятэкі, музэй, цэнтар фальклёру.

Мэдыі

Выдаецца раённая газэта «Новае Палесьсе».

Спорт

У Жыткавічах маюцца наступныя спартыўныя збудаваньні й пляцоўкі:

  • гарадзкі стадыён на 400 пасадкавых месцаў
  • плавальны басэйн
  • міні-басэйн
  • іншыя залі й пляцоўкі (школьныя спартыўныя залі й г.д.)

Футбольны клюб:

Забудова

Дарогі падзяляюць места на 3 часткі. Сучасная забудова мураваная і драўляная, новыя дамы ўзводзяцца ўздоўж бульвара. Шматпавярховыя будынкі пабудаваныя ў мікрараёнах «Азёрны» і «Паўночны».

Эканоміка

Таксама разнастайныя прадпрыемствы харчовай прамысловасьці (малаказавод, хлебзавод і г.д.).

Транспарт

Мост праз р. Прыпяць

Праз горад ідзе чыгуначная магістраль БерасьцеГомель, а таксама аўтамабільныя дарогі Берасьце — Гомель, Жыткавічы — Столін. Ёсьць чыгуначны вакзал, аўтобусная станцыя.

Турыстычная інфармацыя

Найболей яркі й самабытны калектыў Жыткавічаў — ансамбль народнай песьні «Жытніца» Жыткавіцкага РДК.

Гасьцініцы, рэстараны, кавярні

Архiтэктура

Страчаная спадчына

  • Царква Сьв. Тройцы
  • Касьцёл
  • Сынагога

Вядомыя асобы

Крыніцы

  1. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 3 т. Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. ISBN 978-985-508-060-3.
  2. ^ Жыткавічы на Radzima.org
  3. ^ Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі: Ад старажытнасці да пачатку XX ст. / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Б.І.Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Скл. І.П.Хаўратовіч; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 221 с.: іл. ISBN 985-11-0020-X С. 91
  4. ^ Мэтрыка Літоўская
  5. ^ Характарыстыка Жыткавіцкага раёну  (рас.)
  6. ^ Жыткавічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 634
  7. ^ Заснаваны сьцяг Жыткавічаў і Жыткавіцкага раёну (рас.)
  8. ^ Житковичи // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Жыткавічысховішча мультымэдыйных матэрыялаў