Жур
Жур (кісяліца) — кіслы мясны альбо посны (малочны) суп, запраўлены закваскай на аснове закіслае мукі. Вядомы ў беларускай, польскай (па-польску: Żur), чэскай (па-чэску: Kyselo), славацкай (па-славацку: Kyslóvka) кухнях.
Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Для прыгатаваньня супу неабходная так званая цэжа — рошчына на аснове закіслай мукі, адстоеная цягам некалькіх сутак. Для прыгатаваньня цэжы зазвычай ужываецца аўсяная ці жытняя мука, якую расчыняюць вадой (на літар вады 150—200 грамаў мукі) і ставяць у цёплае месца, у выніку чаго пачынаецца працэс браджэньня. Рэдкую частку (квасьліны, малако) зьліваюць і вараць жур, а з густой (цэды) — кісель.
Пасьля падрыхтоўкі цэжы яе зьмешваюць з вадой, булёнам або малаком, ставяць на агонь і дадаюць іншыя складнікі. Варыянты інгрэдыентаў вельмі розьняцца ў залежнасьці ад рэгіёну: у большасьць жураў зазвычай дадаюць белую каўбасу, вэнджанае мяса, вараныя яйкі. Могуць выкарыстоўвацца клёцкі, вяршкі, грыбы, масла, спэцыі, алей. У Польшчы існуюць жур кракаўскі (з гароднінай), келецкі, падляскі, намыслаўскі.
Ужываюць у ежу як самастойна, так і з адваранай бульбай.
Рэцэпт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Складнікі:
- Мяса — 500 г
- Бульба — 8—10 шт.
- Масла — 2 ст. лыжкі
- Аўсяная мука — 1 шклянка
- Часнык — 6 зубчыкаў
- Кроп, пятрушка
- Соль
Аўсянае зерне (муку) разбавіць цёплай вадой (1 літар), зьверху пакласьці скарынку аржанага хлеба. Накрыць посуд тканкай і пакінуць на некалькі гадзін (а лепей некалькі дзён) у цёплым месцы, пасьля пратачыць празь сіта. Памешваючы, заварыць у мясным булёне мучную рошчыну, пасаліць, давесьці да кіпеньня. Заправіць жур расьцертым часныком, дробна нарэзанай зелянінаю. Адваранае мяса нарэзаць кавалачкамі і пакласьці ў жур. Асобна падаць адвараную бульбу, палітую растопленым маслам.
Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Назва паходзіць ад старога нямецкага слова sūr — кіслы.
- Галерэя выяваў
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Алесь Белы. (3 траўня 2012) Беларуская кухня для прафесійных кухараў: Жур Наша страва-2. Будзьма беларусамі!. Праверана 3 траўня 2012 г.
- Жур по-деревенски(рас.). Кулина.ру. Праверана 9 красавіка 2009 г.