Перайсьці да зьместу

Жары Верхнія і Ніжнія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жары
лац. Żary
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская
Раён Брагінскі
Сельсавет Камарынскі
Першыя згадкі 1682 год[b]
Часавы пас
Насельніцтва
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2344
Нумарны знак 3

Жары́ — вёскі Ве́рхнія Жары́ і Ні́жнія Жары́ ў Камарынскім сельсавеце Брагінскім раёну Гомельскай вобласьці. Навозы (Чарнігаўская вобласьць)

Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Япіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі. XVII-XVIII ст.
Леў Кішка, мітрапаліт кіеўскі. Невядомы мастак. XIX ст.
Партрэт япіскапа Атанаса Шаптыцкага. XVIII ст.

10 траўня 1682 году, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расеяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячэрскага манастыра пазбавіліся гападароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі япіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёлаў япіскапа, складзеным у ліпені т. г., названае і сяло Жаръ, але зь неймаверна вялікай колькасьцю двароў — ажно 40[c][2]. У 1683 годзе, калі добрамі Кіеўскай мітраполіі і Пячэрскай архімандрыі кіраваў чашнік падольскі Самуіл Шумлянскі, брат япіскапа, з 10 дымоў вёскі Żar Пячэрскага манастыра выплачваліся 3 злотыя[3]. Згаданыя Жары (Зары) ў рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[4].

Партрэт архіяпіскапа Флярыяна Грэбніцкага. 1890 г.

16 сакавіка 1706 году япіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і вёска Жары[d]. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа, у тым ліку вёскі Жары, за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з названым Гдзенем, а таксама з Жарамі ды Лукаедамі, схаванымі за словамі «і інш.», у арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом з Жарамі (Зарамі) наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі япіскапа Атанаса Шаптыцкага[5].

У тарыфе падымнага Оўруцкага павету за 1734 год у складзе Беласароцкага ключа названая «wieś Żary Wielkie i Małe», як і раней прыналежная да Кіеўскай мітраполіі[6].

Найбольш раньнія зьвесткі аб уніяцкай Жароўскай царкве Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы і аб прыходзе вядомыя зь візыты Брагінскага дэканату 1740 году. Тады ён аб'ядноўваў верных з 20 дымоў у Жарах (Верхніх), 15 у другіх Жарах (Ніжніх), 25 у Лукаедах і 13 у вёсцы Гдзень. Душ, дапушчаных да споведзі — каля 300. Узначальваў прыход з 1729 году сьвятар Марка Ляляўскі. У наступным 1730 годзе ўзьведзены будынак царквы з апаркаваным цвінтаром. Сярод іншага, згаданы антымінс, асьвечаны япіскапам галіцкім Варлаамам Шаптыцкім[7] (†1715). З матэрыялаў Генэральнай візыты Брагінскага дэканату 1743 году, аднак, вядома, што будынак царквы ў Жарах згарэў, і на той час тут існавала хіба капліца. Прыход складалі 75 двароў, душ да споведзі — 317[8].

Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыіі, у тым ліку Беласароцкім ключом зь Ніжшымі і Вышшымі Жарамі, уведзены новы адміністратар архіяпіскап Флярыян Грэбніцкі[9].

Паводле чарговай візыты, на 1752 год у Жарах Верхніх ізноў красаваў будынак Усьпенскай царквы. Закладзены і ўзьведзены ў 1744 годзе з багаслаўленьня мітрапаліта кіеўскага і ўсёй Русі Атанаса Шаптыцкага (†1746), намаганьнямі дэкана брагінскага Пятра Войны, пасэсара мітрапаліцкіх сталовых добраў Марцэлія Галаўні, абата мілецкага, а і непасрэдна парахіянамі. Прыход складалі верныя з 27 двароў у Верхніх Жарах, 36 у Ніжніх Жарах, 25 у Гдзеню, 38 у Лукаедах. Дапушчаных да споведзі 389 душ. Парохам заставаўся сьвятар Марка Ляляўскі[10].

Ясон Смагаржэўскі, мітрапаліт кіеўскі. 1890 г.
Партрэт Тэадосія Растоцкага. 1891 г.

У 1754 годзе з 34 двароў[e] (×6 — каля 204 жыхароў) вёскі Жары Вялікія выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 5 злотых і 9 грошаў, «na milicję»[f] 21 зл., 6 гр. З 12 двароў (≈72 жыхары) вёскі Жары Малыя «do grodu» — 3 злотых, 13 грошаў, «na milicję» — 13 зл., 22 гр.[11].

Паводле габрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 гадоў, у вёсцы Żary Mnieysze (Małe) жылі адпаведна 3, 3 і 6 гаспадароў, плацельшчыкаў пагалоўшчыны, у вёсцы Żary Większe (Wielkie) – 9, 14, 8 głow, якія належалі да Чарнобыльскага кагалу[12].

14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Гдзеньскім ключом, у складзе якога былі, акрамя вёскі Гдзень, Лукаеды, Ніжнія Жары і Верхнія Жары, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[13].

Жары з ваколіцамі на схематычным пляне Рэчыцкага павету каля 1800 г.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Жары, Гдзень, Лукаеды Ф. Остэн-Сакена ў 1802 г.
Жары, Лукаеды і Гдзень графа Арлова ў 1833 г.
Жары, Лукаеды і Гдзень А. Горвата ў 1837 г.
В. і Н. Жары, Лукаеды, Гдзень на мапе А. Фіцінгофа 1846 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Верхнія і Ніжнія Жары – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што «деревня Жары Низшие, село Жары Вышшие» былі ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Тэадосія Растоцкага. Жары Верхнія — сярод паселішчаў, цэрквы якіх былі ўжо праваслаўнымі[15]. Але ўжо ў 1796 годзе і надалей, як вынікае з мэтрычных запісаў Усьпенскай царквы, сяло і вёска Жары, вёскі Лукаеды і Гдзень належалі «господину Сакену»[16].

На 1832 год, згодна з мэтрычнымі кнігамі Жароўскай Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы царквы, сяло і вёска Жары, вёскі Лукаеды і Гдзень былі ўладаньнем «графа Орлова»[17]. У мэтрыках тае ж царквы, пачынаючы з 1834 году, уладальнікам названых добраў выступаў пан Аляксандар Горват[18].

У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 396 жыхароў абодвух полаў сяла Жары, 329 жыхароў вёскі Жары зьяўляліся прыхаджанамі Ўсьпенскай царквы, а 7 мужчын і 8 жанчын з маёнтку Жары былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[19].

У парэформавы пэрыяд Верхнія і Ніжнія Жары адміністрацыйна належалі да Ёлчанскай воласьці.

На 1876 год маёнтак Верхнія Жары складалі 16 860 дзесяцін угодзьдзяў, якімі валодаў Аляксандар, сын Ігнацыя, Горват. Вадзяны млын штогод даваў 100 рублёў прыбытку[20].

Паводле сьпісу прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Ўсьпенскай царквы ў Жарах названыя настаяцель а. Міхаіл Біруковіч, в. а. штатнага псаломшчыка Андрэй Ляляўскі. На 1879 год да прыходу належалі 825 душ мужчынскага і 849 душ жаночага полу сялянскага саслоўя з жыхароў сяла Жары, вёсак Жары, Лукаеды і Гдзень[21].

На 1889 год маёнтак Жары быў уладаньнем Аляксандра, сына Аляксандра, Горвата[22].

Згодна зь перапісам 1897 году, у сяле Верхнія Жары было 110 двароў, 695 жыхароў, дзеялі царква, школа граматы, хлебазапасны магазын, карчма, лаўка, цагельня; побач месьцілася панская сядзіба, у якой — 7 двароў з 113 жыхарамі, працаваў сенапрасавальны завод з паравым рухавіком і 60 рабочымі. У вёсцы Ніжнія Жары тады было 107 двароў з 660 жыхарамі, хлебазапасны магазын, карчма[1].

У 1904 годзе сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнткаў Людвіноў, Жары і Астрагляды спадчынны дваранін Валерыян Рафаілавіч Рыбнікаў[23]. На 1909 год у сяле Жары Верхнія (Вышніе) налічваўся 81 двор з 697 жыхарамі, у вёсцы Жары Ніжнія было 110 двароў з 677 жыхарамі, у аднадворным маёнтку Жары — 56 жыхароў[24]. У 1911 (1913) годзе маёнткам Жары з 17 596 дзесяцінамі працягваў валодаць В. Р. Рыбнікаў[25].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямецкая імпэрыя перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Верхнія і Ніжнія Жары, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[26].

В. і Н. Жары, Лукаеды і Гдзень на мапе генштабу РККА Беларусі і Літвы 1935 г.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

  1. ^ Тады падзелу на воласьці пад расейскай уладай у нашым краі яшчэ не было.
  2. ^ Не з XVIII і не з пач. XIX ст. у Ёлчанскай воласьці[a], як пісаў С. В. Марцэлеў[1].
  3. ^ Магчыма, вялося пра колькасьць падданых.
  4. ^ Назва скрыўленая, але пазнавальная – Зденжары (па-расейску).
  5. ^ Усяго ў вёсцы налічвалася «szesnastka [дыму], puł szesnastki i chałup cztery», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
  6. ^ Пераважна на барацьбу супраць гайдамакаў.
  1. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9. С. 72—73, 97—98
  2. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 1. Т. 10. – Киев, 1904. С. 357—363
  3. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 495
  4. ^ Описание архива западнорусских униатских митрополитов (далей: Описание архива). Т. 1. 1470–1700. – С.-Петербург, 1897. № 986
  5. ^ Описание архива. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1111, 1161, 1179, 1268
  6. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  7. ^ Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага (ІР НБУВ). Ф. 233. Спр. 19. А. 757адв.-759
  8. ^ ІР НБУВ. Ф. 1. Спр. 2461. А. 294-294адв.
  9. ^ Описание архива. Т. 2. – № 1444
  10. ^ ІР НБУВ. Ф. 1. Спр. 2464. А. 257-263
  11. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 186
  12. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765 – 1791 гг. – Киев, 1890. С. 303, 392, 711
  13. ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). — Киев, 1871. С. 642 — 644
  14. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  15. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71, 74
  16. ^ НГАБ у Менску. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 493. А. 76, 77etc.; 1797 г. Спр. 494. А. 266, 267адв, 268адв.; 1802 г. Спр. 500. А. 262etc.
  17. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 534. А. 354etc.
  18. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 258etc.
  19. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв., 709
  20. ^ Памяць. Брагінскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 60
  21. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 455 — 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 68 — 70
  22. ^ Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 366
  23. ^ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. – Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
  24. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 61
  25. ^ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 111 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  26. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)