Вітаўт Макс Электра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Е433»)
«Вітаўт Макс Электра»
Агульныя зьвесткі
Вытворца«Белкамунмаш»
Іншыя назвы «Белкамунмаш Е433»
Гады вытворчасьці з 2016-га
Месца вытворчасьці Менск (Беларусь)
Зьнешні выгляд
Кляса аўтобус
Кузаў апорны, сучленены, 4-дзьверны
Кампанаваньне вагоннае, заднерухавіковае
Колькасьць дзьвярэй
Сілавы блёк
Электрарухавік цягавы асынхронны: 420 вольт
Ёмістасьць 34 кіляват·гадзіна
Выходная магутнасьць 180 кіляват
Трансьмісія партальная, разьнесеная: 2 ступені
Электраакумулятар супэркандэнсатар: 400-585 вольт
Запас акумулятару 12 км
Тып зарадкі зарадны слуп: 7 хвілінаў
Прывад задні (6х2)
Габарыты
Колавая база 678+687 см
Даўжыня 1873,5 см
Шырыня 255 см
Вышыня 354 см
Клірэнс 21 см
Маса 17 720 кг
Поўная маса 28 000 кг
Максымальная хуткасьць 60 км/гадзіна
Гісторыя
Дызайнэр Алег Быцко
Папярэднік «Вітаўт Макс Дуо» (433)
Падобныя «Вітаўт Электра» (Е420)

«Вітаўт Макс Электра»[1] (Vitovt Max Electro) — 3-восевы нізкападлогавы сучленены электробус, які «Белкамунмаш» вырабляе з 2016 году.

Можа перавозіць да 150 пасажыраў, зь іх 38 седзячы. Акумулятар зараджаецца за 7 хвілінаў і дазваляе праехаць да 12 км.

Распрацоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 лютага 2016 г. галоўны канструктар ААТ «Белкамунмаш» Алег Быцко паведаміў пра распрацоўку электробуса на аснове гібрыднага тралейбуса мадэлі 433 «Вітаўт Макс Дуо». Яго дызэльны гэнэратар вырашылі замяніць на акумулятар, які меў падзараджацца ад высакавольтнай лініі на канцавым прыпынку[2]. 15 красавіка 2016 г. старшыня камітэту эканомікі Менску Тацяна Краўчанка згадала заказ на выраб 2 электробусаў Е433 да сьнежня 2016 году. Электробус вырашылі аснасьціць супэркандэнсатарам вытворчасьці кітайскага ТАА «Сіньчжу» (Чэнду, правінцыя Сычуань) і паўпантографам для хуткай падзарадкі ад зараднага слупа. Пастаўку яшчэ 18 электробусаў заказалі на 1-ы квартал 2017 году[3]. 9 траўня 2016 г. «Сіньчжу» пачало будаўніцтва завода супэркандэнсатараў для электробусаў Е433 у індустрыяльным парку «Вялікі камень» (в. Станок-Вадзіца, Смалявіцкі раён, Менская вобласьць)[4]. Тэрмін службы супэркандэнсатара меў скласьці 10 гадоў. Рэшта начыньня і кузаў электробуса былі беларускай вытворчасьці[5]. 26 ліпеня 2016 г. дзяржустанова «Сталічны транспарт і сувязь» абвясьціла пра набыцьцё пры канцы году 3 зарадных станцыяў для электробусаў[6].

7 верасьня 2016 г. ААТ «Белкамунмаш» прадставіла электробус «Вітаўт Макс Электра», разьлічаны на 150 пасажыраў. У салёне прадугледжвалася відэаназіраньне і падзарадка электрапрыладаў (USB, 5 вольт)[1], налічвалася 38 сядзеньняў. Спадарожна прыватнае ТАА «АйЦіПраектБуд» (Менск, Маскоўскі раён, 3-і Загарадны зав., д. 4в) прадставіла канцавы прыпынак сілкаваньня, распрацаваны для электробуса[7]. 20-23 верасьня 2016 г. «Вітаўт Макс Электра» паказалі ў Бэрліне (Нямеччына) на найбольшым у Эўропе міжнародным транспартным кірмашы «ІнаТранс»[8]. Зарадка цягам 7 хвілінаў дазваляла праехаць да 12 км пры тэмпэратуры ад -40°C да +40 °C[9]. 20 лістапада 2016 г. канструктар Быцко згадаў выраб 20 электробусаў «Вітаўт Макс Электра» паводле кантракту з УП «Менсктранс» для 2 маршрутаў[10]. 26 сьнежня 2016 году ў Менску прайшло выпрабаваньне першага электробуса[11]. 19 студзеня 2017 г. старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь Аляксандар Шумілін паведаміў, што 60% у электробусе склалі беларускія распрацоўкі[12].

Пастаўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 траўня 2017 г. па маршруце Менскага тралейбуса № 59 «ДС Сярова — Даўгабродзкая» пусьцілі 4 электробусы[13]. 30 чэрвеня 2017 г. Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь паставіў на ўлік электробус «Вітаўт Макс Электра» ў Рэестар Нацыянальнай сыстэмы пацьверджаньня адпаведнасьці Рэспублікі Беларусь пад абазначэньнем «TC BY E-BY.049.00093.И1»[14]. У жніўні электробусы пусьцілі па тралейбусным маршруце № 43 «ДС Дружная — Сярова». У выніку лік электробусаў вырас да 20. Іх выкарыстаньне дазволіла скараціць выдатак электраэнэргіі параўнальна з тралейбусам на 14%[15]. 20 сьнежня 2017 г. намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў Нацыянальнаму сходу Беларусі пра заказ у 2018 годзе яшчэ 60 электробусаў для Менску і атрыманьне заказаў на пастаўку электробусаў у Расею[16].

Уласьцівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Электрарухавік «ДТАН-160-4БУХЛ2» (648 кг) вытворчасьці прыватнага УП «Белгідраўліка» (Менск, вул. Сяліцкага, д. 9а). Накапляльнік «S585V39-K7-A» (1300 кг) вытворчасьці кітайскага ТАА «Аовэй» (Шанхай).

Трансьмісія «AV-133/80» вытворчасьці нямецкага АТ «Фрыдрыхсгафэнскі завод шасьцерняў» (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг): перадатачны лік — 9,81. Найбольшая дапушчальная маса на вось: пярэднюю — 6200 кг, заднюю 1-й сэкцыі — 9300 кг, 2-й сэкцыі — 12 500 кг.

Дзьверы 2-створчатыя. Каляіна колаў: пярэдніх — 210,1 см, сярэдніх і задніх — па 188,9 см.

Залежная, пнэўматычная падвеска: пярэдняя вось — на 2 пнэўмаэлемэнтах з 2 гідраўлічнымі тэлескапічнымі амартызатарамі з 1 чуйнікам разьмяшчэньня кузава; задняя вось 1-й і 2-й сэкцыяў — па 4 пнэўмаэлемэнты з 4 гідраўлічнымі амартызатарамі з 2 чуйнікамі разьмяшчэньня кузава.

Стырно з гідраўзмацняльнікам: мэханізм — «вінт-шарыкавая гайка-рэйка-сэктар», з кутнім рэдуктарам (ZF Сэрваком). Тормаз:

  • працоўны — пнэўматычны, 2-контурны (1-ы контур — пярэдняя вось, 2-і — задняя вось 1-й і 2-й сэкцыяў), з антыблякавальнікам, дыскавы мэханізм;
  • запасны — стаяначны ці адзін з контураў працоўнага;
  • стаяначны — прывад ад спружынных энэргаакумулятараў да тармазных мэханізмаў дапаможнага і вядучага мастоў;
  • дапаможны (зносаўстойлівы) — электрадынамічнае тармажэньне рухавіком празь вядучы мост.

Шыны памерам 275/70 R 22,5: найбольшая дапушчальная нагрузка 149/145 (3250 кг / 2900 кг), катэгорыя хуткасьці J (100 км/гадзіна)[17].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Аляксей Кандраценка, тэлеканал «Беларусь 1». Пасажырскі транспарт новага пакаленьня — на менскіх вуліцах // Белтэлерадыёкампанія, 7 верасьня 2016 г. Архіўная копія ад 7 верасьня 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  2. ^ Ян Пашкевіч, тэлеканал «Беларусь 1». У Менску на прадпрыемстве «Белкамунмаш» асвойваюць новыя тэхналёгіі // Белтэлерадыёкампанія, 12 лютага 2016 г. Архіўная копія ад 12 лютага 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  3. ^ Аксана Каруна. Электробусы зьявяцца на вуліцах Менску // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 красавіка 2016 г. Архіўная копія ад 15 красавіка 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  4. ^ Юлія Вогнева. Будаўніцтва вытворчасьці супэркандэнсатараў пачалося ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» // БелТА, 11 траўня 2016 г. Архіўная копія ад 9 траўня 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  5. ^ Вераніка Бута, тэлеканал «Беларусь 1». Першы беларускі электробус прэзэнтавалі ў Менску // Белтэлерадыёкампанія, 11 траўня 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  6. ^ Парк пасажырскага транспарту Менска папоўняць 20 электробусаў // БелТА, 26 ліпеня 2016 г. Архіўная копія ад 26 ліпеня 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  7. ^ «Белкамунмаш» паказаў новыя электрабусы // Газэта «Новы час», 8 верасьня 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  8. ^ Вольга Катужанцава. «Вітаўт» — у Бэрліне // Газэта «Народная воля», 14 кастрычніка 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  9. ^ Электробус «Вітаўт Макс Электра» // БелТА, 9 лістапада 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  10. ^ Аляксандар Ярашэвіч, «Беларускія навіны». «Вітаўт» рыхтуецца скрарыць вуліцы Менска // «Хартыя’97», 20 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 20 лістапада 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  11. ^ Марына Носава. Віцэ-прэм’ер Сямашка пратэставаў першы электробус «Белкамунмаша» // БелаПАН, 26 сьнежня 2016 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  12. ^ Новыя беларускія распрацоўкі дапамогуць значна рушыць наперад у лячэньні раку — Шумілін // БелТА, 20 студзеня 2017 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  13. ^ Сяргей Расолька. На лініі — «зялёны» транспарт // Зьвязда : газэта. — 20 траўня 2017. — № 94 (28458). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ «TC BY E-BY.049.00093.И1» (рас.) // Рэестар Нацыянальнай сыстэмы пацьверджаньня адпаведнасьці Рэспублікі Беларусь, 30 чэрвеня 2017 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  15. ^ Англічане зацікавіліся беларускімі электробусамі // БелТА, 8 верасьня 2017 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  16. ^ БелаПАН. Сямашка: Электробусы — гэта транспарт будучыні // Радыё «Рацыя», 20 сьнежня 2017 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.
  17. ^ «TC BY E-BY.049.00093.И1» Дадатак 1. Агульнае апісаньне (рас.) // Рэестар Нацыянальнай сыстэмы пацьверджаньня адпаведнасьці Рэспублікі Беларусь, 30 чэрвеня 2017 г. Праверана 11 студзеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]