Перайсьці да зьместу

Дэрык Роўз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дэрык Роўз
па-ангельску: Derrick Martell Rose
Пазыцыя: разыгрываючы абаронца
Рост: 191 см[1]
Вага: 86 кг
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 4 кастрычніка 1988(1988-10-04)[2][3] (36 гадоў)
Альма-матэр:
Драфт

1, драфт НБА 2008 году
Чыкага Булз

Клюбы
Гады Клюб
2007—2008 Мэмфіс Тайгерз[d]
2008—2016 Чыкага Булз
2016—2017 Нью-Ёрк Нікс
2017—2018 Кліўлэнд Кавальерз
2018—2019 Мінэсота Тымбэрўулвз
2020—2021 Дэтройт Пістанз
2021—2023 Нью-Ёрк Нікс
2023—2024 Мэмфіс Грызьліз
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Статыстыка на NBA.com

Дэрык Роўз (па-ангельску: Derrick Rose; нар. 4 кастрычніка 1988 году, Чыкага, Іліной, ЗША) — колішні амэрыканскі баскетбаліст. Быў названы найлепшым пачаткоўцам году НБА 2009 году ды стаў наймаладзейшым гульцом, які атрымаў прыз самага каштоўнага гульца НБА ў 2011 годзе ў веку 22 гадоў і 7 месяцаў.

Быў выбраны клюбам «Чыкага Булз» на драфце 2008 году пад першым нумарам. Сваю кар’еру ў НБА запачаткаваў зь вялікай упэўненасьцю, стаўшы першым гульцом пасьля Майкла Джордана, які набраў 10 і больш пунктаў у кожных першых 10 гульнях. У лістападзе і сьнежні Роўз атрымала тытул навічка месяцу. Паводле вынікаў рэгулярнага сэзону гулец быў прызнаны пачаткоўцам году. Ён дэбютаваў у плэй-оф у матчы супраць «Бостан Сэлтыкс», і зрабіў гэта вельмі ўдала, зарабіўшы дабл-дабл, набраўшы 36 пунктаў, зрабіўшы 11 перадач і 4 падборы. Роўз ураўнаў рэкорд паводле колькасьці пунктаў у дэбюце ў плэй-оф і стаў другім гульцом пасьля Крыса Пола, які дэбютаваў зь мінімум 35-ю пунктамі і 10-ю перадачамі.

Роўз у складзе «Мінэсоты Тымбэрўулвз».

У сэзоне 2009—2010 гадоў ён упершыню ў сваёй кар’еры быў абраны ўдзельнікам матчу ўсіх зорак НБА. 13 красавіка 2010 году ўсталяваў асабісты рэкорд, закінуўшы мячоў на 39 пунктаў. 30 кастрычніка 2010 году ён паўтарыў свой асабісты рэкорд, набраўшы 39 пунктаў ў гульні супраць «Дэтройт Пістанз». 3 траўня 2011 года Роўз быў прызнаны самым каштоўным гульцом году, стаўшы, такім чынам, наймаладзейшым гульцом у гісторыі НБА, які атрымаў гэты тытул. Роўз таксама стаў толькі другім пасьля Майкла Джордана ў гісторыі «Булз», хто атрымаў гэтую ўзнагароду. У плэй-оф «Чыкага Булз» дакрочылі да фіналу канфэрэнцыі, дзе сустрэліся з «Маямі Гіт». Камандзе Дэрыка Роўза супрацьстаяў Леброн Джэймз, чыя каманда ў чарговы раз аказалася мацнейшай.

Пасьля прапушчанага цалкам сэзону 2012—2013 гадоў, у дзясятым матчы рэгулярнага чэмпіянату сэзону 2013—2014 гадоў супраць каманды «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» Роўз зноў атрымаў цяжкую траўму, але на гэты раз ужо правага калена. Як стала вядома быў пашкоджаны сустаўны сярпок. Гульцу зрабілі яшчэ адную апэрацыю. У сэзоне 2014—2015 гадоў ён зноў атрымаў траўму. Як і ў папярэднім сэзоне зноў быў пашкоджаны сустаўны сярпок. На гэты раз было пастаноўлена цалкам выдаліць пашкоджаную частку. Паводле словах самога баскетбаліста, ён ня ведаў дзе і калі атрымаў траўму.

Пасьля акрыяньня ў гульца пачаўся пэрыяд частай зьмены клюбаў, то бок ён кожны сэзон да 2022 году бараніў колеры новай каманды. Спачатку ў чэрвені 2016 году ён быў абменены ў «Нью-Ёрк Нікс»[7], дзе гулец абраў 25-ы нумар. 25 ліпеня 2017 году ён узгодніў кантракт з «Кліўлэнд Кавальерз», далучыўшыся да каманды Леброна Джэймза[8]. 8 лютага 2018 году Роўз быў набыты «Ютай Джаз» у выніку абмену паміж трыма камандамі, як то «Кавальерз» і «Сакрамэнта Кінгс»[9]. Праз два дні джазмэны адмовіліся ад яго[10], і баскетбаліст узгодніў працоўную дамову зь «Мінэсотай Тымбэрўулвз»[11]. 7 ліпеня 2019 году Роўз падпісаў кантракт з «Дэтройт Пістанз»[12]. Роўз стаў першым гульцом у гісторыі «Пістанз», які запісваў на свой рахунак больш за 20 пунктаў штоматч у сямі гульнях запар, зьяўляючыся пры гэтым рэзэрвовым гульцом[13]. Серыя абарвалася пасьля таго, як ён атрымаў траўму пахвіны падчас гульні супраць «Дэнвэр Нагетс»[14].

8 лютага 2021 году Роўз быў абменены назад у «Нью-Ёрк Нікс»[15]. 18 жніўня 2021 году клюб узгодніў з гульцом новы кантракт тэрмінам на тры гады, склаўшы дамову на 43 мільёны даляраў[16][17]. 3 лістапада таго ж году Роўз пераадолеў паказьнік у 12 тысяч пунктаў за кар’еру ў матчы супраць «Індыяны Пэйсэрз»[18]. З 2022 году гулец страціў гульнёвы час, а ў чэрвені 2023 году «Нікс» адмовіліся ад гульца, надаўшы яму статус вольнага агента. 3 ліпеня 2023 году Роўз падпісаў кантракт з «Мэмфіс Грызьліз»[19], але згуляў там толькі сэзон. У верасьні 2024 году, пасьля таго як клюб адмовіўся ад паслугаў баскетбаліста, Роўз аб’явіў аб заканчэньні кар’еры.