Дэпартацыя эстонцаў у СССР
Дэпарта́цыі з Эсто́ніі — гвалтоўнае масавае высяленьне часткі эстонцаў з тэрыторыі Эстоніі ў іншыя рэгіёны СССР, зьдзяйсьнянае савецкай уладай у рэчышчы палітыкі дэпартацыі іншых народаў. Супраць часткі насельніцтва Эстоніі савецкім рэжымам дэпартацыя была прымененая двойчы — у 1940—1941 роках, пасьля ўключэньня Эстоніі ў склад СССР, і ў 1944—1950 роках, пасьля вызваленьня Эстоніі ад нацыстаў. Дэпартаваныя высяляліся ў асноўным у Сыбір і Казахстан. Эстонцаў, якія пражывалі на тэрыторыі Ленінградзкай вобласьці, перасялялі ўглыб краіны яшчэ ў 1935 року[1][2]. Акрамя этнічных эстонцаў, з Эстоніі выселілі таксама некаторую колькасьць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцей.
Падчас першай дэпартацыі былі пераселеныя каля 10 000 чалавек, падчас другой — больш за 20 000 чалавек (плянаваліся выслаць 30 000 чалавек). Акрамя таго, у 1944 року 70 000—80 000 чалавек пакінулі Эстонію, ратуючыся ад савецкіх рэпрэсій.
У 1995 року Парлямэнт Эстоніі прызнаў дэпартацыю эстонцаў злачынствам супраць чалавецтва.
Дэпартацыя 1940 року
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]16 чэрвеня 1940 Савецкі Саюз акупаваў Эстонію. Першымі пад рэпрэсіі трапілі прадстаўнікі нацыянальнай эліты дзяржавы. 17 ліпеня галоўнакамандуючы эстонскага войска Ёган Лайданэр зь сям’ёй, а 30 ліпеня прэзыдэнт Канстантын Пятс зь сям’ёй былі дэпартаваныя ў Пензу і Ўфу адпаведна[3]. Яны абодва памерлі ў няволі. Дэпартаваныя былі таксама 10 з 11 міністраў і 68 з 120 дэпутатаў парляманту.
Дэпартацыя 1941 року
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 траўня 1941 року была прынятая надзвычайна сакрэтная Пастанова ЦК УКП(б) і СНК СССР «Дырэктыва аб высяленьні сацыяльна чужога элемэнту з рэспублік Прыбалтыкі, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі і Малдавіі». Першая вялікамаштабная дэпартацыя грамадзянаў Эстоніі пачалася ўночы з 13 на 14 чэрвеня 1941 і цягнулася два наступныя дні. Выкананьнем дэпартацыі займаўся НКУС Эстонскай ССР пад кіраўніцтвам Барыса Кума.
Ад 9254 да 10 861 жыхара Эстоніі, зь якіх больш за 5000 жанчын і больш за 2500 дзяцей у веку да 16 гадоў[4][5][6][7], былі выселеныя ў асноўным у Кіраўскую, Новасыбірскую вобласьць альбо ўвязьненыя. Для вывазу людзе былі зарэзэрваваныя 490 грузавых вагонаў. Паводле загаду плянавалася дэпартаваць 11 102 чалавекі, аднак некаторыя здолелі ўцячы[8].
Яшчэ празь некалькі тыдняў каля 1000 чалавек былі арыштаваныя на востраве Саарэмаа, аднак з-за ўварваньня нацысцкай Нямеччыны значнай частцы вязьняў удалося пазьебгчы дэпартацыі.
З усіх дэпартаваных у 1941 року толькі 4331 чалавек (меней за палову) здолелі вярнуцца пасьля на радзіму[8].
Дэпартацыя 1944 року
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь вяртаньнем савецкай улады ўзнавіліся высяленьні. У 1944 року было дэпартавана 280 чалавек — «чальцоў сем’яў здраднікаў бацькаўшчыны»[9]. Яшчэ ня меней за 30 000 мужчынаў было мабілізавана ў працоўныя лягеры па-за межамі Эстоніі[10]. У жніўні 1945 року 407 асобаў, пераважна балтыйскіх немцаў, былі вывезеныя ў Пермскую вобласьць.
Дэпартацыя 1949 року
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 студзеня 1949 року Савет міністраў СССР выдаў звышсакрэтны загад №390—138сс[11], які пастанаўляў высылку Міністэрствам дзяржаўнай бясьпекі «кулакоў» і «ворагаў народу» з трох прыбалтыйскіх рэспублік.
Другая хвала масавых дэпартацыяў з Эстоніі — апэрацыя «Прыбой» — пачалася ранкам 25 сакавіка 1949 року. Было заплянавана выслаць адсюль 30 000 чалавек, у тым ліку сялянаў. Каардынацыяй дэпартацыі займаліся міністар бясьпекі Эстонскай ССР Барыс Кум і прадстаўнік МДБ СССР генэрал маёр Іван Ярмолін. Больш за 8000 чалавек здолелі ўцячы, але 20 722 асобы (7500 сем’яў, больш за 2,5 % насельніцтва Эстоніі), палову зь якіх складалі жанчыны, больш за 6000 дзяцей да 16-гадовага веку і 4300 мужчынаў, цягам трох дзён былі высланыя ў Сыбір. Дзеля мужчынаў працаздольнага ўзросту ў гэтай масе складала 10 %. Большасьць з сасланых ніколі не вярнуліся дадому, мноства зь іх загінулі.
Таксама ў 1948—1950 роках адбылася дэпартацыя часткі фінаў-інгерманляндцаў. Апошняя маштабная кампанія дэпартацыяў адбылася ў 1951 року, калі былі масава пераселеныя ўдзельнікі забароненых рэлігійных суполак з краінаш Балтыі, Малдовы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Martin Terry. The Origins of Soviet Ethnic Cleansing // The Journal of Modern History. — 1998. — В. 4. — Т. 70. — С. 813—861. — DOI:10.1086/235168
- ^ The Oxford Handbook of Genocide Studies / edited by Donald Bloxham, A. Dirk Moses. — Oxford University Press Inc., 2010.
- ^ Советскиe депортации из Эстонии в 1940-х годах (рас.) Вехи истории. Посольство Эстонии в Москве. Праверана 28 сакавіка 2017 г.
- ^ Высновы працы Эстонскай міжнароднай камісіі па злачынствах супраць чалавечнасьці (анг.). Estonian International Commission for the Investigation of Crimes Against Humanity. Праверана 28 сакавіка 2017 г.
- ^ Kareda, Endel. Estonia in the Soviet grip: Life and conditions under Soviet occupation 1947-1949. — London: Boreas Pub. Co., 1949. — 99 с.
- ^ Uustalu, Evald. The history of Estonian people. — London: Boreas Pub. Co., 1952. — 261 с.
- ^ Rokas M. Tracevskis. 70th anniversary of deportation and uprising of 1941 // The Baltic Times. — 29 чэрвеня 2011.
- ^ а б Deportation from Estonia in 1941 and 1949 (анг.). Estonia Today (чэрвень 2006). Праверана 28 сакавіка 2017 г.
- ^ Estonia's Occupations Revisited Accounts of an Era / Compiled by Heiki Ahonen. — Tallinn: Kistler-Ritso Sihtasutus, 2005. — ISBN 9789949108213
- ^ Parming, Tõnu. Population changes in Estonia, 1935–1970 // Population Studies. — 1972. — Т. 26. — № 1. — С. 53—78. — DOI:10.2307/2172800
- ^ Постановление Совета Министров СССР от 29 января 1949 г. № 390-138сс «О выселении с территории Литвы, Латвии и Эстонии кулаков с семьями, семей бандитов и националистов, находящихся на нелегальном положении, убитых при вооруженных столкновениях и осужденных, легализованных бандитов, продолжающих вести вражескую работу, и их семей, а также семей репрессированных пособников бандитов».