Перайсьці да зьместу

Дэм’ен Лілард

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дэм’ен Лілард
па-ангельску: Damian Lamonte Ollie Lillard[1]
Пазыцыя: гульнёвы абаронца
Рост: 188 см[2]
Вага: 88 кг[2]
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 15 ліпеня 1990(1990-07-15)[2][3] (35 гадоў)
Альма-матэр:
Драфт

6, драфт НБА 2012 году
Портлэнд Трэйл Блэйзэрз

Клюбная інфармацыя
Клюб Портлэнд Трэйл Блэйзэрз
Нумар 0
Клюбы
Гады Клюб
2008—2012 Ўэбэр Стэйт Ўайлдкэтс[d]
2012—2023 Портлэнд Трэйл Блэйзэрз
2023—2025 Мілўокі Бакс
2025—4 Портлэнд Трэйл Блэйзэрз
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Статыстыка на NBA.com

Дэм’ен Лілард (па-ангельску: Damian Lillard; нар. 15 ліпеня 1990 году) — амэрыканскі баскетбаліст клюбу «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» з НБА. У складзе зборнай ЗША рабіўся алімпійскім чэмпіёнам 2020 году. У 2021 годзе ён быў улучаны ў зборную НБА да 75-годзьдзя лігі[4]. Па-за пляцоўкай займаецца рэп-музыкай пад сцэнічнай мянушкай Dame D.O.L.L.A.

Быў абраны ў першым раўндзе драфту НБА 2012 году пад агульным 6-м нумарам клюбам «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз». 31 кастрычніка 2012 году дэбютаваў у НБА ў гульні супраць «Лос-Анджэлес Лэйкерз», набраўшы 23 пункты і зрабіўшы 11 перадач. Такім чынам, ён стаў трэцім гульцом у гісторыі лігі пасьля Оскара Робэртсана і Айзэі Томаса, які набраў больш за 20 пунктаў і 10 перадач у сваёй дэбютнай гульні. Узімку яго запрасілі на зорны ўік-энд, дзе ён перамог у конкурсе майстэрства. Паводле вынікаў сэзону ён быў прызнаны пачаткоўцам году НБА.

Лілард выконвае штрафны кідок у 2019 годзе.

У наступным годзе Лілард у другі раз выйграў спаборніцтвы па майстэрству на матчы ўсіх зорак НБА, а таксама ўпершыню ўзяў удзел у матчы ўсіх зорак. Ён набіраў у сярэднім 20,7 пунктаў і рабіў 5,6 перадачы за сэзон і дапамог камандзе прабіцца ў плэй-оф. Там «Портлэнд» перамог «Г’юстан Рокетс» у першым раўндзе, калі Лілард закінуў вырашальны трохпунктавы кідок пасьля гукавога сыгналу, які вывеў каманду наперад. У другім раўндзе «Портлэнд» саступіў будучаму чэмпіёну «Сан-Антоніё Спэрз». 19 сьнежня 2014 году ў матчы супраць «Сан-Антоніё Спэрз» гулец назьбіраў 43 пункты ў сваёй кар’еры. У лютым ён быў другі раз абраны дзеля ўдзелу ў матчы ўсіх зорак НБА, замяніўшы траўмаванага Блэйка Грыфіна. 4 сакавіка 2015 году ў матчы супраць «Лос-Анджэлес Кліпэрз» ён зрабіў 18 падбораў, што стала ягоным рэкордам у кар’еры. Ён дапамог камандзе прабіцца ў плэй-оф, але «Портлэнд» саступіў у першым раўндзе «Мэмфіс Грызьліз». 9 ліпеня 2015 году падпісаў з клюбам новы пяцігадовы кантракт на суму ў 120 мільёнаў даляраў[5]. 19 лютага 2016 году пераўзвысіў свой выніковы рэкорд, набраўшы 51 пункт у матчы супраць «Голдэн Стэйт Ўорыярз». 3 красавіка 2017 году быў прызнаны гульцом месяца ў Заходняй канфэрэнцыі. Пазьней ён набраў 59 пунктаў у гульні супраць «Юты Джаз», што стала як ягоным асабістым рэкордам, гэтак і рэкордам франшызы. У плэй-оф каманда сустрэлася з «Голдэн Стэйт» у першым раўндзе і пацярпела паразу зь лікам 0:4.

28 кастрычніка 2017 году ў сустрэчы супраць «Фінікс Санз» баскетбаліст набраў 9000-ы пункт у кар’еры. Дзеля гэтага яму спатрэбілася 402 гульні, такім чынам, ён стаў самым «хуткім» гульцом франшызы, які дасягнуў гэтага. 27 лістапада, зрабіўшы 2575 перадачаў за кар’еру, ён абышоў Рода Скрынлэнда ў сьпісе асыстэнаў Портлэнду і заняў чацьвертае месца. 9 сьнежня ён ураўнаў рэкорд франшызы, закінуўшы 9 трохпунктавых кідкоў у гульні супраць «Г’юстан Рокетс». 23 студзеня было абвешчана, што Лілард возьме ўдзел у матчы ўсіх зорак[6]. 2 лютага ён перасягнуў адзнаку ў 10 тысяч пунктаў у сваёй кар’еры, стаўшы наймаладзейшым гульцом у гісторыі клюбу, якому гэта ўдалося. 3 сакавіка ён закінуў трохпунктавы кідок у 45-м матчы запар, усталяваўшы рэкорд франшызы. 20 сакавіка гэтая сэрыя перарвалася, спыніўшыся на адзнацы ў 52 гульні. Добрая форма Ліларда падчас рэгулярнага сэзону ня здолела матэрыялізавацца ў плэй-оф, дзе ягоная каманда саступіла «Нью-Арлеан Пэліканз» ў першым раўндзе. Паводле вынікаў сэзону быў улучаны ў каманду ўсіх зорак НБА, стаўшы толькі трэцім гульцом франшызы, які трапіў у першую каманду НБА, пасьля Клайда Дрэксьлера і Біла Ўолтана[7].

Гулец у 2021 годзе.

27 кастрычніка 2018 году ў матчы супраць «Маямі Гіт» ён набраў 42 пункты, перасягнуўшы адзнаку ў 11 тысяч пунктаў у кар’еры. 28 лістапада ў гульні супраць «Арланда Мэджык» ён назьбіраў 41 пункт і ўсталяваў рэкорд клюбу, пацэліўшы 10 трохпунктавых кідкоў. У плэй-оф ён дапамог камандзе перамагчы «Аклагому-Сіці Тандэр» у першым раўндзе, закінуўшы пераможны трохпунктавы кідок пры гукавым сыгнале ў 5-й гульні сэрыі. Далей «Портлэнд» перамог «Дэнвэр Нагетс» у другім раўндзе і ўпершыню з 2000 году прасунуўся ў фінал Заходняй канфэрэнцыі. Каманда Ліларда зазнала паразу ад «Голдэн Стэйт Ўорыярз» у сэрыі з чатырох гульняў і выйшла ў фінал НБА. 8 лістапада 2019 году набраў 60 пунктаў у матчы супраць «Бруклін Нэтс». 20 студзеня 2020 году ў матчы супраць «Голдэн Стэйт Ўорыярз» ён набраў 61 пункт. Празь дзевяць дзён ён зрабіў свой першы ў кар’еры трыпл-дабл, набраўшы 36 пунктаў, зрабіўшы 10 падбораў і 11 перадач у матчы супраць «Г’юстана». 30 студзеня 2020 году ён у пяты раз быў абраны на матч усіх зорак НБА, але ня здолеў узяць удзел праз траўму. 11 жніўня 2020 году ў матчы супраць «Далас Мавэрыкс» ён паўтарыў сваё бамбардзірскае дасягненьне, набраўшы 61 пункт. Ён стаў другім гульцом у гісторыі пасьля Ўілта Чэмбэрлена, які набраў 60 і больш пунктаў у трох гульнях за адзін сезон.

У 2021 годзе дапамог камандзе трапіць у плэй-оф, але адтуль клюб быў выбіты «Дэнвэрам», не зважаючы на 55 набраных пунктаў гульца ў пятым матчы сэрыі. 13 студзеня 2022 году Ліларду зрабілі апэрацыю праз пашкоджаньне чэраўнай паражніны, чым быў выключаны на 6—8 тыдняў[8][9]. 10 лютага часовы генэральны менэджэр «Блэйзэрз» Джо Кронін заявіў, што Лілард «хутчэй за ўсё» прапусьціць сэзон 2021—2022 гадоў[10]. 21 сакавіка Лілард быў афіцыйна выключаны на рэшту сэзону[11]. Прапусьціўшы апошнія 47 гульняў у леташнім сэзоне праз траўму, Лілард набраў 41 пункт у другой і трэцяй гульнях «Портлэнду» ў новым сэзоне[12]. Лілард стаў адным з васьмі гульцоў усіх часоў, якія двойчы набіралі ня менш за 40 пунктаў у першых трох гульнях сваёй каманды ў сэзоне. 25 студзеня 2023 году Лілард набраў 60 пунктаў, закінуўшы дзевяць трохпунктвых, а таксама зрабіў сем падбораў, восем перадач і тры перахопы ў пераможным зь лікам 134:124 матчы супраць «Юты Джаз». 26 лютага ён пераўзвысіў гэты паказьнік, зарабіўшы 71 пункт у матчы супраць «Г’юстан Рокетс».

У верасьні 2023 году гулец быў абменены ў «Мілўокі Бакс» у рамках грандыёзнай дамовы паміж трыма клюбамі, у якой яшчэ браў удзел «Фінікс Санз». Лілард дэбютаваў у «Бакс» 26 кастрычніка 2023 году ў матчы супраць «Філадэльфіі Сэвэнці Сыксэрз», набраўшы 39 пунктаў[13]. 19 сьнежня Лілард набраў 40 пунктаў у пераможным матчы супраць «Сан-Антоніё Спэрз» і пераадолеў паказьнік у 20 тысяч пунктаў за кар’еру[14]. 30 студзеня 2025 году Лілард быў прызначаны запасным на матч усіх зорак НБА, такім чынам ён дзявяты раз узяў удзел у матчы ўсіх зорак[15]. 27 красавіка ў чацьвертай гульні сэрыі супраць «Індыяны Пэйсэрз» Лілард атрымаў траўму левай лыткі ў першай чвэрці, спрабуючы зрабіць падбор. МРТ, зробленая на наступны дзень, выявіла, што ў баскетбаліста адбыўся разрыў ахілавага сухажыла, што датэрмінова завершыла ягоны сэзон, а таксама паставіла пад сумнеў гатоўнасьць гульца да сэзону 2025—2026 гадоў[16]. 6 ліпеня каманда адмовілася ад Ліларду, але ўжо 19 ліпеня ён узгодніў трохгадовую працоўную ўгоду з «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» на 42 мільёны даляраў[17].

  1. Damian Lamonteollie Lillard, Born 07/15/1990 in California | CaliforniaBirthIndex.org
  2. 1 2 3 Нацыянальная баскетбольная асацыяцыя — 1946.
  3. 1 2 Damian Lillard // FIBA database
  4. «NBA’s 75 Anniversary Team Players». NBA.
  5. «Trail Blazers Sign Damian Lillard to Contract Extension». NBA.
  6. «Damian Lillard named NBA Western Conference all-star». Portland Trail Blazers.
  7. «Damian Lillard Named All-NBA First Team». Portland Trail Blazers.
  8. Windhorst, Brian (12.01.2022). «Portland Trail Blazers’ Damian Lillard has surgery for abdominal injury». ESPN.
  9. Peterson, Anne (22.01.2022). «Portland’s Damian Lillard discusses his surgery, possible return». NBA.
  10. «Damian Lillard 'Most Likely' Done for Season with Abdominal Injury, Blazers GM Says». Bleacher Report.
  11. «Damian Lillard injury update». NBA.
  12. «Lillard, Grant lead Blazers’ late rally past Lakers, 106-104». ESPN.
  13. «Lillard scores 39 points in his Bucks debut to help Milwaukee edge the Philadelphia 76ers 118-117». APnews.
  14. Postrado, Jay (19.12.2023). «Damian Lillard’s heartfelt take on reaching 20,000 points with Bucks». ClutchPoints.
  15. «Victor Wembanyama, Jaylen Brown highlight 2025 All-Star Game reserves». NBA.
  16. Wimbish, Jasmyn (27.04.2025). «Damian Lillard injury update: Bucks star diagnosed with torn Achilles suffered during playoff game, per report». CBS Sports.
  17. Holdahl, Casey (19.07.2025). «Trail Blazers Sign Nine-Time All-Star Damian Lillard». NBA.