Дынар Рэспублікі Сэрбскай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Дынар Рэспублікі Сэрбскай
Краіна Рэспубліка Сэрбская
Абменны курс:
()
1 YUM = 1 дынар

Дынар Рэспублікі Сэрбскай (па-сэрбску: Динар Републике Српске) — грашовая адзінка Рэспублікі Сэрбскай у 1992—1998 гадах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дынар быў уведзены ў 1992 годзе і знаходзіўся ў абароце паралельна зь югаслаўскім дынарам у суадносінах 1:1.

Банкноты Народнага банку Рэспублікі Сэрбскай Босьніі і Герцагавіны ўзору 1992 году былі выдадзеныя наміналам у 10, 50, 100, 500, 1000, 5000, 10 000 дынараў. Потым былі выпушчаны банкноты з аналягічным афармленьнем узору 1993 году ў 50 000, 100 000, 1 мільён, 5 мільёнаў, 10 мільёнаў дынараў. У 1993 годзе былі выпушчаны банкноты ў 50 дынараў узору 1992 году з наміналам, зьмененым на 50 мільёнаў дынараў шляхам нанясеньня наддрукоўкі «МИЛИОНА ДИНАРА».

12 жніўня 1992 году была зьменена назва банку, які стаў звацца Народны банк Рэспублікі Сэрбскай. Банкноты з новай назвай банку былі выпушчаны ў 1993 годзе з захаваньнем дызайну банкнот папярэдніх выпускаў. Наміналы банкнот узору 1993 году з новай назвай банку: 100 мільёнаў, 1 мільярд, 10 мільярдаў дынараў.

1 кастрычніка 1993 году была праведзена дэнамінацыя дынару 1 000 000:1, адначасна з дэнамінацыяй югаслаўскага дынару. Пачаты выпуск банкнот новай сэрыі ўзору 1993 году. На ўсіх банкнотах гэтага выпуску быў намаляваны партрэт Петара Кочыча. Выпушчаны банкноты ў 5000, 50 000, 100 000, 1 мільён, 5 мільёнаў, 100 мільёнаў, 500 мільёнаў, 10 мільярдаў, 50 мільярдаў дынараў.

24 студзеня 1994 году ў Югаславіі ўведзены «новы дынар», курс якога быў прымацаваны да нямецкай маркі. «Пратаколам пра адзінства грашовага звароту Саюзнай Рэспублікі Югаславія, Рэспублікі Сэрбскай і Рэспублікі Сэрбская Краіна» ад 15 лютага 1994 году ўсталёўвалася, што новы дынар зьяўляецца іх адзінай грашовай адзінкай. Выпуск дынару Рэспублікі Сэрбскай быў спынены.

У 1998 годзе ў адпаведнасьці з Дэйтанскім пагадненьнем у Рэспубліцы Сэрбскай уведзена ў зварот басьнійская канвэртуемая марка.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Cuhaj G.S. Standard Catalog of World Paper Money. Modern Issues 1961–Present. — Iola: Krause Publications, 2011. — 1112 с. — ISBN 978-1-4402-1584-1