Другі шанец (фільм, 2014)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Другі шанец
En chance til
Жанр трылер, драма
Рэжысэр Сусана Бір
Сцэнарыст Андэрс Томас Енсэн
Прадусар Сысэ Граўм Ёргенсэн
У ролях
Кампазытар Ёган Сэдэрквіст
Апэратар
  • Мікаэль Кіт Сьнюман
  • Геір Гартлі Андрэасэн
Мантаж
Вытворчасьць
Распаўсюд Teodora Film[d] і Cirko Film[d][1][2]
Дата выхаду 9 верасьня 2014 (9 гадоў таму)
Працягласьць 105 хв.
Краіна Данія Данія
Мова дацкая, швэдзкая
Бюджэт 35 млн кронаў
Старонка на IMDb

„Другі́ ша́нец“ (па-дацку: En chance til) — вострасюжэтны дацкі фільм 2014 року рэжысэркі Сусаны Бір. У галоўных ролях зьняліся Мікалай Костэр-Вальдаў, Ульрых Томсэн, Марыя Банэві, Мікалай Ле Кос ды Люге Май Андэрсэн.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Паліцэйскія дэтэктывы Андрэас і Сыман едуць на выклік па адрасе, дзе адбываецца сямейная спрэчка. У захламленай кватэры гандляра наркотыкамі яны знаходзяць немаўля, якое ляжыць ва ўласных спаражненьнях. Сямігадовага Софуса забірае сацыяльная служба, але, высьветліўшы, што дзіця здаровае, вымушаная вярнуць яго ў сям’ю, хоць бацькі Трыстан і Санэ ня надта ім апекуюцца.

Андрэас з жонкай Ганнай таксама маюць сямігадовага сына Аляксандра. Яны вельмі яго любяць і клапоцяцца, хоць часам гэта і няпроста. Часам Ганьне проста бракуе нэрваў, і Андрэасу даводзіцца займацца сынам самому. Аднаго ранку Андрэас прачынаецца ад галасу Ганны, якая знайшла Аляксандра нежывым. Апантаная Ганна пагражае забіць сябе, калі Андрэас вырашыць выклікаць хуткую дапамогу — бо лекары адбяруць у яе Аляксандра. Яна спрабуе карміць мёртвага сына, не асэнсоўваючы, што робіць. Андрэас супакойвае жонку ды пераконвае тую прыняць снатворныя лекі, а сам вязе цела ў хуткую. Аднак на паркоўцы шпіталю ён перадумвае і вырашае ехаць у кватэру Трыстана і Санэ, дзе падмяняе дзяцей. Прачнуўшыся зранку, Ганна адмаўляецца прыняць дзіця і патрабуе вярнуць ёй Аляксандра.

Прачнуўшыся ад наркатычнага сну, Трыстан заўважае, што Софус мёртвы. Санэ спрабуе яму патлумачыць, што гэта ня ейны сын; але Трыстан разважае пра тое, як пазьбегнуць вяртаньня ў турму і едзе з пустым дзіцячым вазком на шумную вуліцу, дзе робіць выгляд, нібыта хтосьці выкраў зь яе дзіцёнка, пакуль сам быў адвярнуўшыся. На расьсьледаваньне прыбываюць Андрэас і Сыман, якія вядуць допыт Трыстана і Санэ. Андрэас, ня выдаючы сябе, спрабуе даказаць, што выкраданьня не было, а бацькі недзе схавалі мёртвае цела (Аляксандра).

Выглядае, што Ганна ўрэшце прыняла сытуацыю. Як і раней, яна вырашае прагуляцца пасярод ночы з сынам. Спыніўшыся на мосьце, яна пакідае пасярод дарогі дзіцячы вазок з Софусам. Кіроўцу грузавіка, які гэта заўважыў, яна ўпрошвае забраць дзіця сабе, а калі той адварочваецца, Ганна скоча з мосту ў воду. Пасьля ейнага самагубства Софуса дапамагае даглядаць Андрэасава мама.

Андрэас з партнэрам, які таксама ня верыць у вэрсію з выкраданьнем, спрабуюць прымусіць Трыстана гаварыць. Андрэас хібіць, называючы пры гэтым дзіця „Аляксандрам“ замест „Софуса“. Пасьля таго, як паліцыянты кажуць Андрэасу, нібыта Санэ прызналася, але ім патрэбнае цела, каб даказаць, што немаўля памерла да раптоўнага сындрому, той вырашае расказаць праўду. Андрэас рэагуе выбухам гневу ды зьбівае Трыстана, пасьля чаго ягоная начальніца адхіляе яго ад працы да сустрэчы з псыхолягам. Трыстан паказвае месца ў лесе, дзе закапаў дзіцячае цела.

Санэ зьмяшчаюць у псыхіятрычны шпіталь. Яна працягвае сьцьвярджаць, што памерлае дзіця — ня Софус.

Пасьля ўскрыцьця Аляксандра высьвятляецца, што ён загінуў ад унутрымазгавога кровазьліцьця, спрычыненага рэзкім страсеньнем, а таксама на целе выяўленыя некалькі застарэлых сінякоў і пераламаных рэбраў. Андрэас усьведамляе, што гэтыя траўмы ўчыніла ягоная жонка. Андрэас забірае Софуса і адвозіць яго на дачу. Тым часам ягоны паплечнік Сыман здагадваецца, чаму Андрэас так балюча рэагаваў на расповеды Трыстана ды блытаў імёны Аляксандра і Софуса. Ён знаходзіць Андрэаса ды пераконвае таго зрабіць адзіна слушны ўчынак — чыстасардэчна павініцца. У такім разе яго звольняць з працы ў праваахоўных органах, але дадуць толькі ўмоўны тэрмін з прычыны значных зьмякчальных акалічнасьцяў.

Андрэас прывозіць Софуса ў вар’ятню, каб аддаць яго Санэ. Мінае некалькі гадоў, Андрэас працуе ў гаспадарчай краме і заўважае Санэ, якая прыйшла на закупы. Непадалёк ходзіць хлопчык, паразмаўляўшы зь якім, Андрэас бачыць, што жыцьцё Санэ і Софуса наладзілася.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

У ролях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Актор Роля
Мікалай Костэр-Вальдаў Андрэас Андрэас
Ульрых Томсэн Сыман Сыман
Марыя Банэві Ганна Ганна
Мікалай Ле Кос Трыстан Трыстан
Люге Май Андэрсэн Санэ Санэ
Бодыль Ёргенсэн судмэдэкспэрт
Томас Бо Лярсэн Кляўс Кляўс
Кірстэн Лефэльт Юлія Юлія
Сэс Эгелінд Караліна Караліна
Шарлёта Фіх судзьдзя

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ http://nmhh.hu/dokumentum/169802/premierfilmek_forgalmi_adatai_2015.xlsx
  2. ^ http://nmhh.hu/dokumentum/198182/terjesztett_filmalkotasok_art_filmek_nyilvantartasa.xlsx