Другая Ўсебеларуская краязнаўчая канфэрэнцыя
Другая Ўсебеларуская краязнаўчая канфэрэнцыя адбылася 7—12 студзеня 1929 року ў Менску.
Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязнаўчых арганізацыяў (аб’ядноўвалі больш за 10 000 членаў), прадстаўнікі краязнаўчых таварыстваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Аляксандар Ляўданскі, Мікалай Касьпяровіч, Ісак Сербаў ды іншыя. Вырашыла арганізацыйныя пытаньні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, справаздача Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) і акружных таварыстваў, зьмены ў статуце і выбары ЦБК, зацьвярджэньне новых чальцоў-карэспандэнтаў ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэньне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязнаўчыя музэі, выдадзены чарговыя зборнікі краязнаўчых прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісаньні Асіпавіцкага і Горацкага раёнаў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выданьня апісаньні шэрагу населеных пунктаў. Праца канфэрэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацненьня таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязнаўчых дасьледаваньняў, узмоцненае вывучэньне рэвалюцыйнага руху, новых рыс у побыце працоўных мас.