Перайсьці да зьместу

Домэн Прэўц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Домэн Прэўц
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся4 чэрвеня 1999(1999-06-04)[1] (26 гадоў)
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыяскакун з трампліну

Домэн Прэўц (па-славенску: Domen Prevc; нар. 4 чэрвеня 1999 году) — славенскі скакун на лыжах з трампліну. Пераможца Турнэ чатырох трамплінаў 2025—2026 гадоў. Паходзіць з спартовай сям’і, бо ягоныя браты Пэтэр і Цэнэ, а таксама сястра Ніка таксама прафэсійна займаюцца ці займаліся скачкамі з трампліну.

Спартовец у 2017 годзе.

Дэбютаваў у Кубку сьвету 22 лістапада 2015 году ў Клінгенталі, заняўшы восьмае месца. Яму спатрэбілася ўсяго чатыры старты на турніры, каб дасягнуць свайго першага подыюма 19 сьнежня 2015 году ў Энгельбэргу, дзе спартовец заняў другое месца[2]. На гэтым спаборніцтве Домэн і Пэтэр Прэўцы ўдвох узьняліся на подыюм, стаўшы першымі братамі-прызэрамі ў гісторыі Кубка сьвету[3]. Упершыню перамог на этапе Кубка сьвету 25 лістапада 2016 году на адкрыцьці сэзону ў Руцы. Неўзабаве пасьля гэтага, у сьнежні, ён здабыў перамогі яшчэ ў трох стартах у Клінгенталі, Лілегамэры і Энгельбэргу[4][5][6].

У наступныя гады славенец ня меў вялікіх посьпехаў, часам прапускаючы спаборніцтвы і часта фінішуючы ў другой ці трэцяй дзясятцы. У выніку Прэўц нават ня быў запрошаны на чэмпіянат сьвету 2017 году. Толькі 28 студзеня 2023 году спартовец упершыню амаль за пяць гадоў узьняўся на подыюм на этапе Кубка сьвету ў Аўстрыі, а чарговая перамога на этапе адбылася толькі 18 лютага 2024 году ў японскім Сапара.

Прарыў адбыўся на чэмпіянаце сьвету 2025 году, дзе Прэўц узяў залатыя мэдалі на вялікім трампліне ў асабістых выступах і ў складзе славенскай каманды, а таксама разжыўся срэбрам у мяняшай камандзе. 30 сакавіка 2025 году ў Планіцы скакун усталяваў новы сусьветны рэкорд, скокнуўшы на 254,5 мэтры[7]. Фантастычна пачаў сэзон 2025—2026 гадоў, з канца лістапада па пачатак студзеня заўжды трапляючы на подыюм. Пры гэтым спартовец запар перамог у пяці з шасьці стартах сьнежня. На сутыку 2025 і 2026 гадоў упершыню ў кар’еры стаў пераможцам Турнэ чатырох трамплінаў[8].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]