Дзень славянскага пісьменства і культуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
славянская традыцыя
Назва сьвята Дзень славянскага пісьменства і культуры
Час сьвяткаваньня 24 траўня

Дзень славя́нскага пісьме́нства і культу́ры — сьвята ў розных славянскіх краінах, якое адзначаецца штороку 24 траўня ў дзень ушанаваньня памяці сьвятых Кірылы і Мятода.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя сьвята зьвязаная з царкоўнай традыцыяй шанаваньня ў Баўгарыі 11 траўня роўнаапостальных сьвятых асьветнікаў Кірылы і Мятода. Найранейшыя зьвесткі пра сьвяткаваньне паходзяць з XII стагодзьдзя, а ў эпоху баўгарскага Адраджэньня яно ператварылася ў сьвята створанай імі азбукі.

Таксама памяць сьвятых братоў шанавалі й іншыя славянскія народы, але з часам гэтая традыцыя была страчаная. З пачатку XIX стагодзьдзя нароўні з адраджэньнем славянскіх народнасьцей аднавілася і шанаваньне славянскіх асьветнікаў.

Сьвяткаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баўгарыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З ініцыятывы баўгарскага нацыянальнага дзеяча Найдэна Герава (1823—1900) сьвята адзначаецца ў Баўгарыі 11 траўня (паводле юліянскага календара) з 1851 року.

У 1892 року настаўнік музыкі Стаян Міхайлаўскі (1856—1927) напісаў тэкст агульнашкольнага гімну, названага «Гімн сьвятых Кірылы і Мятода». У 1900 року кампазытар Панаёт Піпкаў (1871—1942) напісаў да яго музыку.

У 1916 року зь пераходам Баўгарыі на грыгарыянскі каляндар сьвята перанесенае на 24 траўня. У 1990 року Народны сход Баўгарыі абвясьціў 24 траўня Днём баўгарскай асьветы, культуры і славянскага пісьменства (па-баўгарску: Ден на българската просвета, култура и славянската писменост).

З далучэньнем Баўгарыі да Эўразьвязу 1 студзеня 2007 року кірыліца стала ягонай трэцяй афіцыйнай азбукай.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая марка Беларусі

У 1990 року цэнтрам сьвяткаваньня савецкага дня славянскай культуры і пісьменства быў абраны Менск.

Паўночная Македонія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Паўночнай Македоніі сьвята афіцыйна завецца Дзень усеславянскіх асьветнікаў і вучыцялёў (па-македонску: Ден на сесловенските просветители и учители) або Дзень сьвятых салунскіх братоў сьвятых Кірылы і Мятода (па-македонску: Ден на Светите браќа на Солун, Свети Кирил и Методиј). Асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца ў Охрыдзе.

Расея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1863 року з нагоды сьвяткаваньня 1000-годзьдзя Мараўскай місіі сьвятых Кірылы і Мятода расейскі Сьвяты Сынод вызначыў штогадовае сьвяткаваньне ў гонар вялебных Кірылы і Мятода 11 траўня.

У 1985 року, у адзначэньне 1100-годзьдзя скону Мятоду, у СССР дзень 24 траўня быў абвешчаны «сьвятам славянскай культуры і пісьменства»[1].

З 1991 року ў РСФСР пастаноўленае штогадовае адзначэньне «Дзён славянскай культуры і пісьменства» з сталіцай у новым населеным пункце[2]. З 2010 року гэтая традыцыя скасаваная, адгэтуль асноўныя ўрачыстасьці адбываюцца ў Маскве[3].

Славаччына і Чэхія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзень сьвятых роўнаапостольных братоў Кірылы і Мятода (па-славацку: Sviatok svätého Cyrila a svätého Metoda, па-чэску: Den slovanských věrozvěstů Cyrila a Metoděje) адзначаецца штороку 5 ліпеня, у дзень прыходу сьвятых у Вялікую Маравію.

Украіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая марка Ўкраіны

З 2005 року 24 траўня Дзень славянскага пісьменства і культуры (па-ўкраінску: День слов’янської писемності і культури) адзначаецца ва Ўкраіне.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]