Перайсьці да зьместу

Дзень вяртаньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Дзень вяртаньня»
Жанр драма
Рэжысэр Г. Глебка
Сцэнарыст Аляксандар Дзянісавіч Зайцаў
Прадусар Сяргей Сычоў
У ролях Віктар Тарасаў, Тацьцяна Васільева, Генадзь Гарбук
Кампазытар Пётар Альхімовіч
Апэратар Зьміцер Яўгенавіч Зайцаў
Мантаж Е. Воўкава
Мастак Юры Альбіцкі
Вытворчасьць «Беларусьфільм»
Дата выхаду 1979 (46 гадоў таму)
Працягласьць 63 хвіліны
Краіна Беларусь
Мова беларуская
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Дзень вяртаньня» — беларуская кінадрама 1979 году пра вяртаньне партызана ў родную вёску ўлетку 1944 году.

3 ліпеня 1996 году паказ фільму зладзілі ў менскім кінатэатры «Сьцяг» па Вялікамарской вуліцы, дом 3[1].

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

25 ліпеня 1944 году беларускі партызан Алесь Белы вяртаецца ў родную вёску Кавальцы (Гарадзенская вобласьць) на Нёмане. Пара нямецкіх жаўнераў на матацыкле падпальвае жытняе поле. Селянін падстрэльвае зь вінтоўкі падпальшчыка. Паранены немец адстрэльваецца з кулямёта, зь якога забівае дачку сялянкі Марыі. Пасьля тушэньня пажару ў полі Алесь даведваецца ад дзядзькі Станіслава Валевіча, што яго хату спалілі, а бацька Рыгор загінуў.

На зажынкі Васіль Гнасюк дзеліць між сялянаў зямлю сажаньню па 2 дзесяціны на душу як было за саветамі да вайны. Пасьля 29 сажняў застаюцца дзялянкі 4-х загінулых на вайне сялянаў. Да дзеленага поля завітваюць суседзкія хутаране, чые палі і хаты спалілі. Алесь Белы прыбірае толькі ўсталяваныя межы, пасьля чаго сяляне вырашаюць падзяліць поле гуртам з удзелам хутаранаў.

Сын старасты Стась змушае дзеда Міхася гнаць кароваў уздоўж балота лесам, каб утаіць ад раскулачваньня, у абмен на адну з кароваў. Затым ён упалёўвае дзіка ў лесе, дзе яго знаходзіць паўтузін немцаў з правадніком. Нямецкі лейтэнант загадвае Стасю забясьпечыць ім начлег. Аляксандра абураецца, што яе муж Стась прывёў немцаў.

Увечары старасту Юзафа Бакіевіча клічуць на сельскі сход, але немцы выпраўляюць з хаты Стася. На сходзе Стась адмаўляе старшыні Станіславу Валевічу ў выдачы часткі жыта з зарэчаньскіх дзесяцінаў, якое прыхаваў ад немцаў. Уначы Васіль Гнасюк завітвае да Юзафа, дзе яго на ганку заразае немец. Юзаф выпраўляе нявестку Аляксандру па ваду для немцаў да дальняга калодзежу, але двое немцаў даганяюць яе на вуліцы.

На сьвітанку Стась раніць сельскага ахоўніка Калесьніка і ўцякае з-пад варты. Сяляне вырашаюць ісьці на дом Юзафа Бакіевіча. Забачыўчы натоўп, немцы пачынаюць страляць з кулямёта. У страляніне гіне некалькі сялянаў, у тым ліку Галенчык. Юзаф падпальвае свой дом, таму немцы ратуюцца адтуль уцёкамі. На вуліцы іх перабіваюць сяляне[2].

Іншыя ролі выконвалі: Валер Жукаў, Леанід Крук, Вадзім Ганшын, Павал Кармунін, Віктар Праскурын (немец Вільлі), Леанід Юдаў і Галіна Макарава (маці паліцыянта). У эпізодах гралі: Натальля Азаронак, Ірына Бярыла, А. Бяспалы, А. Бяляеў, Г. Вельц, Э. Гарачы, Л. Грывянёў, А. Градаў, А. Зіміна, А. Іваноў, Т. Мужэнка, Уладзімер Швадовіч, Г. Тэйх, В. Шалкевіч і Г. Шчарбакоў[2].

У кінадраме «Дзень вяртаньня» скарысталі вершы Максіма Багдановіча. Мастацкім кіраўніком фільму выступіў Віктар Тураў, а гукарэжысэрам — Гернард Басько. Грымэрам быў Г. Храпуцкі, а касьцюмэрам — Н. Жыжаль. Дырэктарам фільму працавала Любоў Баталава, а рэдактарам — Раман Тармола. Апэратарамі былі Н. Сянько і Е. Фамін, дэкаратарам — В. Крупнік, а фатографам — С. Палішчук. Майстрам па сьвятле працаваў В. Савіцкі. Камбінаваныя здымкі выконвалі апэратар М. Калачынскі і мастак І. Каваленка[2].

  1. ^ Кіно. Менск / гал.рэд. Сяргей Дубавец // Наша ніва : газэта. — 1 ліпеня 1996. — № 16 (54). — С. 11. — ISSN 1819-1614.
  2. ^ а б в «Дзень вяртаньня» (1979, ваенная драма, высокае разрозьненьне) // Відэаканал «Ваенныя фільмы і сэрыялы», 4 траўня 2023 г. Архіўная копія ад 18 студзеня 2024 г. Праверана 7 лютага 2025 г.
  3. ^ Актор-легенда Купалаўскага тэатру // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 29 сьнежня 2024 г. Праверана 7 лютага 2025 г.
  4. ^ Гарбук Генадзь Міхайлавіч // Партал «Нашыя людзі», 2024 г. Праверана 7 лютага 2025 г.