Перайсьці да зьместу

Дар`я Мандзік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дар`я Мандзік
Дата нараджэньня 25 траўня 1993(1993-05-25) (33 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак малярка, ілюстратарка, кераміст

Дар’я Мандзік (25 траўня 1993, Менск) — беларуская архітэктарка, мастачка-кераміст і ілюстратарка, пісьменьніца.

Нарадзілася 25 мая 1993 году ў Менску. Скончыла менскую гімназію № 57 з архітэктурна-мастацкім ухілам. Паступіла на архітэктурны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ)[1].

У 2014 годзе ў ліку 11 студэнтаў, адабраных для старажоўкі ў Італіі, Партугаліі і Гішпаніі па праграме абмену «Erasmus Mundus», цягам года навучалася ў Лісабонскім унівэрсытэце (Партугалія). Вывучала эўрапейскія падыходы да рэстаўрацыі і работы з гарадзкім асяродзьдзем [2].

У 2024 годзе, 14 лютага затрымана падчас рэйду сілавікоў супраць архітэктарскай супольнасьці (агулам затрымана каля 40 чалавек) [3]. Паводле СМІ, падставай мог стаць фотаздымак з маршаў пратэсту 2020 году, дзе архітэктары ішлі асобнай калёнай. Утрымлівалася ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Дар’ю палітычнай зьняволена[4]й.

Абвінавачаная паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Разгляд справы пачаўся 27 чэрвеня 2024 году ў судзе Цэнтральнага раёна Менску. 28 чэрвеня 2024 году судзядзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Дар’і 3 гады абмежаваньня волі бэз накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). 19 ліпеня 2024 года Дар’я Мандзік унесена МУС у «сьпіс экстрэмістаў».

Прафэсійная і творчая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Архітэктура і ўрбаністыка

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Падчас стажыроўкі ў Партугаліі працавала ў праекце рэканструкцыі закінутай вуліцы ў цэнтры Лісабону на замову муніцыпалітэту, праводзіла замеры, апісаньні будынкаў і камунікавала зь мясцовымі жыхарамі. У межах навучаньня наведвала горад Іданья-а-Велья дзеля распрацоўкі архітэктурных рашэньняў для паселішча. Як архітэктар вылучае тры падыходы да рэстаўрацыі: дакладнае аднаўленьне па гравюрах, захаваньне руін або кантраст старой пабудовы з сучаснымі элемэнтамі[2].

У сакавіку 2016 году выступала на канфэрэнцыі «TEDxYouth@Hrodna» з прамовай «Архітэктура: сфармуляваць тое, што адчуваеш». Разважала пра фізіялягічнае ўзьдзеяньне асяродзьдзя на чалавека, крытыкавала «агрэсіўныя» візуальныя палі (фасады з манатоннымі шэрагамі вокнаў) і «гамагенныя» зоны (пустыя сцэны), якія стамляюць мозг чалавека. Актыўна прасоўвала канцэпцыю «права на горад», даючы прыкладам згуртаванасьць жыхароў Асмалоўкі ў Менску для захаваньня свайго раёну[5].

Кераміка і фэстываль «Дым»

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

З архітэктуры Дар’я прыйшла ў кераміку, тлумачыла гэта патрэбай у бачным матэрыяльным выніку і працы рукамі. Разам з Анастасіяй Мілаванавай заснавала і арганізавала міжнародным фэстываль экспэрымэнтальнай керамікі «Дым» у Лынтупах Пастаўскага раёну[6][7]. Фэстываль базаваўся ў культурным цэнтры «Культыватар» (вуліца Галубкова, 21) у Лынтупах.

  • Першы фэстываль прайшоў 12-25 жніўня 2019 году (кульмінацыя — 24 жніўня). У пленэры ўдзельнічалі 12-13 керамістаў зь Беларусі, Украіны, Расеі (Санкт-Пецярбург, Рэспубліка Комі), Баўгарыі[8]
  • Другі фэстываль адбыўся 3-16 жніўня 2020 году[9].

На фэстывалі папулярызавалі складаныя і архаічныя віды абпалу: у яме, у кастры, раку-абпал, абвару. Падчас фэсту створана гліняная скульптуры мядзьведзя Локіса (аўтары Кацярына Алімава і іншыя), якую перадалі пагранзаставе «Лынтупы»[10].

Дар’я была сталай удзельніцай выставы-кірмашу «Чароўны Млын», дзе прэзэнтавала аўтарскі посуд (кубкі, збаны, талеркі), ключніцы і дробную скульптуру з арыгінальным росьпісам. Да 2021 году паступова амаль цалкам пераключылася з керамікі на ілюстрацыю[11].

Графічны дызайн і ілюстрацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 2012 годзе Дар’я Мандзік (разам зь Янай Войцік) распрацавала праект «Не маўчы па-беларуску» — сэрыю малюнкаў-падказак зь беларускімі назвамі прадметаў ужытку. Праект заняў другое месца на беларуска-польскім конкурсе графічнага дызайну «МЫ2012»[12].. Пазьней на падставе гэтых малюнкаў былі выдадзены камплекты паштовак (2014, 2016) і перакідныя календары на 2015, 2016 і 2017 гады.

Стварыла малюнкі для «Календара па-беларуску» на 2022 год[13]. Таксама ілюстравала зборнік «Чытанка для маленькіх — 2» (2016), кнігу «Ян, Яніна, Васіліна: правы чалавека і дзіцяці ў малюнках» (2019, тэксты Марыі Мартысевіч), уласную аўтарскую кнігу-казку «Прыгоды ў зачараваным замку» (2026)[14]..

Літаратурная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У красавіку 2026 году ў выдавецтве «Папуры» выйшла дзіцячая аўтарская кніга Дар’і Мандзік «Прыгоды ў зачараваным замку». Казка расказвае пра прыгоды «лісы-кілбасы». Дар’я — аўтарка тэксту і ілюстрацый. У кнізе ёсьць тлумачальны слоўнічак.

  • Другое месца на конкурсе графічнага дызайну «МЫ2012» за праект «Не маўчы па-беларуску» (стажыроўка ў Польшчы і грашовая ўзнагарода ў 1250000 беларускіх рублёў).
  1. Даведка: Мандзік, Дар'я Сяргееўна (мастачка ; нар. 1993) (бел.) Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі
  2. 1 2 Студэнтка БНТУ Дар'я Мандзік аб асаблівасцях архітэктуры і жыцця ў Партугаліі (бел.). Звязда.
  3. Праваабаронцы назвалі імёны чатырох архітэктараў, якіх затрымалі па крымінальным артыкуле (бел.). Наша Ніва (2024-03-09).
  4. У чацвер у Мінску пачнецца суд па справе архітэктараў (бел.). Наша Ніва (2024-06-26).
  5. Архітэктура: сфармуляваць тое, што адчуваеш (бел.). TEDxYouth@Hrodna.
  6. Пусціць 3200 рублёў на “Дым” і стаць сведкам чарадзейства (бел.). Еўрарадыё.
  7. Як зрабіць фестываль з нуля? Досвед дзвюх беларусак (бел.) Haroshak.by. RSSing.com.
  8. Фестиваль керамики "Дым" в Лынтупах (рас.). greenbelarus.info (Зялёны партал) (2019-08-24).
  9. dymfest (бел.) Instagram
  10. На погранзаставе «Лынтупы» поселился загадочный человекозверь — медведь Локис (рас.). Поставский край.
  11. Беларускамоўныя старонкі майстроў, мастакоў і дызайнераў (бел.). ALOVAK (2021-02-21).
  12. «Не маўчы па-беларуску»Шаблён:Ref-be-tarask. Радыё Свабода (2012-12-03).
  13. Беларускія календары на 2022 год (бел.). ALOVAK.
  14. Выйшла дзіцячая кніга пра прыгоды лісы-кілбасы (бел.). Белліт (2026-04-28).