Перайсьці да зьместу

Даніель Чофэніг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Даніель Чофэніг
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся28 сакавіка 2002(2002-03-28) (23 гады)
Грамадзянства
Прафэсійная інфармацыя
Спэцыялізацыяскакун з трампліну
Узнагароды і мэдалі

Даніель Чофэніг (па-нямецку: Daniel Tschofenig; нар. 28 сакавіка 2002 году) — аўстрыйскі скакун на лыжах з трампліну. Паходзіць з славенскай супольнасьці ў Аўстрыі.

Дэбютаваў у Кантынэнтальным кубку ў сэзоне 2020—2021 гадоў 18 сьнежня 2020 году ў фінскай Руцы. Тады 18-гадовы спартовец фінішаваў на 19-м месцы. 6 студзеня 2021 году скакун запачаткаваў выступы на Кубку сьвету на 69-м Турніры чатырох трамплінаў. 19 лютага ў складзе аўстрыйскай каманды на Кубку сьвету ў Рышнаве заняў дзявятае месца, упершыню трапіўшы ў дзясятку найлепшых. На наступны дзень фінішаваў трэцім у складзе зьмяшанай каманды Аўстрыі.

Спартовец у 2023 годзе.

У сэзоне 2021—2022 гадоў заняў 18-ы радок у Турніры чатырох трамплінаў. Працягнуў удзельнічаць у спаборніцтвах Кубка сьвету і 16 студзеня 2022 году заняў пятае месца ў Закапанах[1]. Пасьля гэтага Аўстрыйскі алімпійскі камітэт вылучыў яго на зімовыя Алімпійскія гульні 2022 году ў Пэкіне[2], аднак удзелу ў спаборніцтвах ня браў. 11 лютага 2023 году ўпершыню фінішаваў на подыюме Кубка сьвету, заняўшы трэцяе месца на вялікім алімпійскім трампліне ў Лэйк-Плэсыдзе. На чэмпіянаце Аўстрыі ў кастрычніку 2023 году ў Гінцэнбаху і Бішафсгофэне здабыў залатыя мэдалі як на звычайным, гэтак і на вялікім трамплінах[3].

На пачатку сэзону 2024—2025 гадоў Чофэніг быў у выдатнай форме. Пасьля другога месца на адкрыцьці Кубка сьвету ў Лілегамэры выйграў свае першыя этапы Кубка сьвету праз два тыдні ў Вісьле. Гэта зрабіла яго першым спартоўцам, народжаным у XXI стагодзьдзі, які дасягнуў індывідуальнай перамогі ў Кубку сьвету. Далей рушыў адрэзак зь перамог. На Турніры чатырох трамплінаў, атрымаўшы дзьве перамогі ў Гарміш-Партэнкірхэне і Бішафсгофэне, а таксама два трэція месцы, чым забясьпечыў перамогу ў турніры, апярэдзіўшы сваіх суайчыньнікаў Яна Гёрля і Штэфана Крафта. Пасьля перамогі ў Гарміш-Партэнкірхэне ўпершыню ў сваёй кар’еры пераняў жоўтую кашулю лідэру Кубка сьвету ад Піюса Пашке. Спартовец захаваў лідэрства да канца сэзону ўпершыню стаўшы пераможцам Кубка сьвету.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]