Гісторыя Сьмілавічаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

У другой палове ХІV стагодзьдзя тэрыторыю Ігуменшчыны (сучаснай Чэрвеньшчыны) падзялялі паміж сабой чатыры воласьці. Заходняя частка, прыкладна да лініі сучасных вёсак Валевічы і Волма, адносілася да вялікай воласьці Бакшты, вылучанай са складу ранейшага Менскага княства. Месцазнаходжаньне яе цэнтру невядомае. Абшар гэтай воласьці ахопліваў, апрача захаду сучаснага Чэрвеньскага, значную частку суседняга Пухавіцкага раёну.

Бакштанская воласьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьмілавічы на нямецкай мапе 1930-х гадоў

Паводле некаторых зьвестак у 1451 годзе Міхаіл Кезгайлавіч атрымаў ад Казіміра ІV са згоды іншых радных паноў апрача іншых два буйныя пажалаваньні людзей у воласьці Бакшты. У першы раз ён атрымаў там 60 сялянскіх гаспадарак, у другі — яшчэ 30, якія выплочвалі даніну ў памеры 10 уставаў мёду.

У ХV ст. шчыльнасьць насельніцтва цэнтральнай Беларусі была вельмі невысокай. Буйным лічылася сяло, якое налічвала 10—20 сялянскіх гаспадарак, а большасьць сёлаў мела ўвогуле па некалькі двароў, пры тыповай адлегласьці паміж паселішчамі каля 10 кілямэтраў. Сяляне, падараваныя пану Кезгайлу, павінны былі ўтвараць добры дзясятак паселішчаў, калі ня больш, і стваралі вельмі значную частку Бакштанскай воласьці. З пазьнейшых зьвестак вынікае, што новыя ўладаньні Кезгайлы цягнуліся шырокім пасам даўжынёй у 60—65 і шырынёй у 10—15 км — ад узьбярэжжа Пцічы на поўдні Пухавіцкага раёну да сучасных Дукор і Сьмілавічаў, ахопліваючы і ўвесь захад Ігуменшчыны. У далейшым гэты абшар заставаўся ў руках роду Кезгайлаў на працягу прыкладна стагодзьдзя — да яго згасаньня ў 1554 годзе.

У свой час частка знатных татар пасялілася ў воласьці Бакшты на ўскрайку сёньняшніх Сьмілавічаў, дзе яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі захоўвалася паселішча Татарская Слабада. Пазьней гэтыя татары нейкім чынам трапілі ў залежнасьць ад уладальнікаў маёнтка Сьмілавічы-Бакшты.

Вуліца Татарскай слабады ў Сьмілавічах
Татарскія могілкі непадалёк ад Сьмілавічаў

Вялізныя ўладаньні Кезгайлаў, сярод якіх маёнтак Бакшты ствараў толькі нязначную частку, адышлі ў спадчыну да стрыечных братоў Станіслава па жаночай лініі — Яна і Мельхіёра Андрэевічаў Завішаў (сыноў яго цёткі Барбары Кезгайлаўны) і Мікалая і Станіслава Станіслававічаў Шэметаў (сыноў другой цёткі Ганны).

Спадчына Кезгайлаў была хаця і вялікай, але ня вельмі прывабнай, бо значная частка маёнткаў была абцяжарана пазыкамі альбо знаходзілася ў закладзе. Новыя спадчыньнікі павінны былі сплачваць гэтыя даўгі і выкупаць маёнткі ў крэдытораў. У прыватнасьці, Бакшты заставаліся ў закладзе ў жамойцкага біскупа Вацлава Вяржбіцкага, ад якога закладнае права перайшло да яго брата Юрыя і пляменьніка Віктарына. Таму пры падзеле з братам Мельхіёр Завіша ў 1556 годзе цалкам адмовіўся ад сваёй часткі Бакштаў, узяўшы сабе іншыя маёнткі. Яго брат Ян ахвотна пагадзіўся на такі варыянт, бо быў жанаты з дачкой Юрыя Вяржбіцкага Яўхіміяй і не без падстаў спадзяваўся вырашыць справу з пазыкамі па-свойску. Тую палову Бакшт, што прыпала яму ў спадчыну, ён падараваў у пажыцьцёвае карыстаньне жонцы, якой яе бацька адпісаў і закладнае права на маёнтак. Такім чынам яго дзецям ад шлюбу зь Яўхіміяй ня трэба было выкупаць Бакшты з закладу — на іх яны пераходзілі як спадчына адначасова бацькі і маці.

Ян Завіша памёр маладым амаль адразу пасьля гэтага, у 1557 годзе. Яго ўдава паўторна выйшла празь некалькі год за князя Андрэя Іванавіча Вішнявецкага (родзіча тых князёў Вішнявецкіх, што валодалі Горкамі). У 1562 г. яна запісала другому мужу сваё закладнае права на Бакшты ў памеры 5800 коп грошаў (2800 коп з гэтай сумы адносіліся да завішанскай, а 3000 коп — да шэметаўскай часткі маёнтка), а таксама сваё права пажыцьцёва карыстацца маёнткам паводле запісу першага мужа. Такім чынам, фактычным уладальнікам Бакштаў часова стаў князь Вішнявецкі, хаця Шэметы захоўвалі права выкупіць сваю долю, а дзеці Яўхіміі ад першага шлюбу — права атрымаць сваю долю ў спадчыну пасьля сьмерці маці.

Так і адбылося ў 1589 годзе, калі Яўхімія Вяржбіцкая памерла, на 5 гадоў перажыўшы свайго другога мужа. У тым жа годзе браты Вацлаў і Ян Шэметы выкупілі ў Яна і Андрэя Завішаў сваю палову маёнтка Бакшты, які апынуўся, такім чынам, у руках чатырох уладальнікаў. Падзел паміж імі адбыўся такім чынам, што па некалькі двароў у кожнай вёсцы належала розным панам. У такім сумесным уладаньні было і сяло Сьмілавічы, якое ўпершыню ўпамінаецца ў 1582 годзе.

Бойка празь мёд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наступнае ўзгадваньне Сьмілавічаў у 1592 годзе таксама зьвязана з канфліктам. Выпадак адбыўся з жыхарамі сёл Сьмілавічы, Новая Ніва і Казекавічы (два апошнія пазьней зьніклі), што ўваходзілі ў Бакштанскую воласьць. У змове з адным жыхаром сяла Драчкова (сучасны Смалявіцкі раён), Іван Клонікавіч з Новай Нівы і Фёдар Берасьневіч з Казекавічаў разам зь ім у кастрычніку 1592 году ўчынілі ў Драчкове крадзёж: выкралі з чыёйсьці клеці 4 лубкі мёду вагой па 2 камені (агулам каля 110 кг) і крыху іншых рэчаў. Драчкоўскія сяляне, якія былі падданымі радзівілаўскага маёнтка Смалявічы, запатрабавалі склікаць капу з удзелам абодвух бакоў, каб на ёй выкрыць і пакараць вінаватых. Капа была прызначана на 15 кастрычніка на традыцыйным месцы, на беразе ракі Вожы. Аднак сьмілавічане адразу пачалі ўсяляк перашкаджаць разбору справы. На працягу двух дзён яны не зьяўляліся на капу, дзе драчкоўцы марна іх чакалі. На трэці дзень копны суд усё ж сабраўся на мяжы бакштанскіх і драчкоўскіх зямель, але разбор справы хутка перарос у суцэльную бойку. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, сьмілавічане сьцьвярджалі, што першымі напалі драчкоўцы, а тыя — што сьмілавічане. Абодва бакі прыводзілі доўгі сьпіс пацярпелых, зьбітых кіямі, з прабітымі галовамі, адсечанымі пальцамі і г. д. Здаецца ўсё ж, што ініцыятарамі былі сьмілавічане. Пра гэта сьведчаць паказаньні двух слуцкіх гандляроў, якія апынуліся ў Сьмілавічах напярэдадні копнага суда і якіх запрасілі туды ў якасьці трацейскіх судзьдзяў. Пад час бойкі ім таксама моцна перапала ад драчкоўцаў, але абодва вінавацілі ў гэтым тых сьмілавічанаў, што заклікалі іх на суд, а потым справакавалі бойку.

У маёнтку Бакшты ў першай чвэрці XVII стагодзьдзя засталіся два ўласьнікі: сын памерлага ў 1604 годзе Андрэя Янавіча Завішы Крыштаф, які сканцэнтраваў у сваіх руках завішанскую частку воласьці, і князь Багдан Мацьвеявіч Агінскі, які нейкім чынам набыў тую частку, што папярэдне належала Шэметам. Пасьля яго сьмерці ў 1625 годзе засталіся сыны Аляксандар, Ян і Самуэль. Саўладальнікі Бакштаў парадніліся паміж сабой: князёўна Аляксандра, дачка Аляксандра Агінскага, каля 1645 году выйшла за сына Крыштафа Завішы Андрэя Казіміра. Пасьля сьмерці Аляксандра Агінскага ў 1667 годзе яго долю Бакшт успадкаваў яго сын Марцыян (1632—1690). Нашчадкі Самуэля, памерлага ў 1657 годзе, таксама мелі долю ў Бакштах, але пераважна ў той частцы маёнтка, што знаходзілася за межамі Ігуменшчыны — у Дукоры і інш. Іх уладаньне часам, у адрозьненьне ад маёнтку Сьмілавічы-Бакшты, называлася Сьмілавічы-Дукора.

Паперня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Надмагільле на старых габрэйскіх могілках

На сродкі Крыштафа Завішы ў першай палове XVII ст. у Сьмілавічах-Бакштах быў пабудаваны папяровы млын. У пэрыяд 1613—1644 гадох на ім вялася вытворчасьць паперы з філігранямі з выявай герба «Лебедзь» і подпісам па краях «На Бакштах Завіша». У 1735 годзе млын ужо ня дзейнічаў.

Паводле падымнага тарыфу Менскага павета за 1667 год, Крыштафу Завішы ў маёнтку Сьмілавічы-Бакшты належала 346 дымоў, а Марцыяну Агінскаму — 117. Значная частка ўладаньняў Агінскіх — мястэчка Дукора зь вёскамі ў памеры 170 дымоў — на той момант знаходзілася ў закладзе ў Казімера Навацкага.

У наступным 1668 г. князь Марцыян Агінскі, крайчы ВКЛ, у сваёй частцы Сьмілавічаў, якія тады былі ўжо мястэчкам, ахвяраваў валоку зямлі (крыху больш 21 га) на карысьць праваслаўнай царквы. У створаным з гэтай нагоды дакумэнце ўпамінаецца, што мястэчка і ўся воласьць належаць яму і пану Завішу сумесна, прычым падданыя розных паноў расьселены ўперамешку — «хлоп праз хлопа сядзяць». Тая частка мястэчка, дзе пераважалі ўладаньні Агінскага, называлася Шахоўнічы.

Крыштаф Завіша памёр у 1670 г. Яго частка маёнтка перайшла да яго сыноў Андрэя Казіміра (1618—1678) і Яна Юрыя (каля 1620—1671). Што да Марцыяна Агінскага, які ў канцы жыцьця даслужыўся да высокіх пасад троцкага ваяводы і канцлера ВКЛ, то ў яго прамых нашчадкаў не засталося. І яго доля Бакштаў пасьля яго сьмерці ў 1690 г. адышла да яго пляменьніка Крыштафа Станіслава Завішы — сына яго сястры і Андрэя Казімера Завішы. Такім чынам дзьве часткі Сьмілавічаў сканцэнтраваліся, нарэшце, у адных руках.

Паўночная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас Паўночнай вайны ў 1710 годзе два палкі арміі ВКЛ былі расквартыраваны ў Сьмілавіцкім маёнтку і пры гэтым прычынілі вялікія шкоды ўладаньням Крыштафа Станіслава Завішы, старасты менскага і чачэрскага. Пры асьведчаньні гэтых шкод паручнікам панам Есьманам узгадваюцца сёлы Зарэчча, Запольле, Клінок, Турэц на тэрыторыі Ігуменшчыны, а таксама Амельна, Дукора і Ляды за яе межамі.

Крыштаф Станіслаў (1666—1721) быў бадай што найбольш выдатным прадстаўніком роду Завішаў. Ён даслужыўся да пасады менскага ваяводы і пакінуў цікавыя мэмуары, у якіх яскрава апісвае жыцьцё Рэчы Паспалітай у канцы ХVII — пачатку XVIII стагодзьдзя. Захаваўся яго прывілей (памылкова датаваны 1736 годам) сьмілавіцкім габрэям, у якім ён дазволіў ім адкрыць школу (малітоўны дом), даў права апэляваць на яго імя на рашэньні ўрадніка, а таксама будаваць крамы і гандляваць сьпіртнымі напоямі. У прывілеі таксама агаворвалася права габрэяў разглядаць у сваёй супольнасьці судовыя справы, якія тычыліся толькі габрэяў і не закраналі інтарэсаў хрысьціянаў. У астатнім габрэі павінны былі выконваць тыя ж павіннасьці і карыстацца тымі ж правамі, што і іншыя мяшчане.

Бакштанскае графства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Сьв. Вінцэнта і кляштар місіянэраў (малюнак Н. Орды), зьнішчаныя бальшавікамі

Сын Крыштафа Станіслава Завішы Ігнацы атрымаў графскі тытул — ён тытуляваўся графам на Бакштах, Бярдзічаве і Завішыне. З гэтай нагоды маёнтак Бакшты-Сьмілавічы часам называўся ў гэты час Бакштанскім графствам. Ігнацы, як і яго дзед, у 1727 годзе пабраўся шлюбам з прадстаўніцай роду Агінскіх — князёўнай Марцыбелай, дачкой віленскага ваяводы Казіміра Дамініка Агінскага (унука Самуэля). Ігнацы Завіша ў 1738 г. памёр без нашчадкаў, а яго маёнткі засталіся ў руках яго ўдавы. У 1747 годзе Марцыбела Агінская заснавала ў Сьмілавічах кляштар каталіцкага ордэну місіянэраў і пабудавала для яго мураваны касьцёл. На забесьпячэньне кляштару яна вылучыла фальварак і сяло Волма, а таксама сяло Клінок. З гэтага часу азначаныя паселішчы перасталі адносіцца да маёнтка Сьмілавічы-Бакшты, утвараючы ўласнасьць манахаў-місіянэраў.

Сьмілавічы пры Манюшках[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стары парк

Асноўная ж частка маёнтка Сьмілавічы пасьля сьмерці Марцыбелы ў 1760 г. адыйшла да князя Міхала Казіміра Агінскага (1728—1800), які быў сынам яе брата Юзафа, троцкага ваяводы. У 1791 г. князь Агінскі прадаў маёнтак Сьмілавічы шляхцічу Станіславу Манюшку, які папярэдне працаваў у яго аканомам гэтага маёнтка. Адначасова ён прадаў і Дукору былому аканому Ашторпу.

Адзін з флігеляў палацавага комплексу

Мястэчка Сьмілавічы, нованабытае ўладаньне Станіслава Манюшкі, мела 85 двароў (43 хрысьціянскіх, 31 габрэйскіх і 13 татарскіх), 564 жыхары (257 мужчын і 307 жанчын). Мястэчка мела два вадзяных млына, адзін зь якіх выкарыстоўваўся як лесапільня. Меўся кляштар з мураваным касьцёлам Сьв. Вінцэнта, а таксама дзьве праваслаўныя царквы — у гонар Сьв. Георгія і Ўсьпеньня Багародзіцы. Да Сьмілавіцкага маёнтка адносіліся 22 паселішчы, большасьць зь якіх знаходзілася на тэрыторыі Ігуменшчыны. Найбольш значнымі зь іх былі Турэц (62 двары), Жураўкавічы (37), Валевічы (22), Запольле (21), Старына (16). Апрача таго, вёска Кулікі з 19 дварамі адносілася да суседняга маёнтка Дукора, асноўны абшар якога месьціўся далей на захадзе.

Сьмілавіцкаму кляштару місіянэраў належаў маёнтак у складзе сёл Волма (33 двары) і Клінок (35). У апошнім была ўніяцкая царква Сьв. Казьмы і Дзям’яна. Як адзначалася вышэй, гэтыя сёлы ў 1747 годзе былі таксама вылучаны са складу маёнтка Сьмілавічы і падараваны місіянэрам яго тагачаснай уласьніцай.

З усіх шматлікіх землеўладальнікаў Ігуменшчыны пачатку ХІХ стагодзьдзя найбольшую цікавасьць выклікае, бадай што, род Манюшкаў, які пакінуў значны сьлед у культурным жыцьці Польшчы і Беларусі. У Станіслава Манюшкі, які набыў Сьмілавічы ў князя Агінскага, засталося 6 сыноў: Ігнацы, Дамінік, Юзаф, Чэслаў, Казімір і Аляксандар. Пры падзеле бацькоўскіх уладаньняў Сьмілавічы дасталіся Казіміру, які значна пераабсталяваў панскую сядзібу і нават заснаваў у Сьмілавічах батанічны сад. Пасьля яго сьмерці маёнтак адышоў да яго малодшага брата Аляксандра, які пачаў будаваць у мястэчку новы раскошны палац. Яго адзіная дачка Паўліна выйшла за Лявона Ваньковіча, да якога перайшоў у выніку гэтага шлюбу і маёнтак Сьмілавічы.

Сьмілавічы ў ХІХ стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1797 годзе ў мястэчку існавала паштовая станцыя, у якой было 12 коней, 6 ямшчыкоў. Асноўным відам транспарту быў гужавы. У сярэдзіне XIX ст. у Сьмілавічах было 62 двары (1844), дзейнічала суконная фабрыка. У 1842 годзе на фабрыцы было зроблена тавараў на суму 1112 рублёў 50 капеек. Тавары прадаваліся ў Менску і Менскай губэрні.

У 1859 годзе працавала Сьмілавіцкае паштова-тэлеграфнае аддзяленьне. У 1863 годзе ў мястэчку была адкрыта земская народная вучэльня, у якой у 1867 годзе вучылася 137 дзяцей, сярод якіх былі 34 дзяўчынкі. У 1867 годзе на гэтую вучэльню было выдаткавана 210 рублёў дзяржавай і 44 рублі сялянамі. У вучэльні былі дзьве зьмены — жаночая і мужчынская. У 1867 годзе ў мястэчку меліся 2 касьцёлы, адзін зь якіх быў перабудаваны ў праваслаўную Траецкую царкву.

На пачатку 1880-х гадоў 95 двароў, 500 жыхароў, дзейнічалі валасное праўленьне, 3 праваслаўныя царквы, мусульманскі мячэт, касьцёл, 3 габрэйскія малітоўныя дамы, 2 вадзяныя млыны на рацы Волма, вінакурны і піваварны заводы, суконная фабрыка, 30 лавак, адзін раз на тыдзень таржок. Да канца XIX ст. межы мястэчка пашырыліся, а колькасьць двароў і жыхароў значна вырасла, ажывіўся гандаль. Згодна з Слоўнікам геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх налічвалі 375 драўляных будынкаў (352 у мястэчку і 22 на прадмесьці, званым Татарская Слабада) і1676 жыхароў (464 хрысьціянаў, 222 магамэтанаў і 990 юдаістаў), працавалі мужчынская і жаночая царкоўна-прыходзкія школы, шпіталь, паштовая станцыя, паліцэйскі пастарунак, валасное праўленьне, мячэт, 2 юдаісцкія дамы малітвы, суконная фабрыка і шматлікія невялікія татарскія гарбарні.[1] Паводле перапісу 1897 году, мястэчка, цэнтар воласьці Ігуменскага павету, 498 двароў, 3498 жыхароў, працавалі валасное праўленьне, 2 праваслаўныя царквы (драўляная і мураваная), капліца, каталіцкі касьцёл, мячэт, 5 габрэйскіх малітоўных дамы, 2 земскія народныя вучэльні (жаночая і мужчынская), 2 царкоўнапрыходзкія школы, прыёмны пакой на 2 ложкі для хворых, паштовая станцыя, паштова-тэлеграфнае аддзяленьне, хлебазапасны магазын, суконная фабрыка, некалькі гарбарняў, 58 дробных лавак, 2 заезныя дамы, 9 піцейных дамоў, устаноўка для прыгатаваньня сельтэрскай вады; таржкі ў нядзельныя і сьвяточныя дні, мелася рынкавая плошча. Побач са Сьмілавічамі знаходзіўся аднайменны маёнтак: 1 двор, 83 жыхары, дзейнічаў вінакурны завод.

Сьмілавічы ў ХХ стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьмілівіцкі палац. Сучасны стан

На пачатку XX ст. мястэчка мела 454 двары, 3335 жыхароў. Большую частку насельніцтва складалі габрэі. Здаўна тут бытавалі такія промыслы і рамёствы як гарбарныя, кавальскія, млынавыя, бандарныя, ганчарныя, кравецкія, шавецкія, шорныя, ткацкія і інш. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам і дробным гандлем. Па нядзелях і ў сьвяточныя дні адбываліся таржкі. У 1907 годзе настаўнікамі тутэйшых народных вучэльняў працавалі Вольга Барташэўская, Ігнат Бабарыка і Павел Лукашэвіч.

У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Сьмілавіцкай воласьці адбыўся шэраг сялянскіх выступленьняў. Яны праявіліся ў самавольных парубках лясоў, захопе сенажацей памешчыкаў. У жніўні 1914 году каманда ў складзе 1500 мабілізаваных на фронт рабочых і сялянаў Ігуменскага павету адкрыта выступіла супраць самадзяржаўя, яго ваеннай палітыкі, выказала незадаволенасьць імпэрыялістычнай вайной. Рухаючыся па паштовым тракце з Ігумена ў Менск, яны разграмілі некалькі памешчыцкіх маёнткаў, у тым ліку і маёнтак Сьмілавічы. Сялянскія хваляваньні ў Сьмілавіцкай воласьці адбыліся таксама ў верасьні 1917 году.

На пачатку XX ст. паштова-тэлеграфнае аддзяленьне знаходзілася на вуліцы Садовай у драўляным аднапавярховым доме памешчыка Л.Ваньковіча, які здаваў яго ў арэнду за плату 190—250 рублёў у год. Пошту дастаўлялі са Сьмілавічаў у Рудзенск і назад 4 разы ў тыдзень — 2 параконныя павозкі і 2 аднаконныя. У 1917 годзе ў мястэчку было 633 двары, 2766 жыхароў (зь іх 2102 габрэі, 215 беларусаў, 73 палякі); у маёнтку Сьмілавічы быў 1 двор, 126 жыхары. У лістападзе 1917 году ўстаноўлена савецкая ўлада. У лютым — сьнежні 1918 году Сьмілавічы былі акупаваны нямецкімі, а з восені 1919 году да ліпеня 1920 польскімі войскамі. Пазьней дзейнічаў Сьмілавіцкі валасны рэўком.

У 1924—1931 і 1935—1938 гады мястэчка было цэнтрам Сьмілавіцкага раёну. 3 1924 году — цэнтар Сьмілавіцкага сельсавету. У 1926 годзе ў ім працавала беларуская сямігадовая школа, у якой 12 настаўнікаў вучылі 241 хлопчыка і 166 дзяўчынак. Празь недахоп памяшканьняў заняткі праводзіліся ў 2 зьмены. Школьная бібліятэка налічвала каля 1400 кніг. Тады ж у мястэчку працавалі Народны дом, 3 клюбы, 86 чырвоных куткоў, бібліятэка, некалькі гурткоў па ліквідацыі непісьменнасьці сярод дарослых. Цэнтрам тагачаснага грамадзкага і культурнага жыцьця зьяўляўся Народны дом. У ім адбываліся сходы жыхароў, працавалі гурткі мастацкай самадзейнасьці, ставіліся спэктаклі. 3 1938 году гарадзкі пасёлак Рудзенскага раёну Менскай вобласьці.

3 чэрвеня 1941 году па ліпень 1944 акупаваны немцамі, якія загубілі тут больш за 2 тысячы жыхароў. У час вайны ў Сьмілавічах і іх навакольлі дзейнічалі партызаны. Так, 13 лістапада 1941 году партызаны атрада «Беларусь» вывелі са строю Сьмілавіцкую войлачную фабрыку, якая вырабляла валяны абутак для немцаў, спалілі ўсю сыравіну і 900 пар валёнак.

3 1960 году ў складзе Чэрвеньскага раёну. У 1975 годзе ў мястэчку было 5,7 тыс. жыхароў.[2]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Śmiłowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 886
  2. ^ Смиловичи // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 621 с.: іл. ISBN 985-6302-21-8.
  • Ельскі А. Выбранае // Аляксандар Ельскі: Бел. кнігазбор. — Мн., 2004.
  • Ненадавец А. М. Легенды i паданні Міншчыны. — Мн., 2003.
  • Радавод Хаіма Суціна // «Архіварыус». Выпуск 1, 2002.
  • Laucevicius E. Popierius Lietuvoje XV—XVIII a. — Vilnius, 1967.
  • Śmiłowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 886—887.
  • Лауцявичюс Э. Бумага в Литве в XV—XVIII веках. — Вильнюс, 1979.