Гісторыя Сапоцкіна
Сапоцкін — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і дзьве капліцы-пахавальні. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Прачыстай Багародзіцы, збудаваная ў 1780 годзе і зруйнаваная савецкімі ўладамі ў 1970-я.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Сапоцкін упамінаецца ў XVI ст. як мястэчка Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. У Вялікую Паўночную вайну ў красавіку 1703 году мястэчка занялі швэдзкія войскі пад камандаю Карла XII.
У 1786 годзе Сапоцкін атрымаў права на штогадовых кірмашы. У 1793 годзе мястэчка ўвайшло ў Гарадзенскае ваяводзтва. У гэты час Сапоцкін меў уласны герб: «у блакітным полі срэбны вол з залатымі рагамі»[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Сапоцкін апынуўся ў складзе Прусіі, з 1807 году — у Варшаўскім герцагстве. У 1815 годзе мястэчка далучылі да Царства Польскага Расейскай імпэрыі (спачатку ў Аўгустоўскай губэрні, а з 1867 году — у Аўгустоўскім павеце Сувальскай губэрні).
На 1827 год у Сапоцкіне было 98 дамоў. У 1858 годзе колькасьць будынкаў узрасла да 160, зь іх 3 мураваныя. У 1900 годзе тут працавалі маслабойныя і шкляныя заводы.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сапоцкін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Сапоцкін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Валавічоўцы ў Аўгустоўскім павеце Беластоцкага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 294 дамы.
У 1939 годзе Сапоцкін увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай, з 1944 году — Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 22 чэрвеня 1941 да 18 ліпеня 1944 году Сапоцкін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1959 годзе Сапоцкінскі раён скасавалі, а мястэчка ўвайшло ў склад Гарадзенскага раёну. У 1978 годзе ўтварыўся Сапоцкінскі батанічны заказьнік.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Рынак, 1915 год
-
Рынак, 1915 год
-
Рынак, 1916 год
-
Рынак, 1916 год
-
Царква
-
Вуліца, 1940 год
-
Агульны выгляд, 1944 год
-
Сынагога, 1916 год
-
Сынагога, 1927 год
-
Сынагога, 1930 год
-
Сынагога, 1936 год
-
Сынагога, інтэр’ер
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 230.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — ISBN 985-11-0238-5
- Вашкевіч А. Грэка-каталіцкае насельніцтва Аўгустоўшчыны ў канцы ХVІІІ — пачатку ХХ стст.(канфесійныя змены і фарміраванне этнічнай свядомасці) // «Białoruskie Zeszyty Historyczne» Nr 24.
- Харэўскі С. Край за небакраем, або Беларуская Прусія // «Наша Ніва», 2 красавіка 2009.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя Сапоцкіна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў