Гісторыя Мазыра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вуліца Замкавая. Касьцёл і кляштар бэрнардынаў

Мазыр — старажытнае магдэбурскае места, адзін з гістарычных цэнтраў Палесься. Да нашага часу тут захаваўся комплекс былога кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала, помнік архітэктуры барока XVIII стагодзьдзя, які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы. У гістарычным прадмесьці Кімбараўцы захаваліся комплексы жаночага і мужчынскага цыстэрыянскіх кляштараў (барока, XVIII стагодзьдзе). Сярод мясцовых славутасьцяў таксама вылучаліся замак, царква Сьвятой Параскевы Пятніцы і Фарны касьцёл.

Пятніцкая царква, абмеры

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узьнікла ў VIII ст. ува ўрочышчы Кімбараўка, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[1]. У XI—XII стагодзьдзях умацаваны горад перанесьлі на Замкавую гару[2].

Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі і япіскапы якога называліся тураўскімі і мазырскімі. У 1240—1241 места пацярпела ад татарскіх набегаў.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыж з царквы. Д. Струкаў, 1864

Зь сяр. XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стагодзьдзях тут існаваў драўляны замак.

У 1471 Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводзтва, да гэтага з самога часу далучэньня да ВКЛ зь невялікімі перапынкамі знаходзячыся ў складзе Кіеўскага княства. У XVI ст. места стала цэнтрам гродавага староства, з правядзеньнем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) — сталіцай павету. Па Люблінскай уніі (1569) і пераходу Кіеўскага ваяводзтва да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводзтва.

У пач. XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду і Рынку. У вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[3]. На 1552 у месьце існавалі цэрквы Спаса, Міколы, Прачыстай Багародзіцы[3], на 1571 — 550 будынкаў, дзейнічалі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 — 293 мяшчанскія двары[3].

28 студзеня 1577 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбурскае права і герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзях, на шыльдзе — чырвоная літара S»[4]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:

« Надаем тому месту нашему печать мескую, то есть Орел з Сэм в нем вырисованым... которую урад меский на судах и иншых справах и потребах меских печатовать и того гербу ужывать мают вечные часы »
Прывілей, 1680

У 1609 Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 коштам ахвяраваньняў завяршылася аднаўленьне ўмацаваньняў і места было «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 староста Б. Стравінскі заснаваў тут касьцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі і спустошылі места[5].

У 1-й пал. XVIII ст. у Мазыры збудавалі базылянскі манастыр, каля места — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 пачаў дзейнічаць кляштар марыявітак. У 1723—1773 пры Фарным касьцёле існавала місія езуітаў[6]. У 1726 адкрылася езуіцкая школа (у 1773 яе пераўтварылі на сьвецкую вучэльню[6]). У 1750 казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ува ўрочышчы Кімбараўка.

На 1724 у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Сьвідоўская, Нагорная, Гончая і іншыя вуліцы. У месьце было два замкі — Верхні (Стары), які месьціўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся меская ратуша, пякарня і стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле мескага пляну (1769), — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы і Рынак; у месьце было 211 двароў, 6 цэркваў і касьцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян места, 1850

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мазыр апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У 1796 царскія ўлады даравалі месту новы расейскі герб. На 1825 тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзейнічалі 2 кляштары, працавалі 22 крамы і 27 корчмаў. У 1834 у Мазыры адкрылася шляхецкая вучэльня, ператвораная ў 1859 у прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 — 491 будынак, дзейнічалі 4 цэрквы, касьцёл і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня і з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месьцічы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).

Кімбараўка. Абмеры кляштару, 1860

На 1878 у Мазыры дзейнічалі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бэрнардынскага касьцёла), касьцёл і сынагога. У 1879 тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 — запалкавую фабрыку «Маланка». Пракладаньне Палескіх чыгунак (1880-я) паспрыяла далейшаму эканамічнаму разьвіцьцю Мазыра. Паводле вынікаў перапісу (1897) у месьце было 628 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 капліцы, сынагога, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі лякарня, прагімназія, 1-клясная прыходзкая і прыватная жаночая 2-клясная вучэльні, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясьніцтва. У верасьні 1913 тут адбылася I сельскагаспадарчая і прамысловая выстава. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў Мазыры было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных установаў, земская лякарня, мэтэастанцыя, друкарня і 2 кнігарні. У лютым 1918 места занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 сакавіка 1918 улады УНР абвясьцілі яго цэнтрам Дрыгавіцкай зямлі, адначасна ад 25 сакавіка места ўвайшло ў склад Беларускай Народнай Рэспублікай. Тэрыторыя Палесься стала прадметам перамоваў паміж БНР і УНР. У пачатку траўня на адрас беларускай дэлегацыі паступілі пратэсты мазырскіх земляўласьнікаў супраць далучэньня іх да Ўкраіны, пазьней прадстаўнікі Мазырскага павету (разам з прадстаўнікамі Гомельскага і Рэчыцкага паветаў) наведалі Народны Сакратарыят БНР з пытаньнем пра пэрспэктывы беларуска-ўкраінскіх перамоваў і просьбай падтрымаць адкрыцьце беларускіх школаў[7].

1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Мазыр увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Гомельскага раёну[8]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 места знаходзілася пад польскай уладай. У 1924 Мазыр стаў цэнтрам раёну БССР (у 1926—1927 места ў Слабадзкім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 места было адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасьня 1938 Мазыр атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1938—1954 ён быў цэнтрам Палескай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1948 аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музэй. У 1953 адбыўся ўвод у эксплюатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 — кабэльнага заводу. У 1958 пачаўся рух на мосьце праз раку Прыпяць. У 1975 адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. У 1988 пачаўся рэгулярны трамвайны рух.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульны выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замчышча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пятніцкая царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фарны касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл і кляштар бэрнардынаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы места[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кімбараўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба Кяневічаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыпяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 36.
  2. ^ Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 37.
  3. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 258.
  4. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  5. ^ История, Мозырский районный исполнительный комитет
  6. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 259.
  7. ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гісторыя Мазырасховішча мультымэдыйных матэрыялаў