Гісторыя Воршы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Царква Раства Багародзіцы. Абмеры, XIX ст.

Ворша — старажытнае магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі магілёўскага барока комплекс Куцеінскага манастыра Божага Яўленьня з царквой Сьвятой Тройцы (1626), барокавыя езуіцкі калегіюм (1690), манастыр базылянаў (1774, патрабуе неадкладнай рэстаўрацыі), кляштары бэрнардынаў (1650-я), трынітарыяў (1717) і францішканаў (1680), барокава-клясыцыстычны касьцёл Сьвятога Язэпа (1819). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваны замак[1] (1407), езуіцкі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (1620-я) і бэрнардынскі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1636), зруйнаваныя расейскімі ўладамі ў XIX ст. Многія помнікі архітэктуры Воршы былі зьнішчаныя савецкімі ўладамі ў 19301970-я — гэта комплекс Куцеінскага манастыра Прачыстай Багародзіцы (магілёўскае барока, 1631), францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія (раньняе барока, 1680), царква Раства Багародзіцы (барока, 1691), трынітарскі касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (барока, 1735), базылянская царква Покрыва Багародзіцы (віленскае барока, 1774), могілкавая царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (драўлянае барока, XVIII ст.).

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл пры кляштары бэрнардынаў, з мапы XVIII ст.

Дзядзінец старажытнай Воршы (плошча 0,57 га) разьмяшчаецца ў сутоках рэчак Аршыцы і Дняпра, дзе археолягі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў[2]. Як адзін з памежных фарпостаў на ўсходных рубяжах Полацкай зямлі Ворша ўзьнікла, імаверна, каля 1021 году, калі князь кіеўскі Яраслаў Мудры саступіў князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Ўсьвяты[3].

Куцеінскі Прачысьценскі манастыр. Д. Струкаў, каля 1870

Першы ўпамін пра Воршу (пад назвай Ръша) месьціцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуецца 1067 годам: 10 ліпеня сюды прыехаў Усяслаў Чарадзей на перамовы з кіеўскімі князямі, аднак яны парушылі існыя дамоўленасьці і ўзялі полацкага князя ў палон. Згодна зь зьвесткамі археалягічных раскопак у тыя часы на месцы Воршы існавала невялікае паселішча, якое ўзьнікла на Шляху з варагаў у грэкі.

Паміж 1101 і 1116 гадамі князь менскі Глеб Усяславіч збудаваў тут фартэцыю. Адначасна мусіла вырасьці і места. З XII ст. — у складзе Смаленскага княства[4], якое атрымала Воршу з навакольнай мясьцінай у абмен за падтрымку палітыкі кіеўскіх князёў супраць Менскага княства. Навакольле працягвала захоўвацца ў складзе Смаленскага княства, хоць пад пачатак ХІІІ ст. мясьціна выступае як частка Друцкага княства — удзелу Полацкае зямлі. У XIII ст. у сваім маёнтку каля Воршы жыў князь Андрэй Кабыла, далёкім нашчадкам якога (паводле меркаваньня М. Карамзіна і У. Караткевіча) быў маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч — заснавальнік дынастыі Раманавых.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Куцеінскі Прачысьценскі манастыр, каля 1901

З пачатку княжаньня ў Віцебску Альгерда (1320) Ворша далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[5] (цэнтар намесьніцтва ў Віцебскім княстве). Да далучэньня да ВКЛ места з навакольлем знаходзілася, верагодна, у складзе Друцкага княства, хоць пазьнейшыя палітычныя падзеі паказваюць на знаходжаньне места ў складзе Віцебскага княства. З ініцыятывы вялікага князя ў 1-й пал. XIV ст. вакол места паўсталі абарончыя ўмацаваньні, а ў 13981407 гадох ужо на загад Вітаўта тут узьвялі мураваны замак. Пасьля 1392 г. у рамках цэнтралізатарскае палітыкі Вітаўта, Вітаўт, скарыстаўшыся сьмерцю віцебскае княгіні Ўльяны, даслаў у Віцебскую зямлю намесьніка, у сувязі з чым у месьце ўзьнікнуў мяцеж у падтрымку Сьвідрыгайлы, які намагаўся захапіць уладу ў Віцебскай зямлі. Нягледзячы на супраціў месьцічаў, мяцеж быў здушаны. У пазьнейшых актах да адміністрацыйнае рэформы 1564-1566 гг. места выступае як цэнтар аднайменнага павету (намесьніцтва). Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве (15.7.1410). З дакумэнтаў XV ст. вядома, што ў месьце дзейнічала мытня.

Плян места, 1778

У часе фэўдальнае вайны між прэтэндэнтамі на вялікае княжаньне літоўскае, Жыгімонтам Кейстутавічам і Сьвідрыгайлам, пасьля зрынаньня апошняга Ворша падтрымала Сьвідрыгайлу. Каля 1434 г. места пацярпела ў выніку пасьпяховае выправы сына Жыгімонта Кейстутавіча Міхаіла, але ўзятае не было («Хроніка Быхаўца», аднак, аспрэчвае гэтыя зьвесткі).

У вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (15121522) непадалёк ад Воршы 8 верасьня 1514 году адбылася адна з найбольшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Эўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэтую перамогу ў 15201530-я гады невядомы мастак напісаў першую ўва Ўсходняй Эўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музэі Польшчы). Яе копію можна пабачыць у Аршанскім дамініканскім касьцёле.

Царква Раства Багародзіцы. Абмеры, 1818

У 1555 годзе ваявода віленскі і намесьнік вялікага князя ў ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у Воршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі закон кальвіністаў. У 1573 годзе ў месьце зьявіліся езуіты, якія пры дапамозе Льва Сапегі адкрылі тут свой калегіюм. Неўзабаве аршанцы стварылі праваслаўнае брацтва, зацьверджанае вялікім князем Жыгімонтам III у 1592 годзе, а ў 1649 годзе ў месьце пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.

У 1558 годзе М. Струбіч надрукаваў мапу «Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», на якой упершыню значылася Ворша. У наступным 1559 годзе места атрымала частковае самакіраваньне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасьціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У XVI ст. праз Воршу прайшоў буйны гандлёвы шлях — Вялікі галоўны гасьцінец, места стала сталіцай Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

23 лістапада 1593 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дараваў Воршы грамату пра мескі орган самакіраваньня, а 13 сьнежня 1620 году места атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж»[6] (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). 3 траўня 1621 году адбылося зацьверджаньне Аршанскага мескага статуту. Атрымаўшы Магдэбурскае права, аршанцы збудавалі ратушу і гандлёвыя рады. Ратуша была зь вежай, гадзіньнікам і вялікім звонам. У ёй праходзілі паседжаньні магістрату і суду. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (16541667) маскоўскае войска зруйнавала Воршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданьні палёгак месту ў зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі.

У XVIIXVIII стагодзьдзях Ворша мела аблічча манастырскага места. Амаль палову яе земляў займалі кляштары і манастыры, частка зь якіх знаходзілася па-за межамі места. 11 кляштараў і манастыроў зь велічнымі вежамі касьцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Воршы асабліва ўзьнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жыльля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага места такое архітэктурнае спалучэньне было рэдкай адметнасьцю.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Сьвятога Міхала пры калегіюме езуітаў. Абмеры, 1835

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам Аршанскай правінцыі (з 1802 году — павету) Магілёўскай губэрні. У 1776 годзе расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права[3]. У гэты час тут было 309 будынкаў. У 1778 зьявіўся праект пераплянаваньня Воршы, які прадугледжваў рэгуляваньне вулічнай сеткі, узбуйненьне кварталаў, стварэньне непадалёк ад цэнтру новага пляцу з гасьціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 году месту даравалі новы расейскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расеі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл».

У вайну 1812 году французы занялі Воршу і пры адступленьні спалілі места. Інтэндантам Воршы ў час францускага панаваньня быў Анры Бэйль[7], пазьней ужо вядомы як францускі пісьменьнік Стэндаль. Новы плян забудовы зацьвердзілі толькі ў 1848 годзе.

Куцеінскі манастыр Божага Яўленьня. Д. Струкаў, каля 1870

28 жніўня 1863 паводле выраку ваеннага суду ў Воршы расстралялі І. Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзелу, які дзейнічаў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады зачынілі ўсе каталіцкія кляштары, а большасьць касьцёлаў перадалі Маскоўскаму патрыярхату для перабудовы пад цэрквы з мэтай маскалізацыі краю.

У другой палове XIX ст. Ворша стала буйным чыгуначным вузлом, а тутэйшая прыстань — значным транспартным пунктам на Дняпры, адкуль шгогод адпраўляліся каля 100 суднаў. З 1881 году пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракою да Магілёва. У гэты час у Воршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крамаў. У пачатку 1890 году ў месьце працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (ільнотрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных установаў (657 вучняў у 1894 годзе), лякарня, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869) і меская публічная бібліятэка (1899), з 1906 году — рэальная вучэльня, з 1911 году — жаночая настаўніцкая сэмінарыя. З 1915 выдавалася газэта «Оршанский вестник».

Царква Прасьвятой Тройцы. Д. Струкаў, каля 1870

У Першую сусьветную вайну зь лютага па кастрычнік 1918 году Воршу займалі нямецкія войскі. У 19171920 гадох у месьце дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сілаў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[8], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Толькі ў 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня БССР Ворша вярнулася ў склад Беларусі, дзе атрымала статус раённага цэнтру. З 1938 году — у Віцебскай вобласьці.

Царква саборная Божага Яўленьня, 1883

14 ліпеня 1941 году, у часы Другой Сусьветнай вайны, савецкая армія пасьпяхова застасавала каля Воршы новую зброю — устаноўку залпавых стрэлаў «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюшаў» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 году Воршу занялі нямецкія войскі. У часы акупацыі існавала група партызанаў-падпольнікаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзейнічала ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 году. Пасьля сакавіка таго ж году К. Заслонаў мусіў схавацца ў лесе ад перасьледу нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваю дзейнасьць; партызан загінуў 14 лістапада 1942 году. 27 чэрвеня 1944 году Воршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту.

У 19301970-я гады савецкія ўлады зьнішчылі царкву Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, царкву Раства Багародзіцы, францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія, Куцеінскі манастыр Прачыстай Багародзіцы, іншыя сакральныя збудаваньні, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVIIXX стагодзьдзяў. На месцы старажытнага места паўстала пустэча.

11 сакавіка 1971 году выканкам гарадзкога Савету дэпутатаў сваёй пастановай зацьвердзіў новы савецкі герб Воршы, аўтарамі якога былі Гаранскі і Янкоўскі. У чэрвені 1984 году за мужнасьць і стойкасьць, выяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Воршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

19 верасьня 2008 году ў Воршы прайшоў штогадовы фэстываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства места значна ўпарадкавалі. Агулам было пабудавана альбо рэканструявана больш за 500 аб’ектаў. Была праведзеная рэканструкцыя мескай гасьцініцы, моста праз Аршыцу, чыгуначнага ды аўтавакзалаў. Пабудаваны мескія стадыён і лазьня. Уздоўж берагу Дняпра цяпер працуе дзіцячы парк з атракцыёнамі і невялікім паўкругам. Упарадкаваны жытловы фонд цэнтру места, плошчы Леніна (цэнтральная плошча) і мескага парку, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы сьвята. Частка старых дамоў была разбураная, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы Воршы да сьвята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[9].

Працы на аршанскіх помніках гісторыі і архітэктуры пачаліся яшчэ ў 2007 годзе: праведзены рамонт даху ў езуіцкім калегіюме (помнік гісторыі XVII ст.), рэканструявана 30-мэтровая вежа гэтага комплексу, на якой устаноўлены купал і гадзіньнік. Па заканчэньні працаў тут адкрыўся гістарычны музэй і бібліятэка.

Пры рэканструкцыі комплексу Аршанскага езуіцкага калегіюму будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косьці і кумпалы. За часамі СССР у гэтых будынках месьцілася вязьніца. Мяркуецца, што знойдзеныя парэшткі належаць ахвярам камуністычнага рэжыму[10].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульны выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Куцеінскія манастыры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Базылянскі манастыр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дамініканскі кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трынітарскі кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Францішканскі кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Раства Багародзіцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Сьвятога Ільлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначная станцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Купава М. Рамантычная загадка беларускай культуры // «Наша Вера» № 1(7), 1999.
  2. ^ Шынкевіч А. Орша // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 357.
  3. ^ а б Шынкевіч А. Орша // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 358.
  4. ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Біч М., Гарэцкі Р., Конан У. і інш.; Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“». — Менск: З. Колас, 2005. С. 354.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 379.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 210.
  7. ^ Корбут В. «Галоўная краса горада — манастыры», або Па слядах Стэндаля і Напалеона // «Народная газета», 13 траўня 2009.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов // БелТА, 14 лютага 2008.(рас.)
  10. ^ Граблевский О. (24.07.2008) И дожинки, и докопки(рас.). Bulletinonline.orgПраверана 24 жніўня 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аршанскі краязнаўчы зборнік / уклад. В. Лютынскі. — Ворша, 1997. — № 2. — 48 с.
  • Асіноўскі С. Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі / С. М. Асіноўскі. — Менск, 1997. — 428 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн., 2000. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна. У 2 кн. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. Кн. 1-я. — Мн., 1999.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна. У 2 кн. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. Кн. 2-я. — Мн., 2000.
  • Русецкі Ю. А. Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы X — XIX стагоддзі. — Менск: БелЭн, 2002.
  • Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1.
  • Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  • Шынкевіч А. Аршанская даўніна / А. М. Шынкевіч. — Менск, 1992. — 141 с.
  • Шынкевіч А. Аршаншчына: спадчына мінулага / А. Шынкевіч. — Ворша, 1997. — 68 с.
  • Шынкевіч А. Падарожжа па Дняпры. Аршанскі гарадскі фонд аховы помнікаў гісторыі і культуры. — Ворша, 1994. — 40 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Яршоў І. Вежы над Дняпром / І.А. Яршоў. — Ворша, 1996. — 255 с.
  • Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.
  • Левко О. Средневековая Орша и ее округа: историко-археологический очерк / О. Левко. — Орша, 1993. — 52 с.
  • Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
  • Шинкевич А.Н. Очерки о земле Оршанской Природа, история, народные предания, старина. — Барань, 2013. – 844 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гісторыя Воршысховішча мультымэдыйных матэрыялаў