Гісторыя Валожына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Валожын — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў, касьцёл Сьвятога Язэпа і ешыбот, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Хронікі Быхаўца, у 1440-я гады тут гаспадарылі легендарныя князі Валожынскія, у якіх нібыта за ўдзел у змове супраць вялікага князя канфіскавалі Валожын[1]. Каля 1450 году вялікі князь Казімер падараваў Валожын ваяводу віленскаму Я. Манівідавічу, а ў 1484 годзе — князю В. Вярэйскаму. Пад 1492 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы касьцёл[1].

З 1507 году Валожын знаходзіўся ў складзе Наваградзкага ваяводзтва. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў ён увайшоў у Ашмянскі павет Віленскага ваяводзтва. У 1582[1] годзе мястэчка перайшло ў валоданьне Радзівілаў, а ў 1614 годзе — да Слушкаў.

У 1681 годзе маршалак надворны Ю. Б. Слушка заснаваў у Валожыне касьцёл і кляштар бэрнардынаў, пры якім дзейнічала школа. Неўзабаве ў 1683 годзе тут зьявілася праваслаўнае брацтва. З канца XVII ст. мястэчка стала цэнтрам староства.

У 1710 годзе Слушкі збудавалі ў Валожыне царкву. У пачатку XVIII ст. у мястэчку было 107 двароў, 5 вуліцаў (Віленская, Смаргонская, Менская, Крывая, Тыльная); дзейнічалі 2 касьцёлы і 2 царквы[1]. У 1738 годзе Валожын перайшоў да князёў Чартарыйскіх. На 1790 год тут было 186 двароў[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Валожын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ашмянскім павеце Віленскай губэрні. З 1803 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Тышкевічаў. У 1806 годзе Ю. Тышкевіч заснаваў тут касьцёл Сьвятога Язэпа. У 1806—1892 гадох у Валожыне дзейнічала юдэйская духоўная акадэмія (Валожынскі ешыбот), якая стала прататыпам большасьці літвакоўскіх ешыботаў сьвету. Апроч таго, у мястэчку было 2 школы, 3 хрысьціянскія сьвятыні, сынагога, 3 малітоўныя дамы, аптэка, шпіталь, суконная фабрыка.

У Першую сусьветную вайну (1915—1918) Валожын значна пацярпеў, бо празь мястэчка праходзіла лінія фронту.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Валожын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2].

Згодна з Рыскай дамовай 1921 году Валожын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету. У 1929 годе Рада міністраў Польскай Рэспублікі надала паселішчу статус места[3][4] (часам можна сустрэць[5][6] памылковыя зьвесткі, што гэта адбылося толькі ў 1940 годзе), адначасна да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — фальварак Бондары і вёскі Кялевічы, Еўлашы, Панізьзе.

У 1939 годзе Валожын увайшоў ў склад БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 20 верасьня 1944 у Маладэчанскай, з 20 студзеня 1960 году ў Менскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Грынявецкі В. Валожын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 384.
  2. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  3. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 26 kwietnia 1929 r. o zaliczeniu osady Wołożyn w powiecie wołożyńskim, województwie nowogródzkiem w poczet miast i o rozszerzeniu granic tego miasta, Dz. U. Nr 33, poz. 309 (пол.)
  4. ^ Азбука истории города (Из воспоминаний старожила Воложина Василия Горбачевского)(недаступная спасылка)
  5. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  6. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]