Гісторыя Ішкальдзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Касьцёл. Э. Паўловіч, 1848 год

Ішкальдзь — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны. Да нашага часу тут захаваўся гатычны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, адзін з найбольш старажытных у краіне.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Ішкальдзь упамінаецца ў 1-й палове XV ст. як маёнтак у Наваградзкім павеце, уладаньне Неміровічаў. У 1449 годзе смаленскі намесьнік М. Неміровіч заснаваў тут касьцёл, у 1472 годзе зь ягонай фундацыі збудавалі мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. М. Неміровіч запісаў маёнтак сваёй жонцы Альжбеце, па сьмерці якой гэты двор мусіў перайсьці пад юрысдыкцыю Віленскага біскупства.

У 1502 і 1506 гадах Ішкальдзь пацярпела ад набегаў крымскіх татараў. На 1579 год паселішча мела статус мястэчка і знаходзілася ў валоданьні Кацярыны Тэньчынскай, тут было 82 сядзібы, 2 карчмы. На 1598 год — Рынак, 2 вуліцы, 69 двароў, уладаньне К. Радзівіла Перуна. Пазьней маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Ільлінічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў. На 1755 год — 89 двароў, на 1787 год — 100 двароў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл. Напалеон Орда, 1876 год

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ішкальдзь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзейскай воласьці Наваградзкага павету[1]. На 1862 год тут было 108 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1868 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. На 1879 год прыход налічваў каля 2 тысячаў прыхаджанаў, сярод якіх пісьменныя складалі толькі 4%.

У 1-й палове 1880-х у Ішкальдзі было 108 двароў. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 120 двароў, дзейнічала царква, працавалі магазын, крама і карчма, штогод праводзіўся 1 кірмаш. У пачатку XX ст. — 143 двары. Сумежна зь мястэчкам знаходзіўся засьценак Новая Ішкальдзь (4 двары).

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ішкальдзь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Баранавіцкі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Ішкальдзь апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Паланэчкаўскай гміне Баранавіцкага павету. У гэты час тут было 136 дамоў; каля мястэчка існавала вёска Ішкальдзь (13 дамоў). На 1923 год — 136 двароў.

У 1939 годзе Ішкальдзь увайшла ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету (існаваў да 16 ліпеня 1954 году). Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1994 год тут было 154 двары, на 1 студзеня 1998 году — 138 двароў. У Другую сусьветную вайну з канца чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

На 1994 год у Ішкальдзі было 154 двары, на 1998 год — 159, на 1 студзеня 1998 году — 138, на 2005 год — 123. Да 26 чэрвеня 2013 году вёска ўваходзіла ў склад Петкавіцкага сельсавету.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 308.
  2. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гісторыя Ішкальдзісховішча мультымэдыйных матэрыялаў