Горацкая філія «Аршанскага Маладняка»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Горацкая філія «Аршанскага Маладняка» — суполка паэтаў, празаікаў, перакладнікаў і літаратуразнаўцаў якая існавала ў 1926—1928 гг. пры Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках (цяпер у Магілёўскай вобласьці) і ўваходзіла ў «Маладняк» — Усебеларускае аб’яднаньне паэтаў і пісьменьнікаў.

Гісторыя стварэньня філіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У стварэньні Горацкае філіі «Аршанскага Маладняка» вялікую ролю адгуляў Міхась Ганчарык, доктар біяляґічных навукаў, прафэсар, заслужаны дзеяч навукі БССР, сябра-карэспандэнт АН БССР, выхаванец Беларускае сельскагаспадарчае акадэміі 1924 году. «Ня памятаю дакладна, — пісаў ён, — але здаецца, у сакавіку 1924 году да мяне прыехалі Кандрат Крапіва й Уладзімер Дубоўка. …Крапіва й Дубоўка зьвярнуліся да мяне з прапановай арганізаваць філію „Маладняка“. Такія філіі ўжо былі ў некаторых акругах, і ім было даручана зарганізаваць такую ж у Воршы. У гэты час у Воршы працаваў рабфак, якім кіраваў Акулік, загаднікам вучэбнае часткі быў Сташэўскі. Я зьвязаўся зь імі. Мы пагутарылі са студэнтамі, сярод якіх быў „знойдзены“ Тодар Кляшторны й два-тры хлопцы, якія пажадалі ўдзельнічаць у будучым „Маладняку“. Кіраўніцтва было сфармавана ў складзе чальцаў кіраўніцтва Сташэўскага й Кляшторнага. Мяне прызначылі старшынём філіі. Было вырашана выдаць і першы нумар часопіса „Аршанскі маладняк“. Праз тры месяцы літаратурныя матэрыялы для першага нумара былі выдадзеныя за кошт сродкаў аддзела народнай адукацыі…» [1].

Праца філіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як бачна з архіўных дакумэнтаў, што знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь (БДА-М ЛіМ), філія афіцыйна была зарганізаваная ў траўні 1925 году. У 1926 року Міхася Ганчарыка запрасілі на працу асыстэнтам катэдры фізіялёґіі расьлінаў сельскагаспадарчай акадэміі. Пасьля гэтага аршанская філія «Маладняка» фактычна разьбілася на дзьве часткі (горацкая частка спачатку называлася студыя). Нягледзячы на тое, што частка сяброў арганізацыі жыла ў Горках і раёне, яна была філіяй «Аршанскага Маладняка». Аднак сябры зноў створанай арганізацыі называлі сябе сябрамі Горацкае філіі «Аршанскага Маладняка». Назву часопіса «Аршанскі Маладняк» не зьмянілі, хоць ён з 3-га нумара пачаў выдавацца ў Горках. 2 кастрычніка 1926 году, на першым паседжаньні сябры Горацкае філіі ўлічваючы, што «сувязь з Воршай дасканала немагчыма з-за недахопу сродкаў, працу рэарганізаваць у тым сэнсе, што ў Горках утварыць самастойную філію. У наступны момант гэта мае пад сабой грунт, затым што сілы ў Горках павялічыліся». Аднагалосна вырашылі з аршанскай філіі «Маладняка» выйсьці і «…утварыць дзве самастойныя філіі: у Горках і ў Воршы, падзяліўшы ўсе сродкі пароўну» [2]. На гэтым жа пасяджэньні прынялі праект каляндарнага пляну працы на 1926—1927 гг., складзены А. Вечарам. Ён складаўся аж з 23 пунктаў. Плян фактычна быў праграмным дакумэнтам студыі. Так, у ім рэкамэндавалася «…вывучаць літаратуру з боку філязофскага, зачым лічыць неабходным вывучэньне той часткі матэрыалістычнай філязофіі, якая гаворыць аб ёй» [2]. Пляны гэтыя пасьпяхова праводзіліся ў жыцьцё, што пацьвярджаюць даклады студыйцаў Ю.Гаўрука («Проза і віды прозы»), А.Вечара («Аб стылістыцы») і інш. Гэта дало падставу М. І. Мушынскаму адзначыць, што "на высокім узроўні вялася творчая, крытычная праца ў некаторых найбольш моцных філіях, гуртках, аб чым сьведчыць дзейнасьць Горацкае студыі «Маладняка»[3]. З пратаколаў студыі бачна, што паседжаньні адбываліся кожны тыдзень у габінэце катэдры беларусазнаўства. Пачыналіся яны а 9-й гадзіне вечара, пасьля таго як канчаліся заняткі ў акадэміі. Кіравала працаю філіі Бюро, у якое ўваходзілі старшыня — М.Ганчарык, сакратар — А. Вечар, сябры — Ю.Гаўрук і П.Мадзёлка. Акрамя штотыднёвых паседжаньняў, сябры праводзілі літаратурныя вечары сярод студэнтаў акадэміі й рабфака, а таксама ў школах і на прадпрыемствах места й раёну. З пратаколу ад 25 сьнежня бачна, што філія прымала ўдзел у працы гуртка «Беларускае культуры» акадэміі, а таксама культкамісіі пры прафкаме. Не парывалі сувязі горацкія сябры філіі й з Воршай. Усе свае творы, перш чым рэкамэндаваць іх да друку, чальцы філіі абмяркоўвалі на сваіх паседжаньнях.

12 лютага 1928 году ў Горках адбылася акруговая канфэрэнцыя «Аршанскага маладняка» сумесна з прадстаўнікамі Воршы й Амсьціслава. На канфэрэнцыі прадстаўнік Усебеларускага часовага кіраўніцтва «Маладняка» Васіль Каваль зрабіў даклад пра становішча маладнякоўскага руху ў Беларусі. Было вырашана падтрымаць ідэю аб уваходзе «Маладняка» ва Ўсесаюзную Асацыяцыю пралетарскіх пісьменьнікаў. На Ўсебеларускую канфэрэнцыю «Маладняка» былі абраныя А.Вечар, Ю.Гаўрук і У.Прыбыткоўскі. 15 лютага 1928 року адбылася Ўсебеларуская канфэрэнцыя, зарганізаваная часовым кіраўніцтвам «Маладняка». Было абранае пастаяннае Цэнтральнае Бюро ў складзе 7 чальцаў, у тым ліку ад Горацкае філіі ў ЦБ увайшлі Ю. Гаўрук, А.Вечар і былы сябра Горацкае філіі В. Каваль. Горацкая філія «Аршанскага Маладняка» працавала ўсяго некалькі гадоў (1926—1928 гг.), але яна стала добраю школаю для будучых паэтаў і пісьменьнікаў. А тыя, хто пісьменьнікамі ня сталі, на ўсё жыцьцё захавалі любоў да літаратуры й творчасьці.

Сябры філіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У філію ўваходзілі Алесь Вечар, Юрка Гаўрук, Міхась Ганчарык, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў, Уладзімер Прыбыткоўскі, Васіль Каваль, Герасімовіч (Язэп Вір), Віктар Бухаркін, Сяргейчык, Мурашка, Чыжанок, Шрубок, Янушка, Калядка, Сымончык, Змушка, Мільячэнка, Мятко, Дзямядовіч, Саўлік і іншыя. Пра лёс многіх сяброў студыі дагэтатуль анічога невядома. Невядомыя нават іх імёны.

Максім Гарэцкі, хоць афіцыйна й не ўваходзіў у Горацкую філію «Аршанскага Маладняка», аднак, як успамінаў Міхась Ганчарык, «…аказваў заўсёды добразычлівую і аўтарытэтную дапамогу „маладнякоўцам“ філіі… Асабліва быў карысным яго ўдзел у літаратурных вечарах, якія наладжваліся маладнякоўцамі, ці пры калектыўных разглядах творчасьці паасобных сяброў філіі.»[4]. Вядома, што М. Гарэцкі пільна сачыў за творчасьцю сяброў Горацкае філіі. У ягонай кнізе «Маладняк» за пяць гадоў. 1923—1928" (Мн.: 1928) ён некалькі разоў узгадвае А.Вечара, Ю.Гаўрука, В.Каваля й іншых. Надзеі, якія М. Гарэцкі ўскладаў на некаторых маладнякоўцаў, зь цягам часу спраўдзіліся: зь іх вырасьлі добрыя пісьменьнікі. На жаль, асноўная частка зь іх загінула ў час таталітарнага рэжыму.

Афіцыйна не ўваходзіла ў Горацкую студыю «Аршанскага Маладняка» і ягоная жонка Л. Чарняўская, дзіцячая пісьменьніца. Відаць, публікацыі ў часопісе «Маладняк» далі М. І. Мушынскаму падставу залічыць яе ў сябры «Маладняка»[5]. Дарэчы й У. А. Навумовіч таксама ўключае Л. Чарняўскую ў лік сяброў «Маладняка» [6].

Часопіс «Аршанскі маладняк»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З друку ў 1925—1928 гады выйшла сем нумароў часопіса «Аршанскі маладняк» (у 1925 — два нумары, у 1926 — тры, у 1927 і 1928 гг. — па аднаму). Калі часопіс друкаваўся ў Воршы ў друкарні імя Францішка Скарыны наклад быў 1500 паасобнікаў, але ён быў аб’ёмам 40-50 старонак. А калі пачаў друкавацца ў Горках, кніжкі былі да 110 старонак і наклад быў 1000 паасобнікаў. Акрамя аўтараў з Воршы й Горак у альманаху друкавалі свае творы й маладнякоўцы з Амсьціслава: Зяма Півавараў, Юлі Таўбін, Сяргей Калугін, Я. Гоманава, Ганна Сапрыка, Зьмітрок Астапенка, Ларыён Максімаў.

Успаміны сяброў філіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра Горацкую філіі пакінуў успаміны былы сябра студыі Юрка Гаўрук, які ў 1925 годзе скончыў Вышэйшы літаратурны інстытут у Маскве й з 1925 по 1931 г. працаваў дацэнтам катэдры беларусазнаўства ў Горках. Ён піша:

…апынуўся ў Горках амаль адначасова з Алесем Вечарам у наступстве доктарам біяляґічных навукаў, прафэсарам, заслужаным дзеячам навукі й тэхнікі БССР. Ён прыехаў вучыцца, а я выкладаў беларускую мову й літаратуру. З 1925 па 1930 г. пры акадэміі бесьперапынна працаваў літаратурны гурток, мы нават выпусьцілі некалькі нумароў часопіса „Аршанскі Маладняк“, апошні зь якіх (№ 7 за 1928 г.) выглядаў вельмі грунтоўна. Акрамя Алеся Вечара й мяне, актыўны ўдзел у працы гуртку прымаў Максім Гарэцкі, які кіраваў катэдрай беларусазнаўства. Гурток збліжаў у асноўным студэнтаў, якія спрабавалі пісаць ці цікавіліся літаратурай. Назаву некалькі імёнаў: Міхась Ганчарык, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў, Уладзімер Прыбыткоўскі (цудоўны паэт, загінуў у пачатку вайны на Брэстчыне), Васіль Каваль, Язэп Вір. Алесь Вечар прыцягваў мяне сваёй самастойнасьцю, сур’ёзнасьцю, унутранай стрыманасьцю, уменьнем кожную распачатую працу даводзіць да канца. Ён пісаў вершы, мы іх друкавалі, прычым без усялякіх выпраўленьняў, як быццам напісаныя яны былі не пачаткоўцам, а дасьведчаным майстрам. Для шостага нумара „Аршанскага Маладняка“ не было адпаведнага клішэ. А хацелася даць нешта арыгінальнае. І Алесь Вечар вельмі нядрэнна выразаў на ліноліюме дрэва зь лісьцем, якое было надрукаванае на вокладцы. Я мала ведаю Алеся Вечара як навукоўца, пра гэтае скажуць іншыя, але магу з упэўненасьцю запэўніць, што Вечар-паэт у многім дапамог Вечару-навукоўцу [7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ліўшыц, Уладзімір. Горацкія маладнякоўцы. «Памяць. Горацкі раён».- Мінск:1996. С.150
  2. ^ а б БДА-М ЛіМ ф. 225. воп.1, сп.18.л.6
  3. ^ Мушынскі, М. І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. Мн.: 1975. С.196
  4. ^ Максім Гарэцкі. Успаміны. Артыкулы. Дакументы. С. 69 −70
  5. ^ Мушынскі, М. І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. Мн.: 1975.С.198
  6. ^ Навумовіч, У. А. Шляхамі арлянят. Проза «Маладняка» — Мн.: 1984.С.9
  7. ^ Гаўрук, Юрка. «Ступень адказнасці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн.: 1986.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Юрка Гаўрук. «Ступень адказнасьці» (літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн.: 1986.
  • Ніл Гілевіч. Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»). — Мн.: 1962.
  • Максім Гарэцкі. «Маладняк» за пяць гадоў. — Мн.: 1928.
  • Уладзімер Ліўшыц. З гісторыі горацкай студыі «Аршанскага маладняка» / // «Парнасу» — 60 : літаратурна-гістарычныя нарысы, публіцыстыка : да 60-годдзя літаратурнага аб’яднання «Парнас» / Установа адукацыі «БДСГА». Горкі: 2013. С. 25―34
  • Уладзімер Ліўшыц. Горацкія маладнякоўцы. «Памяць. Горацкі раён». — Мінск: 1996. С.150.
  • Уладзімер Ліўшыц. Горацкая студыя «Аршанскага Маладняка»-Горкі: 2013. 96с. іл. https://web.archive.org/web/20200427202119/http://lib-gorki.mogilev.by/index.php/chitatelyam/116-elektronnye-knigi-goretskikh-avtorov#collapse612
  • Міхась Мушынскі. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20—30-я гады. — Мн.: 1975.
  • Уладзімер Навумовіч. Шляхамі арлянят. — Мн.: 1984.
  • Кузьма Хромчанка. Маладняк // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 410—411. — 751 с. — 10 000 экз.
  • История белорусской советской литературы. — Мн.: 1977. С.22-23,46-50.
  • Юльян Пшыркоў. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гадоў). — Мн., 1960.
  • Навум Перкін. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. — Мн.: 1960.
  • Іван Чыгрын. Проза «Маладняка». — Мн.: 1985.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]