Перайсьці да зьместу

Глеб Усяславіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Глеб Усяславіч
лац. Hleb Usiasłavič
Глеб Менскі
Выява Глеба Менскага на манэце НББ
Князь менскі
1101  1119
Папярэднік Усяслаў Полацкі
Наступнік Расьціслаў Глебавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1070
Памёр 13 верасьня 1119, Кіеў
Нашчадкі
Дынастыя Рагвалодавічы
Жонка Анастасія Яраполкаўна, дачка ўладзімера-валынскага князя Яраполка Ізяславіча
Бацька Усяслаў Чарадзей

Глеб Усяславіч, Глеб Менскі (? — 13 верасьня 1119, Кіеў) — князь менскі (1101—1119). Сын Усяслава Полацкага, пачынальнік менскай галіны Рагвалодавічаў.

Глеб — усходнеславянская форма германскага (паўночнагерманскага) імя Gudleifr (Guðleifr)[1]. Іменная аснова -гуд- (-год-, -гут-) (імёны ліцьвінаў Готарт, Гудман, Саўгут; германскія імёны Gotard, Gutmann, Savegotus) паходзіць ад гоцкага guþs 'Бог', gôþs 'добры, старанны, пабожны' або *guts 'гот'[2], а аснова -леб- (-лейб-, -лейф-) (імя ліцьвінаў Улеб; германскае імя Uleifr) — ад гоцкага laiba 'заставацца'[3], стараісьляндзкага leifr 'нашчадак'[4][5]. Такім парадкам, імя Глеб азначае 'адданы пад Боскую абарону'[6] або 'нашчадак Бога'[7].

Варыянт імя князя ў гістарычных крыніцах: Глебъ (1119 рок)[8].

Пячаць Глеба

Сын Усяслава Брачыславіча Чарадзея, відаць, другі паводле старшынства пасьля Барыса Ўсяславіча. Паводле адной з вэрсіяў, у 1073 року Глеб, з усяго відаць, быў заручаны з дачкой уладзімера-валынска князя Яраполка Ізяславіча — Анастасіяй, за якой, магчыма, і атрымаў Менск[9], які па сьмерці бацькі (1101 рок) стаў яго ўдзелам. Паводле іншай жа, больш праўдападобнай вэрсіі, шлюб адбыўся ў 1090 року, пры гэтым Менск належаў полацкаму княству.

Перад сьмерцю Ўсяслаў Чарадзей падзяліў Полацкае княства на ўдзелы, Глеб атрымае Менскае княства. Глеб імкнуўся пашырыць свой удзел і амаль адразу па сьмерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104[a]/1105 року да Менску прыйшло аб’яднанае войска рускіх князёў — вялікі князь кіеўскі Сьвятаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімер Усеваладавіч свайго сына Яраполка, чарнігаўскі князь Алег Сьвятаславіч хадзіў сам і прывёў з сабой глебавага брата Давыда Ўсяславіча. Мэтай, відаць, было вяртаньне Давыду ўдзела[10]. Аднак паход на Менск ня меў посьпеху, болей за тое Глеб далучыў да сваіх уладаньняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасьці ў Воршы і Копысі і іншых гарадах[11]. Таксама Глеб далучыў да Менску Друцк[12]. У 1106 року Глеб браў удзел у паходзе на балтыйскае племя зэмгалаў. Як сьведчаць легенды, у 1114 року Глеб зьдзейсьніў набег на Літву, Жывінбуд з Даўспрунгаў адбіў набег на Літву Глеба, па чым напаў на Менскае княства, разруйнаваў яго й спаліў горад Менск.

Па сьмерці Сьвятаполка (16 траўня 1113 року), вялікім князем кіеўскім быў абраны Ўладзімер Усеваладавіч — асноўны супраціўнік Сьвятаполка й Глеба, які разыходзіўся зь імі ў многіх пытаньнях рускай унутранай палітыкі, у тым ліку пра спадчыну стальцоў. Абвастрэньне канфлікту было непазьбежным. У 1116 року Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў горад Слуцак, які належаў беспасярэдне Ўладзімеру. Уладзімер, нібы угаворваў Глеба разьвязаць пытаньні мірам, але Глеб нібы не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і зьвінавачваў ва ўсім самога Ўладзімера. На Менскае княства быў накіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Уладзімера, захапіў Воршу й Копысь. Аб’яднанае войска сыноў Уладзімера Давыда і Яраполка — князя пераяслаўскага, узяло прыступам Друцак. Сам Уладзімер накіраваўся да Менску і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не дала посьпеху, але Ўладзімер хацеў працягваць аблогу, загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.

Глеб Усяславіч убачыў падрыхтоўку да вельмі працяглай аблогі і накіраваў паслоў да Ўладзімера, які згадзіўся на мірныя перамовы. Менскі князь выйшаў з гораду зь дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімер павучаў Глеба як ён павінен паводзіць сябе, даў яму, паводле летапісу, Менск, такім чынам, як лічаць некаторыя дасьледчыкі[13], забраў значную частку ўладаньняў, у тым ліку Друцак і Падняпроўе. Сын Уладзімера Яраполк вывеў у палон жыхароў захоплена Друцака й пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве пабудаваўшы горад Жэлні. Глеб нядоўга трымаўся павучаньняў Уладзімера, у 1117 року напаў на смаленскія й наўгародзкія воласьці. Гэтым разам Уладзімер паслаў свайго сына Мсьціслава зь вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск, Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў, дзе ён памёр у 1119 року.

Папярэднік
Усяслаў Чарадзей
Князь менскі
1101—1119
Наступнік
Расьціслаў Глебавіч
  1. Глеб // Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В 4 т.: Пер. с нем. = Russisches etymologisches Wörterbuch. Т. 1. — М., 2004.
  2. Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 134.
  3. Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 156.
  4. Kruken K., Stemshaug O. Norsk Personnamnleksikon. — Det Norske Samlaget, 1995.
  5. Leifr, Nordic Names
  6. Суперанская А. В. Словарь русских личных имён: Сравнение. Происхождение. Написание. — М.: Айрис-пресс, 2005. С. 79.
  7. Усціновіч А. Слоўнік асабовых уласных імён. — Менск, 2011. С. 73.
  8. Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 133.
  9. Заяц Ю. Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4. С. 10.
  10. Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977.
  11. Ляўко В. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ. № 12, 1997. С. 174—175.
  12. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 8.
  13. Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ—ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 240 с. — ISBN 985-09-0152-7
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ—ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 240 с. — ISBN 985-09-0152-7
  • Заяц Ю. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4.
  • Ляўко В. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ. № 12. — Менск, 1997.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.