Гервазі Людвік Аскерка
Герб «Мурдэліё» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1700 |
Памёр | 1771 |
Род | Аскеркі |
Бацькі | Антоні Аскерка Соф’я з Календаў |
Жонка | Тэрэза з Тызэнгаўзаў |
Дзеці | Людвік, Ігнаці, Караль Гервазі, Канстанцыя Марыя, Караліна Элеанора, Анэля Ганна |
Гервазі Людвік Аскерка (1700—1771) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1748—1764) і рэфэрэндар вялікі літоўскі (з 1764).
Трымаў Мазырскае староста (з 1724).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Аскеркаў гербу «Мурдэліё», сын Антонія, кашталяна наваградзкага, і Соф’і з Календаў. Меў братоў Рафала Алаіза, Міхала Стэфана, Казімера Мацея, Марціна Тэадора і Багуслава Леапольда.
У 1697 атрымаў урад чашніка, а ў 1713 — маршалка мазырскага. Абіраўся паслом на соймы 1724, 1726, 1733 (надзвычайны), 1733 (канвакацыйны), 1740, 1744, 1746, 1748, 1750, 1752, 1760, 1764, 1766. У 1733 як абраны палкоўнік Мазырскага павету падпісаў элекцыю Станіслава Ляшчынскага. Браў актыўны ўдзел у барацьбе пасэсараў «нойбурскіх уладаньняў» супраць Радзівілаў. У 1737 абіраўся дэпутатам і быў кандыдатам на пасаду маршалка Галоўнага Трыбуналу, але зрабіўся маршалкам Скарбовага трыбуналу.
З пачатку 1740-х супрацоўнічаў з Сапегамі і Чартарыйскімі. Разам з ковенскім гродзкім старостам Сымонам Сіруцем дапамог Сапегам атрымаць большасьць на рускай кадэнцыі Галоўнага Трыбуналу (1742). Перад Трыбуналам 1743 лічыўся супольным кандыдатам Чартарыйскіх і Сапегаў на пасаду маршалка. Дапамог лоўчаму Міхалу Антонію Сапегу ў абраньні дэпутатам у Мазыры і трыбунальскім маршалкам. У канцы жніўня 1743 Чартарыйскія перад спробай стварэньня антыкаралеўскага рокаша ў Літве сабралі на нараду ў Воўчыне сваіх прыхільнікаў, сярод якіх быў і Г. Л. Аскерка. У 1747 разглядаўся як магчымы кандыдат на пасаду маршалка Трыбуналу 1748. Карыстаўся нават падтрымкай непрыхільных яму Радзівілаў, але адмовіўся дамагацца пасады[1].
Падтрымліваў праграму Чартарыйскіх у рэформе дзяржаўнага ладу. Сярод іх прыхільнікаў знаходзіўся і па разрыве Чартарыйскіх з каралеўскім дваром. У траўні 1764 быў паслом Генэральнай канфэдэрацыі ВКЛ у Пецярбург для забесьпячэньня расейскай падтрымкі Чартарыйскім і іхнаму кандыдату на сталец — Станіславу Аўгусту Панятоўскаму[2]. У 1768 выступаў супраць запрашэньня расейскіх войскаў, супраць Барскай канфэдэрацыі.
Ажаніўся з Тэрэзай, дачкой пісара вялікага літоўскага Міхала Бэнэдыкта Тызэнгаўза. У шлюбе меў сыноў Людвіка, Ігнація і Караля Гервазія, дачок Канстанцыю Марыю (жонка канюшага вялікага літоўскага Дамініка Александровіча), Караліну Элеанору (жонка старосты жамойцкага Антонія Гелгуда), Анэлю Ганну (жонка Яна Зялінскага).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мацук А. Аскерка Гервазы Людвік // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 43.
- ^ Пазднякоў В. Аскеркі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 257.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7