Генэральная акруга Летува
Генэральная акруга Генэральная акруга Летува па-нямецку: Generalbezirk Litauen па-летувіску: Lietuvos generalinė sritis | |||||
| |||||
![]() | |||||
25 ліпеня 1941 — 13 ліпеня 1944 | |||||
---|---|---|---|---|---|
Сталіца | Коўна | ||||
Тэадор Адрыян фон Рэнтэльн[d] |
Генэральная акруга Летува (па-нямецку: Generalbezirk Litauen, па-летувіску: Lietuvos generalinė sritis) — ваенна-адміністрацыйная адзінка ў складзе райхскамісарыяту Остлянд, утвораная на тэрыторыі сучаснай Летувы. Існавала з 25 ліпеня 1941 да заняцьця Вільні войскамі Чырвонай Арміі 13 ліпеня 1944. Сталіцаю ўтварэньня быў горад Коўна.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акруга была ўтворана 25 ліпеня 1941 году ў складзе райхскамісарыяту Остлянд. На чале стаяў Генэральны камісар, які знаходзіўся ў Коўне.
Згодна зь перапісам 3 траўня 1942 году, колькасьць насельніцтва складала 2 844 000 чалавек, зь іх прыблізна 46 000 чалавек былі габрэямі. У верасьні 1943 году акруга была плошчай 67 056 км². Складалася з 25 раёнаў, з 290 валасьцей і 2-х гарадзкіх адміністрацыйных адзінак Вільні і Коўны.
Адміністрацыя акругі выкарыстоўвала насельніцтва, праводзіла палітыку германізацыі і Галакосту, выкарыстоўвала рэсурсы краю на ваенныя патрэбы. Нярэдкай зьявай былі прымусовыя работы, пазбаўленьне волі, забойствы.
У Летуве ваенныя дзеяньні амаль не адчуваліся з 1941 па 1943 гады, было даволі спакойна, ва ўсякім разе для вучняў. Працавалі пачатковыя школы, гімназіі, нават некаторыя факультэты Віленскага ўнівэрсытэта[1].
Восеньню 1942 году ў Вільні дзейнічалі тры агульнаадукацыйныя гімназіі зь летувіскаю моваю навучаньня — Першая і Трэцяя для хлопцаў, Другая — для дзяўчат, а таксама Беларуска-расейская гімназія і некалькі сярэдніх прафэсіянальных школ[2].
У час нямецкай акупацыі беларускае жыцьцё ў Вільні стала рэдкім. Даваенныя дзяячы пераважна выехалі ў Беларусь, а афіцыйныя аб’явы друкаваліся на нямецкай, летувіскай і польскай мовах. Дзейнічаў Беларускі камітэт, Беларуска-расейская гімназія і настаўніцкая сэмінарыя. У праваслаўных цэрквах была царкоўнаславеская мова літургіі, і толькі ў адным са шматлікіх касьцёлаў адбываліся набажэнствы з казаньнем і сьпевамі на беларускай мове. Немалое значэньне меў выдаваны ў Вільні штотыднёвік Беларускі Голас, даступны ў гарадзкіх кіёсках. Цяжкасьці ваеннага жыцьця ў значнай меры лагодзіла кіна-тэатральнае мастацтва. У час нямецкага панаваньня ў Вільні дзейнічалі опэрны і драматычны тэатры і пяць даступных для мяшчанаў кінатэатраў «Казіно»[a], «Адрыя»[b], «Муза»[c], «Чыгуначны» і час ад часу «Зальдатэн Другі»[d].
З восені 1942 да вясны 1944 году ў Вільні, паказвалі чатыры опэры — «Rigoletto», «Traviata», «Madam Butterfly», «Faust», а таксама некалькі летувіскіх пьес, сярод іх — «Naujieji zmones», «Vidurnakcio vaidokliai» і «Vincas Kudirka». Былі нямецкія кінафільмы. Перш за ўсё гэта былі мастацкія, многімі ўпершыню бачаныя, каляровыя стужкі «Die goldene Stadt», «Munchhausen» і некалькі чорна-белых: «Tiger von Eschnapur», «Das indische Grabmal», «Die Reise nach Tilsit», «Andalusische Nachte», «La Habanera», «Vom Schicksal verweht», «Zirkus Zaran», «Lache Bajazzo», «Gasparone», «Doktor Krippen an Board». Акрамя кінахронікі выразную прапагандысцкую накіраванасьць мелі дзьве стужкі. Адна зь іх антысэміцкая («Jud Suss») і другая — пра кон паволскіх немцаў у гады калектывізацыі.
Зь вясны 1943 году на плошчы Ажэшкі выступаў з канцэртам зь песьнямі і музыкаю нямецкі вайсковы аркестар. На той жа плошчы вывешвалі чарцеж, дзе было відно стан на пярэднім краі нямецка-савецкае вайны.
Генэральная акруга прыпыніла сваё існаваньне з адступленьнем нямейкай арміі з тэрыторыі ўтварэньня ў ліпені 1944 году.
Земскі падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спачатку Генэральная акруга ахоплівала 4 акругі: Ковенскую гарадзкую, Ковенскую (сельскую), Шавельскую і Панявескую. 1 жніўня 1941 году адбылося пашырэньне Генэральнай акругі за кошт раёна вакол Вільні, абмежаваўшыся на ўсходзе і паўднёвым усходзе колішняй летувіскай мяжой. Адначасова былі сфармаваны дзьве новыя акругі: Віленская гарадзкая і Віленская (сельская). Станам на 1 чэрвеня 1944 году Генэральная акруга Летува складалася з такіх адзінак:
- Віленская гарадзкая акруга (Kreisgebiet Wilna-Stadt)
- Віленская акруга (Kreisgebiet Wilna-Land)
- Ковенская гарадзкая акруга (Kreisgebiet Kauen-Stadt)
- Ковенская акруга (Kreisgebiet Kauen-Land)
- Шавельская акруга (Kreisgebiet Schaulen-Land)
- Панявеская акруга (Kreisgebiet Ponewesch-Land)
Управа
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вышэйшаю ўправаю акругі быў галоўны камісарыят, які складаўся з аддзелаў і пададдзелаў:
- аддзел палітыкі і прапаганды (Карл Набэрсбэркг);
- аддзел унутраных справаў (Зохс);
- аддзел прамысловасьці (Георг фон Эбнэр, потым Фукс);
- аддзел сельскай гаспадаркі і харчаваньня (Рудольф Пэнсэ).
Агулам у камісарыяце працавалі 370 службовых асоб.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 48. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887
- ^ Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 50. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — ISBN 978-985-6887