Генрык Готшалкавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генрык Готшалкавіч
князь бодрычаў
1093 — 1127
Папярэднік Крут
Наступнік Сьвятаполк
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся не пазьней за 1065
Памёр 22 сакавіка 1127

Генрык Готшалкавіч[1][2] (? — 22 сакавіка 1127) — князь бодрычаў (1093—1127). На яго час прыпадае набольшы росквіт Бодрыцкай дзяржавы.

У канцы жыцьця Генрыка яго дзяржава мела межы, якія пачыналіся ад берагоў Паўночнага мора ў Нардальбінгіі (сучасны Гальштайн) на захадзе і заходзілі за Одру і ўлучалі Памяранію на ўсходзе. На поўдні яго ўлада пашыралася да ракі Гаволы ў раёне сучасных Брандэнбургу і Бэрліну (улучаючы землі гавалянаў). Такім парадкам, абадрыцкая дзяржава аб’яднала славянскія племянныя зьвязы бодрычаў, люцічаў (толькі стадаране не ўвайшлі ў склад дзяржавы, а плацілі даніну), памаранаў, а таксама саксонскія плямёны дытмаршаў, шторманаў і гользатаў. Вярхоўны князь кантраляваў славянскую дзялянку паўднёвабалійскага гандлёвага шляху ад Хедэбю (Шлезьвіг) і Старыгарда праз Волін і Дэмін у Русь.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старэйшы сын Готшалка, бодрыцкага князя, і Сыгрыды, дачкі дацкага караля Свэна II. Па сьмерці бацькі ў 1066 годзе, ратуючыся ад паўстаньня паганцаў, разам з маці зьбег у Данію[3], дзе прабыў да 1090 году.

У 1090 годзе, заручыўшыся падтрымкай датчанаў і саксаў, напаў на землі вярхоўнага князя бодрычаў Крута з мэтай вярнуць сталец свайго бацькі. Крут спрабаваў адцягнуць увагу Генрыха ўгаворамі і прапановамі, а сам некалькі разоў рыхтаваў на яго замахі, якія праваліліся празь няверную жонку Крута Славіну. У 1093 годзе Крут пагадзіўся перадаць землі рарогаў (уласна бодрычаў) Генрыку, але ў час сустрэчы Генрыка з Крутам апошняга забілі на загад Генрыка. Па гэтым Генрык стаў новым князем і ажаніўся з удавой Крута, Славінай.

Падпарадкаваў сабе Бодрыцкую дзяржаву, перамогшы ў зьвязе з саксамі і датчанамі ў бітве пад Сьмілавам[4] (каля Рацэнбургу ў Гальштайне) Рахеля, князя вугорскага. Таго ж году перанёс сталіцу бодрычаў з Рэрыка (Веліград) у Любіцу (Стары Любек), таму ў нямецкіх хроніках яго часта называюць Генрыхам Любецкім. Дзякуючы яго намаганьням Любіца атрымала новы штуршок да росквіту, з дазволу вярхоўнага князя тут пасяліліся купцы і рамесьнікі з дацкіх земляў.

У 1093 годзе прынёс васальную прысягу герцагу саксонскаму Магнусу Білюнгу. У зьвязе з апошнім умацаваў сваю ўладу над усімі бодрыцкімі плямёнамі, пашырыўшы межы сваёй дзяржавы да Одры. За Генрыкам плямёны хіжанаў і церазьпеньянаў увайшлі ў склад дзяржавы бодрычаў. Стаў першым з бодрыцкіх князёў, які адбіў уласную манэту з выявай сьцяны і вежы з аднаго боку і падвойнага крыжа з другога. Апроч водцаў ругенскіх славянаў, быў адзіным з славянскіх уладароў, якому ў хроніцы Гельмольда надалі тытул караля.

Сваім галоўным ворагам лічыў ругенскіх славянаў (руянаў), якія ў 1100 годзе паспрабавалі напасьці на дзяржаву бодрычаў, бо непакоіліся пра пашырэньне ўплыву бодрычаў на значную частку племяннога зьвязу люцічаў. Вялікае войска руянаў напала на бодрычаў, але Генрык I перамог іх у бітве пад Любіцай. У 1100—1101 гадох заваяваў плямёны бражанаў, лінонаў і гавалянаў.

Сабраўшы шматлікія войскі, у зьвязе з герцагам Саксоніі Лотарам (будучым імпэратарам) выступіў у выправу супраць руянаў. На рацэ Пене (мяжа зямель бодрычаў і люцічаў) у 1114 годзе, дзе саксонскі герцаг перамог церазьпянянаў і ругенскага князя. Рушыў далей на востраў Руген, дзе разьбіў руянаў і абклаў данінай ругенскіх славянаў. Пазьней племя Памор’я стала васалам бодрыцкага князя.

У 1123—1124 і 1124—1125 гадох правёў яшчэ дзьве выправы супраць руянаў у якасьці помсты за забойства сына Вальдэмара. У 1126 годзе ён даў дазвол місіянэру Віцеліну прапаведаваць хрысьціянства сярод бодрычаў і люцічаў. Адначасна абвясьціў свабоду веравызнаньня.

Двойчы браў шлюб. Меў двух сыноў ад першай жонкі, данскай арыстакраткі: Вальдэмара і Канута. У другім шлюбе з Славінай меў сыноў Мсьцівоя і Сьвятаполка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Любавский М. К. История западных славян (прибалтийских, чехов и поляков). 2-е изд. — М., 1918. С. 70.
  2. ^ Michałek A. Słowianie — Słowianie Zachodni: monarchie wczesnofeudalne. — Warszawa, 2007. S. 76.
  3. ^ Павинский А. Полабские славяне. — СПб., 1871. С. 145.
  4. ^ Mały słownik kultury dawnych Słowian / red. L. Leciejewicz. — Warszawa: Wiedza Powszechna, 1988. S. 137.