Гатэль Суціна (Менск)
| Славутасьць | |
Гатэль Суціна Гатэль Гарні | |
| Краіна | Беларусь |
| Месцазнаходжаньне | Менск |
| Адрас | Інтэрнацыянальная вуліца (11) |
| Архітэктурны стыль | эклектыка |
| Дата пабудовы | XIX стагодзьдзе |
| Статус | |
| Стан | дзее |
Будынак гатэлю Суціна — будынак у Менску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 11. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. з цэглы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]


У XVII—XVIII стагоддзях па тэрыторыі гэтага пляца праходзіў невялікі ручай, які з’яўляўся правым прытокам ракі Нямігі. Менавіта яго канфігурацыя абумовіла першапачатковую трасіроўку так званага Нямігскага завулка, які ў XIX стагодзьдзі атрымаў назву вуліца Феліцыянаўская, а пасля 1866 года — Багадзельная[1].
У дакументах XIX стагоддзя гэты ручай згадваецца як «канава Суціна». У XIX стагодзьдзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года[1].
Пасля пажару ў 1887 годзе з дазволу Мінскай гарадской управы на гэтым пляцы па адрасе вул. Праабражэнская, 7 быў пабудаваны вялікі мураваны трохпавярховы дом з мезанінам у стылі эклектыкі, і мураваны двухпавярховы флігель з печкавым ацяпленнем, якія належалі купцу Берку Нахімаву Суціну[2]. На першым паверсе былі дзве праязныя аркі, перакрытыя скляпеньнямі. Пад паўночна-ўсходняй аркай праходзіў ручай, які быў закрыты драўляным насцілам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў багата аздоблены ляпным дэкорам, на другім і трэцім паверхах знаходзілася некалькі балконаў, упрыгожаных фігурнымі металічнымі кратамі[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку будынка займала гасьцініца «Суціна», у якой было 43 нумары. Галоўны ўваход у гасцініцу знаходзіўся з боку вуліцы Праабражэнскай, а некалькі службовых уваходаў — збоку двара. Значная частка падвальных памяшканняў была занята пральняй, якая абслугоўвала гасцініцу. Значную частку першага паверха і падвальных памяшканняў займаў рэстаран Берыловіча. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзіліся банкірская кантора Берыловіча, а таксама вялікая кнігарня, якія мелі асобныя ўваходы з боку вуліцы[1].
У 1917 годзе ў будынку гасьцініцы размяшчалася канцылярыя начальніка паведамленняў армій Заходняга фронту[2].
Пасля 1920 года будынак нацыяналізаваны і да 1941 года выкарыстоўваўся як гасьцініца[1].
У час Вялікай Айчыннай вайны будынак амаль не пацярпеў[1]. У 1960-я[2] перабудаваны, зніклі балконы і большая частка архітэктурнага дэкору[1], з’явілася ўязная арка[2]. У савецкія часы ў будынку размяшчаліся культасветвучылішча і кафэ[3].

У 1950—1980-я гады ў былым доме Суціна знаходзіліся Менскае музычнае вучылішча, а таксама музычная бібліятэка. У канцы XX стагодзьдзя сюды быў пераведзены Беларускі рэстаўрацыйна-праектны інстытут[1].
У пачатку 2010-х гадоў «Мінгатэль», якому належаў будынак, вырашыў вярнуць яму першапачатковую функцыю[4]. Пры рэстаўрацыі будынка за аснову былі ўзяты некалькі захаваных гістарычных фотаздымкаў, на якіх бачна, якім быў дах і дзе размяшчаліся балконы. У час рэстаўрацыі будынку вернуты гістарычны выгляд. Унутры будынка адноўлены інтэр’еры ў стылі XIX стагодзьдзя[2]. Каб павялічыць колькасць нумароў у новым гатэлі, была створана мансарда. З дваровага боку створаны ліфты. Пасля завяршэння работ у будынку ў маі 2012 года адкрылася гасьцініца «Гарні» (гасьцініца з такой назвай раней існавала ў Мінску, але зусім у іншым месцы), разлічаная на 48 нумароў[5].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Трохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, накрыты ламаным двухсхільным дахам. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фасада. Галоўны фасад члянёны пілястрамі дарычнага ордара і карнізнымі паясамі. Аконныя праёмы лучковыя і больш высокія паўцыркульныя з ліштвамі. Лучковыя вокны на другім паверсе дэкарыраваны фігурнымі сандрыкамі, на трэцім — прамымі. Сцены першага паверха руставаны. Завершаны карнізам з поясам буйных сухарыкаў, а таксама атыкамі, якія аздоблены ляпнінай, круглымі і паўцыркульнымі вокнамі. У бакавых частках будынка — лучковыя арачныя праезды. Планіроўка калідорная.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 ГАТЭЛЬ СУЦІНА Архіўная копія ад 21 студзеня 2019 г.
- 1 2 3 4 5 Архівавана 8 жніўня 2017.
- ↑
- ↑ «Гарни» возвращается Архіўная копія ад 23 верасня 2017 г.
- ↑ Гостиница «Гарни»: ул. Интернациональная, 11
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Менск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1988. — 333 с.: іл.
Спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 711Е000001 |
Гатэль Суціна (Менск) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- {{https://globustut.by/minsk/index2.htm#internac11_hotel_sutina}}
- ГАТЭЛЬ СУЦІНА Архівавана 21 студзеня 2019.
