Гарадзенскі беларускі сялянскі зьезд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Гарадзенскі беларускі сялянскі зьезд, Беларускі сялянскі зьезд у Гародні — сход прадстаўнікоў сялянства Гарадзенскай губэрні, які адбыўся 15—16 сьнежня 1918 року.

Скліканы ў Гародні пасьля выданьня Граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 28 лістапада 1918 пра неабходнасьць стварэньня беларускіх радаў. Мелася на ўвазе, што на тэрыторыі, не занятай пасьля дэнансацыі Берасьцейскага міру бальшавікамі, будуць створаныя беларускія органы ўлады, каб такім чынам перашкодзіць імкненьню адроджанай польскай дзяржавы захапіць заходнія землі Беларусі, якія яшчэ заставаліся пад нямецкай акупацыяй і фармальна ўваходзілі ў склад Летувіскай Рэспублікі.

Старшынём зьезду абраны намесьнік старшыні Рады БНР Аркадзь Смоліч, намесьнікам — Андрэй Якубецкі. Парадак дня: аб палітычным становішчы, аб зямельнай справе, аб выплаце ваенных стратаў і дапамозе ахвярам вайны, аб школьнай справе.

«Дзеля абароны правоў беларускага народу на яго родную зямлю і вольнае, нацыянальнае разьвіцьцё» зьезд вырашыў стварыць моцную арганізацыю ў вёсках і паветах, арганізаваць сельскія і валасныя камітэты, абраў Гарадзенскую павятовую Раду. Дэлегаты пратэставалі супраць стварэньня пад кіраўніцтвам ксяндзоў і пры згодзе нямецкіх акупацыйных улад парафіяльных камітэтаў, якія былі першымі органамі польскай дзяржаўнасьці на заходніх землях Беларусі. Каб процістаяць узброеным польскім аддзелам, якія займаліся рабаўніцтвам у вёсках і мястэчках, зьезд даручыў валасным камітэтам арганізаваць міліцыю і запатрабаваць у немцаў зброю. Прыняў рэзалюцыю, паводле якой зямля павінна была «адысьці да працоўнага народу бяз выкупу». Пры валасных камітэтах ствараліся зямельныя камісіі, якім належала правесьці вопіс зямлі, клапаціцца аб гаспадарцы і засеве палёў. Зьезд прыняў рэзалюцыю аб выплаце ваенных стратаў, выказаўся за ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў мірнай канфэрэнцыі «дзеля абароны права беларускага народу і сплаты ваенных стратаў», прасіў Віленскую Беларускую Раду стварыць Цэнтральны Камітэт для дапамогі пацярпелым ад вайны. Валасныя камітэты павінны былі ўзяць на сябе школьныя справы. Прадугледжвалася, што выкладаньне павінна весьціся на беларускай мове.

Зьезд стварыў арганізацыйны камітэт для скліканьня Краёвага беларускага зьезду Гарадзеншчыны, у склад якога ўвайшлі Ф. Данілюк, С. Якавюк, А. Басель, А. Якубецкі, А. Саўчыц, Л. Дзекуць-Малей, А. Алексючанка, П. Якубецкі і Я. Натусевіч. Аргкамітэт меў права кааптацыі. Меркавалася, што краёвы беларускі зьезд Гарадзеншчыны будзе скліканы 9 студзеня 1919 у Гародні, аднак нямецкія ўлады, якія супрацоўнічалі з польскімі арганізацыямі, не дазволілі яго правесьці.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]