Гараватка (трылёгія)
| «Гараватка» | |
| Аўтар | Кастусь Акула |
|---|---|
| Жанры | раман |
| Краіна | Канада |
| Мова арыгіналу | беларуская |
| Кнігі | «Дзярлівая птушка» (1965) «Закрываўленае сонца» (1974) «Беларусы, вас чакае зямля» (1981) |
| Выдавецтва | «Пагоня» (Таронта) |
| Аздабленьне | Міхась Наўмовіч |
| Выданьне | 1965—1981 |
«Гарава́тка» — трылёгія Кастуся Акулы, якая выдадзеная ў Канадзе беларускім клясычным правапісам. Складаецца з трох кніг: «Дзярлівая птушка» (1965), «Закрываўленае сонца» (1974) і «Беларусы, вас чакае зямля» (1981). Усе часткі выйшлі ў друк у выдавецкай суполцы «Пагоня» (Таронта).
У кнігах трылёгіі паказана жыцьцё вёскі на Глыбоччыне. Падзеі адбываюцца ў час розных акупацыяў (польскай, бальшавіцкай, гітлераўскай). У цэнтры частак знаходзіцца лёс сям’і Бахмачоў. Трылёгія разглядаецца крытыкамі як эпічнае палатно[1], яе параўноўваюць з палескай хронікай Івана Мележа. Напісаная яркай й сакавітай мовай[2]. Раман прасякнуты нацыянальнай ідэяй, захаваньнем родных каранёў беларускага народу, мае дакумэнтальную й аўтабіяграфічную аснову. У трылёгіі разглядаюцца розныя пытаньні, як палітычныя, так і філязофскія, зьвязаны паміж сабой агульнае й прыватнае, народнае й асабовае[1].
Пэрсанажы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У кнігах удзельнічаюць сотні пэрсанажаў, якія вельмі розныя паміж сабой сваімі дзеяньнямі, паводзінамі, а таксама мовай[3]. У трылёгіі палякі, бальшавікі і гітлераўцы паказаныя як захопнікі, акупанты, якія аднолькава ненавісныя беларусам. На беларускай зямлі чужынцы дзейнічаюць нібыта як гаспадары, яны хочуць зламаць волю беларускага народу. Дапамагаюць ворагам здраднікі, пра якіх Кастусь Акула трапна кажа[4]:
Вырадкі, што ёсьць у кожным грамадстве й народзе, быццам тая буза на чыстай крынічнай вадзе, засьмечваюць народны арганізм. Калі-ж чужая ўлада намагаецца падпарадкаваць гэты арганізм шляхам разлажэньня, нікчэмнікі гэтыя становяцца шкоднымі й ненажэрнымі бацыламі, упіваюцца ў жывую мякаць народнага цела, ідуць на здраду сваім і на службу ворагам. Калі прыгадаеш, што за пананваньне над нашым народам вось ужо доўгі час змагаліся дзве ці тры варожыя сілы, усьведаміш лёгка, чаму гэтыя вырадкі-нішчэмнікі былі ў вялікім спросе.
Адным са здраднікаў зьяўляецца Адась Лазінскі. Ён ня проста зьбівае Пракопа Бахмача, але і атрымлівае ад яго цяжкага стогну асалоду. Лявон Шпунт й Косьцік Бурак, вядомы пад мянушкай Сабакевіч, робяцца ў вёсцы Літоўцы памагатымі бальшавіцкай улады. Гэтыя нікчэмнікі гатовыя кожнага пакінуць у бядзе, здрадзіць, схавацца. Калі Параску Макатунішку адступаючыя польскія жаўнеры катуюць і забіваюць, то ўзброеныя прыслугачы камуністаў ня толькі хаваюцца, але і рагочуць[5]. Ня толькі здраднікі, але і станоўчыя пэрсанажы сустракаюцца ў эпапэі. Сярод барацьбітаў за волю беларускага народу можна адзначыць Антося Дзяркача ды агранома Кастуся Падгайскага. Станоўчым таксама зьяўляецца крытык Вяршынны, які дапамагае Януку[6].
У трылёгіі паказаны лёс сям’і Бахмачоў, якая складаецца з бацькі Пракопа, маці Алены, Янука ды яго брата Міколы[7]. Менавіта Янук Бахмач зьяўляецца цэнтральнай фігурай «Гараваткі». Будучы спачатку пастушком, у канцы трылёгіі Янук паказваецца як сьвядомы грамадзянін беларускага краю[8], сталее й спасьцігае жыцьцё ў часы маштабных зьменаў[9]. Вобраз героя, які праходзіць выпрабаваньні, мае аўтабіяграфічны характар; менавіта з Кастуся Акулы ён напісаны[10]. Сяброўкай Янука зьяўляецца прыгажуня з васільковымі вачыма Дуня Макатунішка[11]. Хлопец кахае Дуню, у трэцяй кнізе эпапэі яны ўступаюць у шлюб[12].

Акрамя людзей у творах таксама паказаныя жывёлы, якія дзякуючы аўтару выглядаюць як жывыя[13]. Беларускі край у трылёгіі сымбалізуе гара Гараватка, якая знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Літоўцы. Назва ўзгорку пераклікаецца з горам. Узвышша ажывае цераз дуб-волат Архіп, аб які «разьбіваліся вятры і непагадзі цэлых стагодзьдзяў». Гэтае дрэва памятала яшчэ часы Стэфана Баторыя й Івана Жахлівага. З дубам Архіпам зьвязаны дзед Якуб, які адкрывае Януку Бахмачу гераічную й трагічную беларускую мінуўшчыну, прывучае падлетка задумвацца[3]. Хлопчыка і дзеда Якуба Масей Сяднёў параўноўвае з героямі паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» Сымонам ды дзедам Курылам. Вобразы Архіпа й Гараваткі ськіраваныя ў будучыню, яны сымбалізуюць беларускую мінуўшчыну[13].
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]«Дзярлівая птушка»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Назва першай кнігі трылёгіі сымбалізуе сабой польскі герб у выглядзе белага арла. У «Дзярлівай птушцы» падлетак Янук Бахмач працуе пастушком у асадніка Лазоўскага. Бацька Янука мае маленькі кавалак зямлі, у вёсцы Літоўцы пануе галеча, бяспраўе, беднасьць[3]. За кошык ягадаў у панскім лесе наглядчык Бжончык забівае цяжарную маці хлопчыка Алену, самога бацьку арыштоўвае і зьбівае ў пастарунку паліцыя, сьвятар Абухаў адмаўляецца правесьці царкоўныя паховіны па маці Янука, таму што ў Бахмачоў няма двух пудоў жыта[14]. Дзед Якуб расказвае Януку легенду пра гару Гараватку, пасьля якой падлетак слухае аповед пра паўстаньне 1863—1864 гадоў. Знайшоўшы ў лесе магілу паўстанцаў, хлопец задумваецца наконт долі беларускага народу[15]. Польскае панаваньне ўспрымаецца беларускімі сялянамі як «дзярлівая ўлада»[16]. Самі сяляне маюць малую сьвядомасьць, палякі называюць праваслаўных беларусаў «рускімі». Кніга заканчваецца абвесткай аб уварваньні гітлераўцаў у Польшчу ў пачатку верасьня 1939 году[3].
«Закрываўленае сонца»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У кнізе «Закрываўленае сонца» час дзеі — пэрыяд з восені 1939 да лета 1941 году, калі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі бальшавікі. З савецкіх танкаў гучыць слова «вызваленьне», але не яго нясуць вяскоўцам акупанты. У школе праходзіць агульны сход сялянаў, на якім выступае камісар. Мясцовыя злодзеі Шпунт ды Сабакевіч названы кандыдатамі ў дэпутаты народнага сходу, які мае адбыцца ў Беластоку. У пэрыяд бальшавіцкага панаваньня ўзьнікаюць вялікія чэргі па неабходнае (хлеб, соль, газ, цукар), перапісваюць усю маёмасьць у кожнага гаспадара, робяць дэманстрацыю з нагоды гадавіны Кастрычніцкага перавароту. Акрамя гэтага камуністы арыштоўваюць людзей для вывазу ў Сыбір, разбураюць храмы (царкву ды касьцёл), рэпрэсуюць багатых вяскоўцаў, спрабуюць стварыць калгас імя Чапаева[3]. Пры гэтым бальшавікі спачатку надзялілі сялянаў адабранай ад паноў зямлёю, якую аднак потым аблажылі падаткамі. Падаткі сталі настолькі непасільныя, што вяскоўцам прыйшлося адракацца ад зямлі. З-за сілы з Усходу «панавала немач і роспач»[17]. Другая частка трылёгіі заканчваецца каханьнем Янука Бахмача ды Дуні Макатунішкі ў лесе пад кукаваньне зязюлі[9].
«Беларусы, вас чакае зямля»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Час падзеяў у трэцяй частцы — нямецка-савецкая вайна ў пэрыяд з 1941 па 1944 гады. Назва трэцяй кнігі «Беларусы, вас чакае зямля» пераклікаецца з плакатамі гітлераўцаў, якія абяцалі беларусам зямлю. На гэта людзі кажуць: «Ага, чакае. Тры метры на паўтара на кожнага!». Немцы, якія прыйшлі на беларускую зямлю, паказваюць сваю нялюдскасьць. Карнікі спальваюць вёску Залатуху з усімі яе жыхарамі. У другі год нямецка-савецкай вайны ў Гаравацкай пушчы зьяўляюцца савецкія партызаны, якія ноччу рабуюць вяскоўцаў. Сялянаў ужо днём рабуюць уласаўцы ды расейцы пад камандаваньнем Гіль-Радзівонава[3]. У кнізе паказаныя Менск й Вільня. Янук, які прыехаў у Менск на цягніку, бачыць руіны гораду. У Менску хлопец сустракае крытыка Вяршыннага, які дапамагае яму. За тое, што Янук трапіў у горад без дазволу, акупанты садзяць яго ў вязьніцу. Пасьля вызваленьня зь менскае турмы хлопец едзе ў Вільню, дзе вучыцца ў Беларускай гімназіі[12]. У гэты жа час нялюдскасьці частка беларускай інтэлігенцыі адчыняе школы, аднаўляе набажэнствы ў храмах, вучыць дзяцей праўдзівай гісторыі. Трылёгія Кастуся Акулы заканчваецца разьвітаньнем Янука й ягонай жонцы Дуні зь беларускай зямлёй. Яны разьвітваюцца, каб не падпасьці пад новыя рэпрэсіі й няволю[2].
Праблематыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Пісьменьніца Вольга Іпатава зьвяртае ўвагу на трагедыйнасьць, якая пануе ва ўсіх трох частках раману. Будучы найбольш значным творам Кастуся Акулы, трылёгія паказвае маштабнасьць падзей, якія адбываюцца ў Заходняй Беларусі. Церазь зьбег часу, абставіны і лёсы пэрсанажаў паказваецца глыбіня асэнсоўваньня[18]. Алесь Пашкевіч адзначае, што ў прозе беларускіх эмігрантаў «Гараватка» займае асобнае мейсца. Ён лічыць трылёгію эпічным палатном, у якім спасьцігаецца народны побыт, псыхалёгія беларускага народу, маштабна й пранікнёна вывучаецца мэнтальнасьць беларусаў. Гэты заходнебеларускі летапіс аўтабіяграфічна сьведчыць пра беларускую мінуўшчыну, яго параўноўваюць з палескай хронікай Івана Мележа[19]. Аднак у адрозьненьні ад Мележа ў раману праяўляецца народная сказавасьць. Асаблівасьцямі эпапэі зьяўляюцца яе мэтафарычнасьць й ёмістасьць, у трылёгіі раскрываецца супярэчлівая ды трагедыйная мінуўшчына Беларусі[20].
Раман прасякнуты нацыянальнай ідэяй, якая раскрываецца Кастусём Акулам у прадмове да першае часткі «Гараваткі»[7]:
Працэс падсяканьня чужнікамі нашых народных карэньняў, устойлівасьць і рост гэтых карэньняў, цяжкое змаганьне з чужой навалай — тэма вялікая, удзячная й цікавая. Яна даўно кліча да працоўнага варштату творцаў беларускае культуры.
Гэтая ідэя прыдае «Гараватцы» цэласьць, у кожнай частцы трылёгіі паказаныя чужацкія акупацыі (польская, савецкая, нямецкая) на беларускай зямлі. Час дзеі раману бурлівы й жахлівы для беларусаў[15]. Трывогу, жах, расчараваньне — вось што нясуць вяскоўцам захопнікі. Усе апісаныя ў эпапэі падзеі сваім зьместам нагадваюць тагачасную рэчаіснасьць. Пры гэтым аўтар шырока выкарыстоўвае публіцыстычны элемэнт, які праяўляецца як іронія й сатыра ў адрас ворагаў. Менавіта публіцыстычнасьць надае твору мастацкую якасьць. Вобразы й зьявы прыроды вызначаюцца плястычнасьцю, цікавымі асацыяцыямі ды эмацыйнай напоўненасьцю[17].
Як адзначае празаік Масей Сяднёў, у «Дзярлівай птушцы» выкарыстоўваецца «натуралістычны» мэтад. Цераз натуралістычнасьць Акулам паказаныя псыхалёгізацыя герояў й эпічнасьць твору. Вобразы пэрсанажаў дэталізаваныя, празь іх убачаны вясковы сьвет[13]. Апісаньне й рэфлексыі пераважаюць дзею ды дыялёгі. «Гараватка» ўдала спалучае ў сябе ня толькі эпічнасьць, але і лірычнасьць. Акрамя народнай лініі ў сюжэту твору бачна й асабовая ў выглядзе каханьня паміж Януком Бахмачом ды Дуняй Макатунішкай. У творы праўдзіва й рэалістычна разглядаецца палянізацыя ў Заходняй Беларусі. Гэтая палітыка прынесла беларусам беднасьць, бяспраўе, галечу. Станіслаў Станкевіч параўноўвае «Дзярлівую птушку» як буйны твор пра польскую акупацыю Заходняй Беларусі з кнігай Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды», стыль Кастуся Акулы яму нагадвае стыль Лукаша Калюгі[15].
Мова раману чыстая, у вуснах сялянаў можна пачуць асаблівасьці народнае мовы Дзісеншчыны[11]. Дыялектная мова вельмі багатая, яна перадае характары вяскоўцаў, аднак у трылёгіі таксама сустракаюцца польскія словы й звароты. Уладзімер Глыбінны падкрэсьлівае, што размоўную мову трэба ўжываць памяркоўна, а не пераходзіць на яе[12].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Станіслаў Станкевіч у рэцэнзіі на першую кнігу трылёгіі лічыў яе «бясспрэчнай удачай пісьменьніка й значным дасягненьнем беларускай літаратуры»[15]. Ён жа зьвярнуў увагу на бліскучае адлюстраваньне працэсу захаваньня каранёў беларускага народу, а таксама на дакладнасьць твору, прычым як мастацкую, так і гістарычную. Зь недахопаў кнігі «Закрываўленае сонца» рэцэнзэнт адзначыў наяўнасьць вульгарных сцэнаў[11]. Галоўны рэдактар часапісу «Культура, нацыя» Пётра Мурзёнак убачыў у трылёгіі суровую праўду, параўнаўшы эпапэю з аповесьцю Васіля Быкава «Знак бяды»[21].
Ян Чыквін лічыў трылёгію вострасюжэтнай й псіхалягічна верагоднай. Мікола Мішчанчук выказаў меркаваньне, што «Гараватка» будзе самай чытэльнай беларускай кнігай сярод «адраджэнцаў» з-за закранутасьці цяжкага мінулага ў гісторыі Беларусі[8]. Крытык Уладзімер Глыбінны адзначыў удаласьць вобразаў пэрсанажаў, цэнтральным зь якіх зьяўляецца Янук Бахмач. У вобразе Янука бачныя яркасьць, сакавітасьць і аўтабіяграфічнасьць[10]. Паэт Масей Сяднёў зьвярнуў увагу на чыстую беларускую мову, якая захаваная ў рамане. Гэтая мова дасканалая, церазь яе ажываюць героі твору. У творы таксама сустракаюцца палянізмы, што, на думку рэцэнзэнта, зьяўляецца недахопам[13]. Доктар філялягічных навук Іван Лепешаў адзначае майстэрства пісьменьніка, якое праяўляецца ў вастрыні канфліктаў, драматычнасьці сюжэту, яркасьці вобразаў і мове герояў[3].
Выданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Кастусь Акула. Гараватка: Раман. Кн. I. Дзярлівая птушка = The Bird of Prey / вокладка і малюнкі мастака М. Наўмовіча. — Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1965. — 180 с.
- Кастусь Акула. Гараватка: Раман. Кн. II. Закрываўленае сонца = The Red Sun / вокладка мастака М. Наўмовіча. — Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1974. — 285 с.
- Кастусь Акула. Гараватка: Раман. Кн. III. Беларусы, вас чакае зямля = Byelorussians, the soil is yours. — Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1981. — 286 с. — ISBN 0-9690869-4-6
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Микола Мішчанчук. Трылогія Кастуся Акулы „Гараватка” ў кантэксце літаратуры пра захаванне родных каранёў // Волинь філологічна: текст і контекст. — 2008. — № 6. — С. 309—310.
- 1 2 Вольга Іпатава. Сэрцам з Беларусяй // Наша слова : газэта. — 9 лістапада 2005. — № 43 (729).
- 1 2 3 4 5 6 7 Іван Лепешаў. «Гараватка» Кастуся Акулы // Новы Час : газэта. — 31 жніўня 2012. — № 33 (305). — С. 23.
- ↑ Микола Мішчанчук. Трылогія Кастуся Акулы „Гараватка” ў кантэксце літаратуры пра захаванне родных каранёў // Волинь філологічна: текст і контекст. — 2008. — № 6. — С. 310—311.
- ↑ Микола Мішчанчук. Трылогія Кастуся Акулы „Гараватка” ў кантэксце літаратуры пра захаванне родных каранёў // Волинь філологічна: текст і контекст. — 2008. — № 6. — С. 312—313.
- ↑ Уладзімер Глыбінны. Удалае завяршэньне эпапэі Гараватка, кніга трэйцяя; Беларусы, вас чакае зямля // Беларус. — 1981. — № 292. — С. 4—5.
- 1 2 Микола Мішчанчук. Трылогія Кастуся Акулы „Гараватка” ў кантэксце літаратуры пра захаванне родных каранёў // Волинь філологічна: текст і контекст. — 2008. — № 6. — С. 310.
- 1 2 Алесь Пашкевіч. Трылогія Кастуся Акулы “Гараватка” // Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі XX стагоддзя. — Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», 2001. — С. 159.
- 1 2 Алесь Пашкевіч. Трылогія Кастуся Акулы “Гараватка” // Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі XX стагоддзя. — Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», 2001. — С. 161.
- 1 2 Уладзімер Глыбінны. Удалае завяршэньне эпапэі Гараватка, кніга трэйцяя; Беларусы, вас чакае зямля // Беларус. — 1981. — № 292. — С. 5.
- 1 2 3 Ст. Станкевіч. ”Закрываўленае сонца“: Раман Кастуся Акулы // Беларус. — 1974. — № 204. — С. 5.
- 1 2 3 Уладзімер Глыбінны. Удалае завяршэньне эпапэі Гараватка, кніга трэйцяя; Беларусы, вас чакае зямля // Беларус. — 1981. — № 292. — С. 4.
- 1 2 3 4 Масей Сяднёў. „Гараватка” Кастуся Акулы // Беларус. — 1965. — № 101—102. — С. 8.
- ↑ Микола Мішчанчук. Трылогія Кастуся Акулы „Гараватка” ў кантэксце літаратуры пра захаванне родных каранёў // Волинь філологічна: текст і контекст. — 2008. — № 6. — С. 310—312.
- 1 2 3 4 Ст. Станкевіч. У кіпцюрох дзярлівае птушкі // Беларус. — 1965. — № 99. — С. 5.
- ↑ Микола Мішчанчук. Трылогія Кастуся Акулы „Гараватка” ў кантэксце літаратуры пра захаванне родных каранёў // Волинь філологічна: текст і контекст. — 2008. — № 6. — С. 312.
- 1 2 Ст. Станкевіч. ”Закрываўленае сонца“: Раман Кастуся Акулы // Беларус. — 1974. — № 204. — С. 4—5.
- ↑ Вольга Іпатава. На дарогах змагання // Культура, нацыя : часопіс. — 2015. — № 12. — С. 74.
- ↑ Кастусь Акула: “Поўная незалежнасьць – найбольш каштоўнае, што мне Бог даў” // Радыё «Свабода», 15 лістапада 2005 г. Архіўная копія ад 20 верасьня 2024 г. Праверана 30 студзеня 2026 г.
- ↑ Алесь Пашкевіч. Трылогія Кастуся Акулы “Гараватка” // Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі XX стагоддзя. — Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», 2001. — С. 161—162.
- ↑ Пётра Мурзёнак. Слова пра земляка // Культура, нацыя : часопіс. — 2015. — № 12. — С. 76.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Лепешаў І. «Гараватка» Кастуся Акулы // Новы Час. — 31 жніўня 2012. — № 33 (305). — С. 23. — ISSN 2218-2144.
- Мішчанчук М. Трылогія Кастуся Акулы „Гараватка” ў кантэксце літаратуры пра захаванне родных каранёў // Волинь філологічна: текст і контекст. — 2008. — № 6. — С. 303—316.
- Пашкевіч А. Трылогія Кастуся Акулы “Гараватка” // Зваротныя дарогі. Проза беларускай эміграцыі XX стагоддзя. — Беласток: Беларускае літаратурнае аб’яднанне «Белавежа», 2001. — С. 158—162. — 243 с. — (Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа»). — ISBN 83-85918-31-0
Рэцэнзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Глыбінны У. Удалае завяршэньне эпапэі Гараватка, кніга трэйцяя; Беларусы, вас чакае зямля // Беларус. — 1981. — № 292. — С. 4—5.
- Станкевіч Ст. ”Закрываўленае сонца“: Раман Кастуся Акулы // Беларус. — 1974. — № 204. — С. 4—5.
- Станкевіч Ст. У кіпцюрох дзярлівае птушкі // Беларус. — 1965. — № 99. — С. 5.
- Сяднёў М. „Гараватка” Кастуся Акулы // Беларус. — 1965. — № 101—102. — С. 8.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Кастусь Акула. Гараватка // Беларуская Палічка. Праверана 30 студзеня 2026 г.
- Кастусь Акула. Гараватка // Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Канадзе, 31 мая 2025 г. Праверана 30 студзеня 2026 г.