Перайсьці да зьместу

Гао Ман

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гао Ман
кіт. 高莽
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы У Ланьхань
Нарадзіўся 1 кастрычніка 1926
Харбін, правінцыя Хэйлунцзян, Кітай
Памёр 6 кастрычніка 2017
Пэкін, Кітай
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладнік, мастак
Гады творчасьці 1943—2016
Жанр раман, паэзія
Мова кітайская
Значныя творы «Падарожжа на Сьвятую Гару», «Чарнільныя сьляды»
Прэміі прэмія імя Мікалая Астроўскага (2004), «Расея-Новае стагодзьдзе» (2013)
Узнагароды
мэдаль Максіма Горкага (1996),
Ордэн Сяброўства
Ордэн «За заслугі» III ступені
Ордэн «За заслугі» III ступені

Гао Ман (псэўданім: У Ланьхань, кіт. 乌兰 汗; 1926, Харбін, правінцыя Хэйлунцзян, Кітай — 2017, Пэкін, Кітай) — кітайскі перакладнік, мастак і пісьменьнік.

Перакладаў у тым ліку зь беларускай вершы Максіма Танка. Быў сябрам Саюзу кітайскіх пісьменьнікаў (1954), Кітайскай акадэміі грамадзкіх навук (1964), Саюзу кітайскіх мастакоў і Саюзу кітайскіх перакладнікаў. Кавалер расейскага ордэна Сяброўства (1997) і ўкраінскага ордэна «За заслугі» (2010). У 2013 годзе атрымаў прэмію «Расея-Новае стагодзьдзе» за пераклад паэмы Ахматавай «Рэквіем». Заслужаны дзяяч культуры Расеі[1].

У 1933 годзе паступіў у Харбінскую 10-гадовую школу Хрысьціянскага аб'яднаньня маладзёнаў (Швайцарыя), якую заснавалі амэрыканскія місіянэры. Школу падтрымлівалі расейскія перасяленцы-ўдзельнікі Белага руху, таму вывучыў расейскую мову і чытаў творы Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава і Льва Таўстога. У 1930-я гады падчас навучаньня чытаў творы пражываўшага ў Харбіне пісьменьніка Ўсевалада Іванова (1888—1971) родам з Ваўкавыску (Гарадзенская губэрня)[2]. Яго настаўнікамі былі расейскія мастакі Аляксей Кляменцьеў і Ўладзімер Восіпаў, таму ў 1943 годзе ў 17 гадоў зрабіў першую выставу сваіх карцінаў. У 1943 годзе яго першым перакладам стаў твор Івана Тургенева, які выйшаў у харбінскай газэце. У 1945 годзе пачаў працаваць рэдактарам часопіса Таварыства кітайска-савецкага сяброўства. Таксама маляваў плякаты і загадваў бібліятэкай. Стаў перакладаць расейскія творы пад псэўданімам У Ланьхань. Пераклаў п'есу «Павал Карчагін» Фёдара Бандарэнкі, якую ў 1948 годзе паставіў мастацкі калектыў Харбінскага аб'яднаньня настаўнікаў. У гэты час пазнаёміўся з артысткай Сунь Цзэ, якая выконвала ролю Тоні, і пазьней зь ёй ажаніўся ды меў зь ёй дачку Сунь Сяолан.

У 1949 годзе пераклаў з украінскай расказ Алеся Ганчара «Заўсёды ў страю», які перадрукавалі некалькі газэтаў і часопісаў, а ў 1951 годзе пераклад трапіў у падручнік кітайскай мовы для сярэдняй школы. У 1954 годзе перайшоў на працу ва Ўсекітайскае таварыства кітайска-савецкага сяброўства ў Пэкіне і ўступіў у Саюз кітайскіх пісьменьнікаў. У якасьці перакладніка шматкроць наведваў Савецкі Саюз, дзе сустракаўся з расейскімі пісьменьнікамі Барысам Палявым і Мікалаем Ціханавым, кыргыскім пісьменьнікам Чынгізам Айтматавым, мастаком Арэстам Вярэйскім і скульптарам Міхаілам Анікушыным і кітаязнаўцамі Львом Эйдліным і Ўладзіславам Сарокіным. У 1955 годзе пазнаёміўся з Максімам Танкам, пасьля чаго пераклаў кнігу ягоных выбраных вершаў на кітайскую разам з Гэ Баоцянем[2].

У 1962 годзе перайшоў на працу ў часопіс «Сусьветная літаратура», дзе працаваў да выхаду на пэнсію ў 1989 годзе і прайшоў шлях да галоўнага рэдактара. Пераклаў з украінскай паэму Тараса Шаўчэнкі «Кацярына». З расейскай перакладаў вершы Пушкіна, Ганны Ахматавай, Марыны Цьвятаевай, Восіпа Мандэльштама, Бэлы Ахмадулінай, Андрэя Вазьнясенскага, Робэрта Раждзественскага і Яўгена Еўтушэнкі. У 1964 годзе стаў супрацоўнікам Інстытуту замежнай літаратуры Кітайскай акадэмі грамадзкіх навук. Таксама пераклаў драму Лермантава «Гішпанцы», п'есы Ўладзімера Маякоўскага «Клоп» і «Лазьня», Барыса Пастарнака «Людзі і ўмовы». Стаў першым кітайскім перакладнікам песьняў Уладзімера Высоцкага. Сярод іншага, перакладаў беларускія народныя байкі. У Менску наведаў майстэрню народнага мастака Заіра Азгура, пра якога пісаў раней у Кітаі. Таксама стварыў некалькі артыкулаў пра беларускага графіка Георгія Паплаўскага (1931—2017), які стварыў ілюстрацыі да кніг Васіля Быкава і Алеся Адамовіча. Сярод іншага, намаляваў партрэты Якуба Коласа, Янкі Купалы, Сьвятланы Алексіевіч і Навума Гальпяровіча. Таксама ў 1990 годзе перакладаў кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі»[2].

Напісаў звыш 80 кніг і манаграфіяў. Ладзіў выставы свайго жывапісу ў Пэкіне, Шанхаі і Харбіне, а таксама ва Ўладзівастоку і Маскве. У тэхніцы гохуа выканаў партрэты Мікалая Гогаля і расейскіх пісьменьнікаў Аляксандра Герцэна, Антона Чэхава, Фёдара Дастаеўскага, Максіма Горкага, Аляксандра Фадзеева, Міхаіла Шолахава, Данііла Граніна, Віктара Астаф'ева і Рыгора Бакланава.

Асноўныя творы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • «Даўно не бачыліся, Масква»
  • «Мёртвае дрэва»
  • «Падарожжа на Сьвятую Гару»
  • «Расейскія мастацкія эсэ»
  • «Нататкі пра жыццё»
  • «Расейская літаратура і я»
  • «Чарнільныя сьляды»

Асноўныя пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. У Ланьхань (сапраўднае імя Гао Ман) // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 10 чэрвеня 2025 г. Праверана 29 чэрвеня 2025 г.
  2. 1 2 3 Максім Ладымераў. Гао Ман: «Тры сонцы — у сэрцы маім» // Жырандоля. — 19 ліпеня 2014. — № 20 (237).