Галоўны Рынак (Кракаў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Від на Галоўны Рынак з Марыяцкага касьцёлу.

Галоўны Рынак (па-польску: Rynek Główny) — пляц ў польскім Кракаве, зьяўляецца цэнтрам старога гораду. Сфармаваўся ў XIII стагодзьдзі. Займае тэрыторыю каля 40 000 м², зьяўляецца адным з найбуйнейшых сярэднявечных пляцаў у Эўропе[1][2].

Мае квадратную форму, з даўжынёй бакоў каля 200 мэтраў[3], на ёй знаходзяцца палацы і цэрквы. У цэнтры разьмешчаны суконныя рады, перабудаваныя ў 1555 годзе ў стылі італьянскага рэнэсансу. З боку ад суконных радоў стаіць раманскі Касцёл Сьвятога Войцэха і помнік Адаму Міцкевічу 1898 году, на другім баку — вежа ратушы. Над плошчай узвышаюцца гатычныя вежы Марыяцкага касьцёлу.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пруская даніна, карціна Яна Матэйкі
Кракаўскі Лайконік перад Марыяцкім касьцёлам

Зьяўляўся гандлёвым пляцам. Кракаў быў разбураны ў 1241 годзе Залатой Ардой, а ў 1257 годзе пры Баляславе V атрымаў Магдэбурскае права, у выніку яго гандлёвае значэньне ўзрасло. У гэты пэрыяд плошча набыла свае цяперашнія абрысы. На ёй першапачаткова знаходзіліся шматлікія нізкія рынкавыя павільёны, адміністрацыйныя будынкі і кальцавая дарога. Казімер Вялікі загадаў пабудаваць першапачаткова гатычныя суконныя рады і ратушу, якая заняла прыкладна чвэрць пляцу (зьнесена ў 1820 годзе). Кракаў на той час быў сталіцай Каралеўства Польскага, з 1387 году зьяўляўся чальцом Ганзы і быў эўрапейскім цэнтрам гандлю[4].

Акрамя гандлёвых функцый, Галоўны Рынак быў сьведкам шматлікіх гістарычных падзей. Дзякуючы свайму разьмяшчэньню на Каралеўскім шляху, тут праходзілі ўрачыстыя цырымоніі, якія наведвалі дыпляматы і высокапастаўленыя замежныя госьці на шляху ў Вавэль. Казімір Вялікі склікаў тут у 1364 годзе ў Кракаўскі кангрэс, на якім сабраліся арыстакраты з усёй Эўропы. З нагоды выйграных бітваў з Вялікім княствам Маскоўскім у 1514 годзе літоўскі князь Канстанцін Астроскі праводзіў тут парад перамогі, і ў 1531 годзе польскі шляхціц Ян Амор Тарноўскі адзначаў на плошчы новую перамогу. 10 красавіка 1525 году герцаг Альбрэхт прынёс на плошчы васальную прысягу польскаму каралю Жыгімонту I, што адлюстравана на карціне Пруская даніна. Кароль Ян III Сабескі тут сьвяткаваў сваю перамогу над Асманскай імпэрыяй пасьля Венскай бітвы 1683 году.

Галоўны Рынак у 1930 годзе

Пасьля таго, як Жыгімонт III перанёс у 1596 годзе польскую сталіцу з Кракава ў Варшаву, у Кракаве па-ранейшаму праводзіліся каранацыі і каралеўскія пахаваньні. 24 сакавіка 1794 году Тадэвуш Касьцюшка прыняў на Галоўным Рынку прысягу да вызваленьня і аднаўленьня незалежнасьці Польшчы, што паклала пачатак паўстаньню Касьцюшкі.

Падчас нямецкай акупацыі Польшчы ў Другой сусьветнай вайне плошчу перайменавалі ў Адольф-Гітлер-Плац. Помнік Адаму Міцкевічу быў разбураны, яго аднавілі пасьля вайны.

У 1978 годзе плошча як частка старога гораду была ўключана ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Плошча сёньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На плошчы мноства рэстаранаў і кавярняў. У склепе царквы Сьвятога Адальбэрта дзейнічае невялікі археалягічны музэй. Таксама ў падвальным памяшканьні будынка, званага «Палац пад баранамі» дзейнічае кабарэ «Склеп пад баранамі». Антон Хавелка адкрыў у 1876 годзе кафэ «Пад пальмай», якое дзейнічае і цяпер.

Галоўны Рынак зьяўляецца арэнай шматлікіх грамадзкіх мерапрыемстваў і ўрачыстасьцяў. Тут ставяцца штогадовыя Кракаўскія калядныя ясьлі, танцы Лайконіка, гала-канцэрты Вялікага аркестра сьвяточнай дапамогі і вялікае сьвяткаваньне Новага году.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]