Віцебская берасьцяная грамата

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віцебская берасьцяная грамата

Віцебская берасьцяная грамата — берасьцяная грамата, выпадкова знойдзеная ў горадзе Віцебску падчас земляных работ на плошчы Свабоды ў 1959 годзе экскаватаршчыкам Яўгенам Фраловым на глыбіні 3 — 4 м ад паверхні зямлі. Знаходка стала сэнсацыяй у навуцы, бо дагэтуль аналягічныя рэліквіі меліся толькі ў Ноўгарадзе (Расея). Зьберагаецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музэі[1].

Апісаньне і зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамата напісана на кавалку бяросты памерам 17х4,5 см. Тэкст:

От Степана къ Нежилови. Оже еси продалъ порты, а купи ми жита за 6 гривенъ. А ли цего еси не продалъ, а посли ми лицемъ. А ли еси продалъ, а добро сътворя у купи ми жита.
Ад Сцяпана к Няжылу. Калі ты прадаў адзеньне, то купі мне жыта на 6 грыўняў. А калі чаго не прадаў, то прышлі мне ў наяўнасьці. Калі ж прадаў, то, дабрадзей мой, купі мне жыта.

Грамату цяжка датаваць, бо яна знойдзена ў культурным пласьце зямлі, які вельмі перамешаны. Аднак у выніку дасьледаваньняў устаноўлена, што яна адносіцца да мяжы XIII—XIV ст.

Ацэнка вучоных[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як адзначае гісторык Леанід Аляксееў, паходжаньне граматы хутчэй за ўсё можна растлумачыць ажыўленымі ў гэты час гандлёвымі сувязямі Віцебска і Полацку з Ноўгарадам, праз пасрэдніцтва якога ішло зерне з Растова-Суздальскай зямлі ў Прыбалтыку. Дакумэнт носіць сьляды цокаючага паўночна-заходняга дыялекту і таму, відаць, паходзіць з Ноўгараду. Яе мог напісаць чалавек, сябар якога паехаў у Віцебск па гандлёвых справах.

Што значыла тады 6 грыўнаў? 3 «Рускай праўды» вядома, што за 6 грывен тады можна было купіць 300 аўчын, або 12 сьвіней, ці 2 кабылы, або 3 каровы. Нарэшце, за іх можна было наняць 2 парабчанкі на 12 год.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дроченина Н. Н., Рыбаков Б. А. Берестяная грамота из Витебска. — М.: 1960. — № 1. — С. 283.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кавалёў, С. А. Віцебская берасьцяная грамата / С. А. Кавалёў // Памяць: Гіст.-дакументальная хроніка Віцебска: У 2-х кн. Кн. 1-я / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — С. 53. — 648 с. — 5000 ас. — ISBN 985-11-0246-6