Перайсьці да зьместу

Віталь Карпанаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віталь Карпанаў
Дата нараджэньня 12 студзеня 1982 (43 гады)
Месца нараджэньня Вялікая Дзяцель, Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Прафэсія сьпявак, кампазытар
Гады дзейнасьці ад 2000-га
Сябра ў Дразды[2]
Жанры поп-музыка
Інструмэнты балалайка, гітара, фартэпіяна
Гурты «Дразды»
Супрацоўніцтва Юры Максімчык і Ганна Клінцэвіч
Лэйблы «Мэдыякуб» (Кіпр), «Талака» (Беларусь), «Крок Фільмы» (Беларусь)
Узнагароды 3-я прэмія конкурсу «Пяць зорак» (2005)

Віталь Уладзімеравіч Карпанаў (нар. 1982, Вялікая Дзяцель, Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі сьпявак, кампазытар і музычны прадусар.

Саліст гурта «Дразды» і аўтар большасьці яго песьняў, у тым ліку беларускамоўных, як то «Хата бацькоў» (2021). Ляўрэат 3-й прэміі расейскага музычнага конкурсу «Пяць зорак» (2005). Пасьля 2006 году пачаў працаваць тэлевядоўцам на тэлеканале «Беларусь 2». У 2023 годзе ў складзе гурта выдаў адразу два беларускамоўныя альбомы «Хачу дамоў» і «Беларусь, ты — мая», а ў 2024-м — «Маё дзяцінства».

У маленстве пераехаў з бацькамі і старэйшым братам Русланам у Сівіцу (Валожынскі раён), дзе ў 1989 годзе пайшоў у 1-ю клясу з 4-х вучняў беларускамоўнай школы. У 3-й клясе паступіў у Івянецкую музычную школу па клясе балалайкі Казімера Бібіка, што месьцілася за 6 км ад Сівіцы. Маці Валянціна Паўлаўна Карпанава працавала ў аддзяленьні «Белпошты», таму паштовая машына часта падвозіла ў школу. Бацька Ўладзімер Якаўлевіч Карпанаў быў намесьнікам старшыні калгасу, таму шмат часу знаходзіўся ў камандзіроўках. Падсобная гаспадарка налічвала 2 каровы і 6 парсюкоў, таму дапамагаў з братам даглядаць жывёлаў. У 1993 годзе перайшоў у Івянецкую школу ў 5-й клясе, у якой налічвалася 27 чалавек. У школе напісаў песьню «Каханая дзяўчына», якую сьпявалі пад гітару[3] ў складзе гурта «Героі будучага стагодзьдзя». Кляснай кіраўніцай была настаўніца беларускай мовы Алена Бярнардаўна Росьлік[4]. У Івянцы зь 5-й да 11-й клясы хадзіў з маці да царквы Эўфрасіньні Полацкай, якая тады будавалася, у тым ліку зь ягоным удзелам. Наведваў нядзельную школу, сьпяваў у царкоўным хоры і стаў у прыходзе служкай у алтары. Ягоным духоўнікам стаў беларускамоўны настаяцель царквы Віктар Перагудаў. За часам наведваньня нядзельнай школы пры царкве езьдзіў на аздараўленьне ў Швэцыю, дзе граў на музычных інструмэнтах і вывучыў швэдзкую мову[3].

У 2000 годзе пасьля 11 клясаў паступіў на 2-і курс Каледжу мастацтваў Маладэчна. У 17 гадоў запісаў зь сябрамі на дыктафон першую касэту песьняў. Праз паўгады перавёўся на 2-і курс Маладэчанскай музычнай вучэльні па клясе балалайкі, якую скончыў праз 2,5 гады з чырвоным дыплёмам. Таму ў 2003 годзе паступіў без экзамэну па клясе балалайкі Беларускай акадэміі музыкі, дзе заснаваў гурт «Дразды». Пасьля заняткаў выкладаў балалайку ў музычнай школе, таму меў вольнае наведваньне. На 1-м курсе паехаў выхавальнікам у Швэцыю, дзе граў на гітары і сьпяваў. Пасьля знаёмства на вечарыне зь сямейнай парай швэдзкіх музыкаў атрымаў запрашэньне граць сумесны рэпэртуар. У 2004 годзе на першых сумесных гастролях у Швэцыі зарабіў першую 1000 даляраў. У далейшым гастраляваў у Швэцыі яшчэ 5 гадоў па 2 разы на год. У 2005 годзе разам з гуртом «Дразды» атрымаў 3-ю прэмію на расейскім музычным конкурсе «Пяць зорак» у Сочы, куды іх прывёз прадусар Вячаслаў Гулевіч[3]. Там пазнаёміўся з расейскай сьпявачкай Алай Пугачовай, якая была ў складзе журы.

Пасьля 2006 году ў выніку кастынгу ў галоўнага прадусара Сяргея Кухты стаў працаваць на тэлеканале «Лад» вядоўцам перадачы «Экспэдыцыя»[5], якую працягваў весьці на 2018 год. У 2014 годзе новы склад гурта «Дразды» упадабаў яго школьную песьню «Каханая дзяўчына», якую сталі выконваць на ўсіх канцэртах. У 2015 годзе ўваходзіў склад прафэсійнага журы конкурсу «Эўрабачаньне»[3]. У 2017 годзе напісаў 2-ю беларускамоўную песьню «Вёска», кліп на якую да 2018 году набраў звыш 200 000 праглядаў на «Ютубе». На гэты час песьні гурта «Дразды» пачалі ставіць на радыёстанцыях і тэлебачаньні Беларусі[6].

22 кастрычніка 2020 году выдаў песьню «Еду я дадому», на якую праз тыдзень выйшаў відэакліп[7]. У верасьні 2021 году выступілі на Дні беларускага пісьменства ў Копылі зь песьняй «Хата бацькоў»[8], якая набрала ў Сеціве звыш 4 млн праглядаў да 2025 году. 4 лістапада 2022 году на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё анансаваў стварэньне беларускамоўнага альбому на вершы Леаніда Пранчака[9], які выйшаў у жніўні 2023 году пад назвай «Беларусь, ты — мая». Напярэдадні ў красавіку 2023 году выйшаў 1-ы беларускамоўны альбом «Хачу дамоў» на вершы самога Віталя Карпанава, большасьць відэакліпаў да якога зьнялі ў Валожынскім раёне ў ваколіцах Сівіцы[4]. На 95 канцэртаў туру «Хата бацькоў» да выхаду альбому патрапіла звыш 70 000 чалавек[10].

За 2023 год далі больш за 140 канцэртаў. На той час у гурце бралі ўдзел баяніст Ільля Нямыцька, які працаваў у школе, бас-гітарыст Сяргей Кісялёў — у газэце «Менскага трактарнага заводу», ударнік Андрэй Маўрын — у Прэзыдэнцкім аркестры Беларусі, саксафаніст Канстанцін Цяўрызаў — у аркестры МУС Беларусі, а гітарыст Раман Гарбацкі — у аркестры Дэпартамэнту аховы МУС Беларусі. У лістападзе 2023 годзе Віталь Карпанаў адзначыў пра альбом «Беларусь, ты — мая»[11]:

« Гэта была мара, якая зьявілася больш за 17 гадоў таму, калі мы выпусьцілі песьню «Каханая дзяўчына». Мы адчувалі, грамадзтву патрэбна нешта сваё, роднае. У нейкім сэнсе нават фундамэнтальнае — каб адгукалася ў сэрцы. Я доўга марыў і нават прасіў Бога пра песьню, якая выстраліць. Ведаеце, як «Фантазэр» Еўдакімава. У 2020-м зьявіўся першы куплет «Хаты бацькоў» — і яе засьпявала ўся краіна. Больш за тое: дзякуючы гэтай песьні нас запрасілі ў Маскву на шоў. Мне многія расейцы тады прызналіся: яны вельмі сумуюць па беларускай гаворцы, якую палюбілі дзякуючы Ўладзімеру Мулявіну. Прыкладна з тых часоў мы пачалі супрацоўнічаць з паэтам Леанідам Пранчаком, вершы якога склалі аснову новага альбому. Нядаўна мы прэзэнтавалі яго ў Мірскім замку. »

—Віталь Карпанаў, газэта «Беларускі час»

У 2024 годзе пачаў рабіць музычныя відэакліпы з блогерамі Юрыем Максімчыкам і Ганнай Клінцэвіч у ролі бабы Нюры[12].

  1. ^ а б Nastaǔnìckaâ gazeta (белар.)Педагагічная прэса, 2015. — ISSN 1994-9146
  2. ^ Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё (белар.) — 2022.
  3. ^ а б в г д Уладзімер Фалалееў. «Я не музыкант і не сьпявак. Я артыст» // «Настаўніцкая газэта», 1 чэрвеня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2025 г.
  4. ^ а б в г д Надзея Зуева. «Ніколі не саромеўся, што я зь вёскі» // Сямейная газэта. — 22 сьнежня 2022. — № 21 (203). — С. 1, 3.
  5. ^ а б Алена Драпко. «Мне, як і ўсім людзям, бывае сумна» // Чырвоная зьмена. — 26 чэрвеня 2014. — № 12 (15747). — С. 1, 8.
  6. ^ Ганна Багіно. У «Драздоў» драйв 20-гадовых // Чырвоная зьмена. — 3 траўня 2018. — № 9 (15840). — С. 1, 8.
  7. ^ Георгі Бізюк. Дакумэнтальны фільм «Я Віталь Карпанаў» і прэм'ера песьні // Гурт «Дразды», 22 кастрычніка 2020 г. Праверана 18 сакавіка 2025 г.
  8. ^ Ігар Ганчарук. «Трэба трымацца свайго» // Беларуская думка : часопіс. — люты 2023. — № 2. — ISSN 0023-3102.
  9. ^ Тацьцяна Гулейка. Карпанаў: «Дразды» гатовы прадставіць беларусам цалкам беларускамоўную праграму // Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, 4 лістапада 2022 г. Праверана 18 сакавіка 2025 г.
  10. ^ «Мы зрабілі тое, што ў гэтай краіне ніхто не рабіў!» // Газэта «Народная воля», 20 красавіка 2023 г. Праверана 18 сакавіка 2025 г.
  11. ^ Юлія Яшэўская. «Наш канцэрт – гэта музыка, стэндап і дыялёг» // Газэта «Беларускі час», 10 лістапада 2023 г. Праверана 18 сакавіка 2025 г.
  12. ^ Яўген Лебедзь. Фэномэн «Хаты бацькоў» — як стваралася галоўная песьня беларусаў // Газэта «Вечаровая Горадня», 3 сакавіка 2025 г. Праверана 18 сакавіка 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]