Вісла Плоцк
Вісла Плоцк | ||||||
![]() | ||||||
Заснаваны | 1947 | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Горад | Плоцк, Польшча | |||||
Стадыён | Казімеж Гурскі Умяшчальнасьць: 10 978 | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Экстракляса | |||||
· 2024—2025 | Першая ліга, 3 месца (падвышэньне) | |||||
| ||||||
![]() wisla-plock.pl (пол.) |
«Ві́сла» (па-польску: Wisła) — польскі футбольны клюб з гораду Плоцку. Заснаваны ў 1947 годзе. Уладальнік Кубка Польшчы (2006).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плоцкі клюб пачаў гуляць пад назвай «Вісла» толькі з 1955 году. Раней каманда была вядомая пад назовамі «Электрычнасьць» (1947—1950), «Агніва» (1950—1955) і «Спарта» (1955). Да пачатку 1960-х гадоў плачане гулялі толькі ў рэгіянальных спаборніцтвах. Каманда ўпершыню прабілася ў Трэцюю лігу ў сэзоне 1962—1963 гадоў, але ўжо праз год была вымушаная зь ёй разьвітацца. У 1963 годзе шэфства над «Віслай» узяла на сябе нафтавы канцэрн. У 1960-я і 1970-я гады «Вісла» вагалася паміж Трэцяй лігай і рэгіянальнай лігай. У сэзоне 1980—1981 гадоў клюб упершыню прабіўся ў Другую лігу, дзе спаборнічаў наступнае дзесяцігодзьдзе.

1 студзеня 1992 году клюб зьмяніў назву на «Пэтрахімію», а праз дванаццаць месяцаў, у канцы сэзону 1993—1994 гадоў, клюб змог адзначыць свой гістарычны выхад у найвышэйшы дывізіён. Аднак каманда з Плоцку гуляла на найвышэйшым узроўні толькі адзін год. Сэзон 1996—1997 гадоў прынёс вяртаньне ў эліту, але зноў каманда ня здолела там утрымацца. Клюб мусіў чакаць яшчэ адзін сэзон, каб узьняцца ў Экстраклясу. У сэзоне 1999—2000 гадоў каманда пачала гуляць у найвышэйшым дывізіёне пад назовам «Пэтра» і ўпершыню ў гісторыі ня вылецела ў другі дывізіён. Налета каманда ўзяла назву «Орлен» і зьмяніла клюбныя колеры на белы і чырвоны, каб адпавядаць свайму галоўнаму спонсару. Гэта не дапамагло камандзе, якая ў чарговы раз разьвіталася з Экстраклясай.
У чэрвені 2002 году каманда, якой тады кіраваў Мечыслаў Бранішэўскі, зноў прабілася ў найвышэйшы дывізіён. Перад сэзонам 2002—2003 гадоў была вернутая старая назва «Вісла» і традыцыйныя бела-сінія колеры. Спачатку плоцкая каманда заняла дзесятае месца ў лізе, а праз год спынілася на пятым радку. Паводле вынікаў сэзону 2004—2005 гадоў «Вісла» была чацьвертай, што сталася найлепшым вынікам у гісторыі клюбу. У 2006 годзе быў здабыты першы трафэй, якім стаў Кубак Польшчы. У фінальных матчах яны двойчы перамаглі любінскі «Заглембе». Акрамя таго, яны дэбютавалі ў эўрапейскіх спаборніцтвах. Ужо праз два месяцы пасьля гэтага ў Варшаве «Вісла» перамагла тагачаснага чэмпіёна Польшчы «Легію», здабыўшы тым самым Супэркубак Польшчы. Пасьля гэтага вынікі каманды пагоршыліся, страціўшы месца ў эліце. 22 чэрвеня 2012 году на пасаду галоўнага трэнэра быў прызначаны Марцін Качмарак, які працаваў у клюбе пяць гадоў, скасаваўшы ў ліпені 2017 году кантракт з клюбам на ўзаемную згоду. З 2008 году горад Плоцк валодае 100% акцыямі клюбу.