Вількамірскі павет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вількамірскі павет
лац. Vilkamirski paviet
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус павет Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Вількамір
Старосты Старосты вількамірскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 9,9 тыс. км²
Час існаваньня 1565/66—1795
Месцазнаходжаньне Вількамірскага павету
Вількамірскі павет на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Вількамірскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 9,9 тыс. км². Сталіца — места Вількамір.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа Жамойці 1667 г. з Коўнам і Вількамірам
Герб Вількамірскага павету, асобны ад гербу Віленскага ваяводзтва з Пагоняй, 1616 г.

Узьнік у якасьці судовай і ваенна-мабілізацыйнай акругі (воласьці, харунжаства) не пазьней за 1380-я гады. 3 1413 году ўваходзіў у склад Віленскага ваяводзтва.

Пад назвай «павет» выступае ў попісе войска 1528 году, калі мясцовае паспалітае рушаньне налічвала 418 коньнікаў (зь іх 187 былі дробнымі шляхціцамі, якія ішлі ў войска асабіста, бяз слугаў). У 1567 годзе вількамірскае рушаньне налічвала 653 коньнікі і 3 пешыя шляхцічы.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў да павету далучыліся Анікштынскага, Курклеўскага, Пенянскага, паўночная часткі Гедройцкага харунжастваў, дзяржаўнай Ушпольскай воласьці. У гэты час увадзіліся пасады павятовага маршалка, падкаморага, земскага судзьдзі з падсудкам і пісарам.

Складзены ў 1585 годзе інвэнтар разьмешчанага на ўсходзе Вількамірскага павету маёнтку Крэўна(lt) азначаў яго як частку Жамойці (Жамойцкай зямлі): «Инвентарь имения Кревна в земле Жомойтской, принадлежавшее Виленскому Бискупу, Кардиналу Юрию Радзивилу» (паводле публікацыі 1887 году Віленскай археаграфічнай камісіі)[1]. А паводле маскоўскага дакумэнта 1660 году, ваяводу Кірыла Хлопава(ru) накіравалі да Міхала Казімера Паца «в Жмойдь к Паце на Святую Реку в местечко Волкомир»[2]. Таксама паводле маскоўскага дакумэнта 1705 году, напісанага ў Віцебску, «шли Шведы в Жмуйды, в Велькомир и в Росени»[3].

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) спыніў сваё існаваньне.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XVII ст. налічваў 20,4 тыс. дымоў (каля 135—140 тыс. чал.), па вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць дымоў скарацілася да 15,8 тыс.

У апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя насельніцтва павету складала каля 150—170 тыс. чал.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У другой палове XVI стагодзьдзя плошча павету склала каля 9,9 тыс. км² (польскія дасьледнікі трымаюцца лічбы 9 тыс. км²), ляжаў цалкам на тэрыторыі сучаснай Летувы.

У склад павету ўваходзіла тэрыторыя Анікштынскага, Больніцкага, Купіскага, Курклеўскага, Пенянскага і Ўшпольскага старостваў (дзяржаўных воласьцяў), таксама буйныя вотчыны Радзівілаў (Віжуны, Дусяты, Саламесьць, Сьвядасьць, Солы) і роднасных ім Осьцікавічаў (Аванта)[4].

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Старосты вількамірскія

У Вількаміры месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Мясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад ВКЛ намінавалі кашталяна вількамірскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў Ігнаці Касьцялкоўскі. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, але ўжо ў канцы восені таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай скасавала вількамірскую кашталянію. У выніку, кашталян вількамірскі захаваў свой тытул, але ўжо ня меў сэнатарскіх паўнамоцтваў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Акты издаваемые виленской археографической комиссией. Т. XIV. — Вильна, 1887. С. 281.
  2. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской Академией наук. Т. 3. — СПб., 1901. С. 110.
  3. ^ Письма к государю императору Петру Великому от генерал-фельдмаршала, тайного советника малтийского, с. апостола Андрея, Белого орла и прусского ордена кавалера, графа Бориса Петровича Шереметева. Ч. 1. — Москва, 1778. С. 255.
  4. ^ Насевіч В. Вількамірскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 440.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]