Перайсьці да зьместу

Віленская пушкарня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Віленская пушкарня — дзяржаўная майстэрня па вырабе гарматаў у Вільні

Мяркуецца, што Віленская пушкарня была заснавана Вялікім князём літоўскім Жыгімонтам II Аўгустам каля 1540 году. Разьмяшчалася на былых землях кармеліцкага кляштара каля арсэналу на Дольным замку. Некалькіх майстроў для пушкарні прыслаў прускі ґерцаґ Альбрэхт. Шмат майстроў прыслана з Кракаўскай пушкарні. Былі таксама запрошаныя злотнікі для аздабленьня і апрацоўкі гарматаў.

Сыравіна на Віленскую пушкарню прывозілася з Кракава, куды паступала з розных краінаў: медзь — з Вугоршчыны, волава — з Гданьска і Олькуша, сталь — з Карынціі і Вугоршчыны. Асабліва актыўна Віленская пушкарня працавала ў 1560-х гадах. Паводле данясеньня вэнэцыянскага пасла, у 1560 годзе ў Вільні было 180 вялікіх гарматаў і мноства дробных. У канцы 16 стагодзьдзя, Віленскую пушкарню падтрымліваў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторы. Пры ім у пушкарні працавалі майстры Крыштаф Спрынгер і Геранім Віталі з Італіі, адліваліся цяжкія асадныя гарматы.

У пачатку 17 стагодзьдзя зроблена вялікая гармата «Віленскія браты», якая страляла 30-фунтавымі ядрамі. У час паходу на Смаленск у 1610 годзе адліваў гарматы майстар Ян Ролянд з 3 памочнікамі. У 1620—1630 гадах працаваў людвісар Яган Бротэльд з Лятарынгіі, які адліў прынамсі 11 гарматаў. Пасьля Віленская пушкарня спыніла сваю дзейнасьць.

  • Brensztejn, Michał, «Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego», Wilno 1924. S.17-29.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А — Я / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2010. — 696 с; іл., старонка 118