Віларог

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Віларог
Antilocapra americana.jpg
Віларог
Клясыфікацыя
Царства Жывёлы (Animalia)
Тып Хордавыя (Chordata)
Падтып Хрыбетныя (Vertebrata)
Надкляса Чатырохногія (Tetrapoda)
Кляса Сысуны (Mammalia)
Падкляса Зьвяры (Theria)
Інфракляса Пляцэнтарныя (Placentalia)
Атрад Парнакапытныя (Artiodactyla)
Сямейства Віларогавыя (Antilocapridae)
Від Віларог (Antilocapra americana)
Бінамінальная намэнклятура
Antilocapra americana
(Ord, 1815)
Арэал
Antilocapra americana range map.png

Віларог (Antilocapra americana) — від сямейства віларогавых клясы сысуноў. Распаўсюджаны ў Паўночнай Амэрыкі ад паўднёвых прэрый Канады, на поўдзень да заходняй часткі ЗША і да паўночнай Мэксікі. Насяляюць лугі, палыновыя раўніны, пустэльні і перадгор’і; ад узроўню мора да 3350 м[1][2][3].

Гэта невялікія капытныя жывёлы з бочкападобнымі целамі. Даўжыня цела прыблізна 1,4 м, хвост даўжынёй да 105 мм, а вушы да 143 мм. Вага складае ад 35 да 70 кг, у залежнасьці ад плоці і ўзросту. Іх валасы шчыльныя і вельмі грубыя, напоўненыя паветрам, што забяспечвае вельмі добрую ізаляцыю. Покрыўныя валасы полыя і падкладваюцца больш дробным, кароткім падшэрсткам. Сьпінная шэрсьць мае румяна-карычневы колер; жывот, задняя частка тулава і плямы на шыі крэмавыя. У самцоў на шыі кароткія чорныя грывы. Рогі прамыя, з заднім кручком і кароткім пярэднім зубцом; іх максымальная вышыня 25 см. Рогі ў самак звычайна невялікія альбо адсутнічаюць. Зубная формула: 0/3, 0/1, 3/3, 3/3[1][3].

Віларогі — самыя хуткія з вядомых сысуноў Новага Сьвету, якія рухаюцца з хуткасьцю 98 км/г пры спрынце. Яны траваедныя, ядуць сьцеблы, лісьце, травы і хмызьнякі. Спажываньне вады змяняецца ў залежнасьці ад воднасьці расьліннасьці, даступнай на мясцовым узроўні. Пры наяўнасьці далікатнага лісьця з утрыманьнем вільгаці 75% і больш, відаць, віларогам не трэба піць асобна ваду. У засушлівыя сэзоны яны звычайна сустракаюцца ў межах 5–6 км ад вады і могуць выпіваць да 3 літраў у дзень. На дзіцянятаў і слабейшых асобін палююць каёты, бобкаты, пумы, бэркуты і іншыя[1][3].

Віларогі палігамныя. Сезон размнажэньня на поўначы прыпадае на верасень — пачатак кастрычніка, а на поўдні працягваецца з канца ліпеня па кастрычнік. Цяжарнасьць доўжыцца 252 дні. Нараджаецца 1 ці 2 дзіцяняты. Праз тры тыдні яны пачынаюць есьці некаторыя расьліны. Рогі пачынаюць расьці ва ўзросьце шасьці месяцаў. Максымальная працягласьць жыцьця складае 16 гадоў у дзікай прыродзе, хоць яны рэдка жывуць даўжэй 9 гадоў[1][3].

Сыстэматыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

род віларог (Antilocapra)

  • від віларог (Antilocapra americana)
  • від †A. pacifica

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Krejci K. and Dewey T. (2009) Antilocapra_americana(анг.). Animal Diversity Web. Праверана 05.03.2021 г.
  2. ^ IUCN SSC Antelope Specialist Group (2016) Antilocapra_americana(анг.). The IUCN. Праверана 05.03.2021 г.
  3. ^ а б в г Vaughan T., Ryan J., Czaplewski N. Mammalogy. — Jones & Bartlett Learning, 2011. — С. 348, 349. — 750 с. — ISBN 9780763762995(анг.)