Перайсьці да зьместу

Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 50°30′1″ пн. ш. 3°58′59″ у. д. / 50.50028° пн. ш. 3.98306° у. д. / 50.50028; 3.98306

Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе
анг. Supreme Headquarters Allied Powers Europe

Герб
Гады існаваньня ад 2 красавіка 1951 (74 гады таму)
Краіны 29 краінаў Эўропы, ЗША, Канада і Турэччына
Падпарадкаваньне Паўночнаатлянтычная рада
Уваходзіць у Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы
Тып штаб
Уключае ў сябе Камандаваньні аб’яднанымі сіламі ў Брунсюме, Нэапалі і Норфалку
Функцыя захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці эўрапейскіх дзяржаваў-удзельніцаў АПАД
Камандная структура Саюзнае камандаваньне апэрацыямі
Дысьлякацыя Касто (вобласьць Эно, край Валёнія, Бэльгія)[1]
Мянушка ВШСДЭ
Дэвіз Пільнасьць — цана свабоды[2]
Войны Басьнійская, Косаўская і Аўганская, грамадзянская вайна ў Лібіі
Дзейны камандзір Крыстафэр Каволі
Вядомыя камандзіры Алексус Грынкевіч

Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе (франц. Grand Quartier Général des Puissances Alliées en Europe[3]) — штаб Саюзнага камандаваньня апэрацыямі Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, заснаваны ў красавіку 1951 году ў Раканкуры (Францыя).

На 2025 год месьціўся ў бэльгійскай вёсцы Касто на поўначы вобласьці Эно (край Валёнія). Адказваў за захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці эўрапейскіх дзяржаваў-удзельніцаў АПАД[4].

На 2025 год Саюзнае камандаваньне апэрацыямі (СКА) АПАД, якім загадваў Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе (ВШСДЭ), мела тры ўзроўні: стратэгічны, апэрацыйны і тактычны. СКА загадвала пастаяннымі і разгортвальнымі штабамі, а таксама аб’яднанымі сіламі ад некалькіх ведамстваў і сумеснымі сіламі ад некалькіх дзяржаваў. ВШСДЭ на стратэгічным узроўні ўзначальваў 6 апэрацыйных камандаваньняў, 2 зь якіх падтрымлівалі ўстановы тактычнага ўзроўню.

Будынак Вярхоўнага штабу саюзных дзяржаваў у Эўропе (2011 год)
  • Камандаваньні аб’яднанымі сіламі (КАС). Дзейнічалі ў Брунсюме (Нідэрлянды), Нэапалі (Італія) і Норфалку (ЗША). На апэрацыйным узроўні плянавалі і падтрымлівалі апэрацыі АПАД. Кіравалі аб’яднанымі апэрацыямі з пастаяннага штабу або разгорнутага на фронце, які называўся штабам Аб’яднанай апэрацыйнай групы (ШААГ) і дзеяў да году. Пры разгортваньні КАС загадвала толькі адной апэрацыяй. Таксама адказвала за ўзаеміны з рэгіянальнымі ўстановамі згодна з указаньнямі ВСКЭ, супрацоўнічала з супольнікамі, якія бралі ўдзел у апэрацыях АПАД, і рыхтавалі дзяржавы-кандыдаткі да сяброўства ў АПАД.
  • Саюзныя камандаваньні тактычнага ўзроўню. Складаліся з асобных радоў войскаў: сухаземнага, марскога і паветранага. Забясьпечвалі ведамі і падтрымкай КАС у Брунсюме і Нэапалі на апэрацыйным узроўні. Падпарадкоўваліся ВШСДЭ і знаходзіліся пад кіраўніцтвам ВСКЭ.
  • Група сыстэмаў зносінаў і зьвестак АПАД (ГСЗЗ). Плянавала і разгортвала сетку сувязі, каб забясьпечыць кіраваньне разгорнутымі штабамі АПАД.
  • Марскія ўдарна-дапаможныя сілы (МУДС; Оэйраш, Партугалія). Забясьпечвалі Марскі баявы штаб Апэрацыйнага камандаваньня пад загадам ВСКЭ, каб стварыць разгортвальны штаб, здольны плянаваць і выконваць аб’яднаныя марскія апэрацыі. Складаліся з прадстаўнікоў 13 дзяржаваў. Засяроджваліся на аб’яднаных марскіх экспэдыцыях шляхам залучэньня вайскова-марскіх і дэсантных сілаў ЗША.
  • Тактычныя асяродкі паветранага кіраваньня. Сумесныя асяродкі паветраных апэрацыяў (САПА) месьціліся ў Юдэме (зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына) і Тарэхоне-дэ-Ардосе (супольнасьць Мадрыд, Гішпанія). САПА складалася з Пастаяннага асяродка супрацьпаветранай абароны (ПАСА) і Разгортвальнага асяродка паветраных апэрацыяў (РАПА). Разгортвальны асяродак паветранага кіраваньня (РАПК) месьціўся ў Поджа-Рэнатыка (край Эмілія-Раманьня, Італія). РАПК улучаў Асяродак вытворчасьці распазнаных паветраных здымкаў (АВРПЗ), РАПА і Разгортвальны набор чуйнікаў (РНЧ). Па-за апэрацыямі РАПК адказваў за падрыхтоўку пэрсаналу Саюзнага паветранага камандаваньня і РАПА[5].

Мадэль сілаў Арганізацыі Паўночнаатлятнычнай дамовы грунтавалася на 3-х узроўнях гатоўнасьці загадзя прызначаных, разгорнутых і перадавых падмацаваньняў, даступных ВСКЭ ў мірны час:

  1. ад 0 да 10 дзён;
  2. ад 10 да 30 дзён;
  3. ад 30 да 180 дзён[6].
  • Група камандаваньня: вярхоўны саюзны камандзір у Эўропе і ягоны намесьнік, начальнік штабу і ягоны намесьнік, дарадца ў стратэгічных і міжнародных справах, а таксама старэйшы закліканы правадыр камандаваньня[7].
Герб Вярхоўнага штабу саюзных дзяржаваў у Эўропе са сьцягамі 32 дзяржаваў АПАД (2014 год)
Нідэрляндзкія зьнішчальнікі Ф-16 на паветраным дазоры ў Шаўлях (Летува, 2017 год)

На 2025 год Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе ажыцьцяўляў па 3 шматгадовыя заданьні і апэрацыі:

  1. Сілы для Косава ў сэрбскім краі Косава і Мятохія ў складзе 4650 вайскоўцаў ад 28 дзяржаваў[10];
  2. «Альтэя» ў Босьніі і Герцагавіне ў складзе 600 вайскоўцаў ад 15 дзяржаваў Паўночнаатлянтычнага зьвязу і 5 дзяржаваў-супольніцаў[11];
  3. «Марскі вартаўнік» у Міжземным моры сіламі Саюзнага марскога камандаваньня (Ангельшчына)[12];
  4. «Патрэбы гатоўнасьці мірнага часу» ў Ісьляндыі (Кефлявік) тройчы на год па 3 тыдні шляхам паветранага дазору зьнішчальнікамі[13];
  5. «Патрыёт» у Турэччыне як частка супрацьпаветранай абароны Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы[14];
  6. паветраны дазор у 10 з 29 эўрапейскіх дзяржаваў АПАД — Альбаніі, Баўгарыі, Латвіі, Летуве, Люксэмбургу, Паўночнай Македоніі, Польшчы, Румыніі, Славеніі і Чарнагорыі[15].

Сярод іншага, ВШСДЭ ажыцьцяўляў захады ўпэўненьня на межах Турэччыны, якія ўлучалі прысутнасьць дадатковых самалётаў папярэджаньня і нагляду, а таксама павышаную марскую дзейнасьць ва Ўсходнім Міжземнамор’і[16].

Бесьпілётнік РКю-4 «Глябальны ястраб» у Сіганэле (Італія, 2023 год)

Магчымасьці ВШСДЭ ўлучалі:

  1. наземнае сачэньне хаўрусу (НСХ) на аснове Сілаў вестак, сачэньня і выведкі (СВСВ) ў Сіганэле (востраў Сыцылія, Італія), якія ўлучалі 5 бесьпілётнікаў РКю-4Д «Глябальны ястраб»[17];
  2. кібэрабарону на падставе Асяродку адказу на кампутарнае здарэньне (ААКЗ) і Асяродку апэрацыяў у кібэрпрасторы, якія месьціліся пры ВШСДЭ[18];
  3. паветраную сыстэму раньняга папярэджаньня (ПСРП) на аснове Паветраных сілаў раньняга папярэджаньня і нагляду (ПСРПН), якія мелі 15 самалётаў Е-3А «Вартаўнік» у нямецкім Гайленкірхэн (зямля Паўночны Райн — Вэстфалія) і на лётнішчах у Грэцыі, Італіі, Турэччыне і Нарвэгіі, а таксама 6 брытанскіх самалётаў Е-3Д у Ўодынгтане (графства Лінкальншыр, Ангельшчына)[19];
  4. Касьмічны асяродак у нямецкім Рамштайне (зямля Райнлянд-Пфальц) з адмыслоўцамі ад ЗША, Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Нідэрляндаў і Нямеччыны[20];
  5. Пастаянныя вайскова-марскія сілы пад кіраўніцтвам Саюзнага марскога камандаваньня (СМК), якія ўлучалі 1-ю і 2-ю пастаянныя марскія групы (ПМГ), а таксама 1-ю і 2-ю пастаянныя групы супрацьмінных захадаў (ПГСМЗ) ды ўваходзілі ў Сілы адказу АПАД (Брунсюм, Нідэрлянды)[21];
  6. батальён хімічнай, біялягічнай, радыялягічнай і ядзернай (ХБРЯ) абароны ў распараджэньні ВСКЭ, які маглі разгарнуць за 5—20 дзён[22];
  7. стратэгічную паветрана-транспартную здатнасьць (СПТЗ) на падставе крыла цяжкага паветранага транспарту ў Папе (Вугоршчына), якое ўлучала 3 самалёты Ц-17 «Глобмастэр 3» і 150 вайскоўцаў ад 12 дзяржаваў[23];
  8. шпаркую паветраную рухомасьць (ШПР), якая дазваляла вайсковым самалётам лётаць без абмежаваньня маршруту з боку Эўрапейскай арганізацыі бясьпекі паветраплаваньня (Брусэль, Бэльгія)[24];
Самалёт Ц-17 «Глобмастэр 3» у Папе (Вугоршчына, 2019 год)

Камандзіры ВШСДЭ плянавалі вайсковыя вучэньні Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы для ўмацаваньня магчымасьцяў выкананьня задачаў супольнай абароны, адказу на крызіс і супрацы. Вучэньні падзяляліся на: жывыя (ЖыВуч) — з удзелам вайсковых сілаў, камандна-штабныя (КШВ) — са зносінамі камандзіраў і іх штабоў, а таксама навучальныя — у выглядзе мапаграфічна-гульнявога абмеркаваньня. У межах праграмы «Партнэрства дзеля міру» («ПДМ») ладзілі вучэньні зь дзяржавамі-супольніцамі па-за АПАД. Праграма вучэньняў ахоплівала 6 гадоў з падрабязнасьцямі на першыя 2 гады[25];

Дўайт Эйзэнгаўэр перад сьцягам Вярхоўнага штабу саюзных дзяржаваў у Эўропе (1951 год)

Увосень 1950 году дзяржаўны сакратар ЗША Джордж Маршал прапанаваў стварыць саюзныя вайсковыя сілы з падразьдзяленьняў дзяржаваў-удзельніцаў Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (Бэльгія), у тым ліку ад Заходняй Нямеччыны. Дадзенымі сіламі ў Заходняй Эўропе мела кіраваць адзіная вайсковая ўстанова на чале з камандзірам. Бакі пагадзіліся прызначыць вярхоўнага саюзнага камандзіра ў Эўропе (ВСКЭ), якому меў дапамагаць міжнародны штаб. 15 сьнежня 1950 году заходнеэўрапейскія саюзьнікі папрасілі амэрыканскага прэзыдэнта Гары Трумэна вылучыць кандыдата на пасаду ВСКЭ. Той прапанаваў Дўайта Эйзэнгаўэра, які загадваў саюзнымі войскамі ў Заходняй Эўропе падчас Другой сусьветнай вайны. 19 сьнежня Паўночнаатлянтычная рада ўхваліла яго кандыдатуру. Штаб Эйзэнгаўэра параіў разьмясьціць Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе (ВШСДЭ) ў францускім Раканкуры (дэпартамэнт Івэлін) на захад ад Парыжу праз зручнасьць шляхоў зносінаў. У лютым 1951 году міністар абароны Францыі Жуль Мок ухваліў Раканкур у якасьці месцазнаходжаньня ВШСДЭ[26].

2 красавіка 1951 году Эйзэнгаўэр заснаваў ВШСДЭ. У яго склад увайшлі 183 афіцэры ад 9 з 12 дзяржаваў АПАД. Пазьней сваіх супрацоўнікаў накіравалі ўрады Партугаліі і Люксэмбургу, а ў Ісьляндыі адсутнічала войска. 23 ліпеня 1951 году адчынілі новаўзьведзены будынак ВШСДЭ. У 1952 годзе ўрады Грэцыі і Турэччыны далучыліся да Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы і накіравалі сваіх прадстаўнікоў у Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе. У 1955 годзе да іх далучылася Заходняя Нямеччына, таму лік прадстаўнікоў у ВШСДЭ дасягнуў 12[26].

Будынкі ВШСДЭ ў Раканкуры (1965 год)

21 лютага 1966 года францускі прэзыдэнт Шарль дэ Голь заявіў пра намер абмежаваць удзел Францыі ў Паўночнаатлянтычным зьвязе. 10 сакавіка 1966 году ўрад Францыі паведаміў пра намер выйсьці з аб’яднанага вайсковага камандаваньня АПАД. Таму Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе меў пакінуць Францыю да 1 красавіку 1967 году. 15 верасьня 1966 году ўрад суседняй Бэльгіі ўзьвесьці да гэтай даты асноўныя будынкі для пераносу ВШСДЭ, а рэшту — да 1 верасьня 1967 году. Урад Бэльгіі абраў для будоўлі вёску Касто ў заходняй вобласьці Эно, якая межавала з Францыяй. Вылучаная вайсковая дзялянка займала 2 кв.км. Побач на захадзе месьцілася авіябаза ў Ш’еўры. Таксама ў сьнежні 1967 году вырашалі пачаць будаўніцтва аўтадарогі між суседнім Монсам і Брусэлем, куды перанесьлі галаўную сядзібу АПАД. 14 кастрычніка 1966 годзе пачалі ўзводзіць будынак Асяродку сувязі, які дабудавалі 15 сьнежня 1966 году. 22 лістапада 1966 году ў Касто перадалі першае абсталяваньне. Таксама перамясьцілі выведную дружыну. 31 сакавіка 1967 году ў Бэльгіі разгарнулі ВШСДЭ. 8 верасьня 1967 году ў францускім Раканкуры зачынілі лягер Валюсо, дзе месьцілася Група падтрымкі ВШСДЭ, а 14 сьнежня ў Бэльгію перадалі апошнія побытавыя рэчы[26].

У 1970 годзе Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе на чале з Эндру Гудпастэрам падрыхтаваў дасьледаваньне скарачэньня ўзброеных сілаў ЗША, Вялікабрытаніі і Канады на мацерыку ў сувязі з разрадкай у дачыненьнях з Савецкім Саюзам. У адказ ВШСДЭ прапанаваў палепшыць дзейнасьць звычайных і ядзерных сілаў Саюзнага камандаваньня ў Эўропе (СКЭ), што паўплывала на стратэгічнае плянаваньне ў 1970-я гады. У 1974 годзе адбылося турэцкае ўварваньне на Кіпр, у выніку якога Грэцыя пакінула ВШСДЭ. У 1975 годзе наступны вярхоўны саюзны камандзір у Эўропе Аляксандар Хэйг прадставіў праграму вучэньняў «Восеньская кузьня», якая ўлучала штогадовыя вучэньні АПАД «Вяртаньне сілаў у Нямеччыну». У 1978 годзе Хэйг увёў другую пасаду намесьніка, на якую ўпершыню прызначыў нямецкага генэрала Гэрда Шмюкле праз рост унёску Нямеччыны ў СКЭ. Таксама Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе ўзяў удзел у распрацоўцы Доўгатэрміновай праграмы паляпшэньня абароны, паводле якой у 1980-я гады стварылі Паветраныя сілы раньняга папярэджаньня (ПСРП) АПАД. Пры гэтым аб'ядналі сетку сувязі камандаваньня Наземным асяродзьдзем супрацьпаветранай абароны АПАД. 25 чэрвеня 1979 году, незадоўга да сканчэньня паўнамоцтваў, Хэйг стаў мэтай няўдалага замаху нямецкіх камуністаў з групоўкі «Фракцыя Чырвонай арміі» ў сувязі з посьпехамі на чале ВШСДЭ[27].

12 сьнежня 1979 году міністэрская нарада Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы ўхваліла палітыку «Падвойнай сьцежкі», паводле якой у Эўропе разьмясьцілі амэрыканскія крылатыя ракеты і балістычныя ракеты «Пэршынг 2». Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе на чале з ВСКЭ Бэрнардам Роджэрзам браў удзел у разгортваньні гэтай зброі. Бэрнард Роджэрз падкрэсьліў недастатковасьць звычайных войскаў АПАД для адбіцьця нападу Арганізацыі Варшаўскай дамовы (АВД), што вымушала ВШСДЭ прыбегнуць да выкарыстаньня ядзернай зброі. Таму ВСКЭ Роджэрз прапанаваў панятак «Нападу на надыходзячыя сілы» («ННС») для глыбокіх звычайных удараў па войсках другога і трэцяга эшалёнаў, каб прадухіліць дасягненьне імі месцаў абароны АПАД. У 1980 годзе Бэрнард Роджэрз узяў удзел у перамовах наконт вяртаньня Ўзброеных сілаў Грэцыі ў склад ВШСДЭ, што прывяло да зьмяненьня камандаваньня на поўдні з улікам зацікаўленасьцяў ураду Турэччыны. Сярод іншага, ВШСДЭ распрацаваў паняцьцё Шпаркага падмацаваньня, каб садзейнічаць краёваму абароннаму плянаваньню. За 1980—1985 гады ўзьвялі бункер ВШСДЭ ў межах Доўгатэрміновага інфраструктурнага пляну Саюзнага камандаваньня ў Эўропе (СКЭ). Таксама ВШСДЭ садзейнічаў вываду 1400 ядзерных боегаловак з Эўропы, паводле «Монтэбэльскага рашэньня» 1983 году, якое прынялі на сустрэчы міністраў Групы ядзернага плянаваньня АПАД. У 1985 годзе генсакратаром КПСС стаў Міхаіл Гарбачоў, які разам з амэрыканскім прэзыдэнтам Рональдам Рэйганам прапанаваў зьнішчыць балістычныя ракеты сярэдняй далёкасьці. ВШСДЭ прыйшоў да высновы, што гэта зробіць АПАД больш уразьлівай да нападу Арганізацыі Варшаўскай дамовы. Таму ВСКЭ Бэрнард Роджэрз выступіў супраць заключэньня Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці і быў адстаўлены з пасады ў чэрвені 1987 году[28].

Пасьля Халоднай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

9 лістапада 1989 году адбылося падзеньне Бэрлінскага муру, што прывяло да ўзьяднаньня Нямеччыны 15 сакавіка 1991 году. 6 ліпеня 1990 году Саміт АПАД ухваліў Лёнданскую дэклярацыю, у якой абвясьцілі пра пераход ад стратэгіі «перадавой абароны» да «гнуткага адказу». У выніку Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе на чале з Джонам Гэлвінам перагледзеў ядзерныя пляны і нацэльваньне Саюзнага камандаваньня ў Эўропе (СКЭ) з улікам заканчэньня Халоднай вайны. Пры гэтым ВШСДЭ ўзгадняў вывад амэрыканскай хімічнай і ядзернай зброі сярэдняй далёкасьці з Эўропы. 2 жніўня 1990 году пачалося ірацкае ўварваньне ў Кувэйт. Таму ВШСДЭ ўвёў падтрымку супрацьпаветранай абароны Турэччыны, якая межавала зь Іракам, разгарнуў Вайскова-марскія сілы АПАД у Міжземным моры, каб прадухіліць пагрозу суднаходзтву, і пашырыў пакрыцьцё Міжземнамор’я самалётамі раньняга папярэджаньня, каб прадухіліць пашырэньне сутыкненьня на дзяржавы-ўдзельніцы АПАД[29].

Джон Гэлвін — 9-ы вярхоўны саюзны камандзір у Эўропе (1991 год)

У кастрычніку 1990 году начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў СССР Міхаіл Маісееў наведаў Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе. ВШСДЭ падтрымаў перамовы, якія прывялі да падпісаньня 19 лістапада 1990 году ў Парыжы Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе (ДЗУСЭ). У выніку ў 1990 годзе ВШСДЭ пачаў скарачэньне штабоў СКЭ з 32 да 8, што прывяло да зьмяншэньня пэрсаналу на 25 % і заняцьця эўрапейцамі некалькіх камандных пасадаў замест амэрыканцаў. У студзені 1991 году ВШСДЭ таксама разгарнуў у Турэччыне паветраныя сілы СКЭ. 1 ліпеня 1991 году распалася Арганізацыя Варшаўскай дамовы (АВД). Таму ў 1991 годзе ВШСДЭ стварыў Асяродак вайсковых сувязяў, каб спрыяць супрацы з урадамі, якія раней былі сябрамі АВД[29]. 8 лістапада 1991 году Саміт АПАД у Рыме ўхваліў новае Стратэгічнае паняцьце, паводле якога лік штабоў скарацілі зь 78 да 20, каб скарыстаць «мірны дывідэнд»[30]. Тым часам, 8 сьнежня 1991 году завяршыўся распад СССР праз падпісаньне Белавескіх пагадненьняў. Дасьледаваньне ВШСДЭ «Правільнае спалучэньне» прывяло да зьмяненьня падрыхтоўкі і стварэньня Корпусу хуткага адказу АПАД у кастрычніку 1992 году[29]. У ВШСДЭ запрацаваў Штаб плянаваньня сілаў адказу (ШПСА)[31].

У чэрвені 1992 году ВШСДЭ стварыў Асяродак адказу на крызіс, а частку штабу Паўночнай групы арміяў АПАД у нямецкім Райндалене (зямля Паўночны Райн — Вэстфалія) скарысталі для ўтварэньня штабу міратворчых сілаў ААН у Босьніі і Герцагавіне. ВШСДЭ сплянаваў вайскова-марскую апэрацыю «Марскі наглядчык» для выкананьня марскога эмбарга ААН на пастаўку зброі ў Югаславію. У ліпені 1992 году Саюзныя сілы ў Паўднёвай Эўропе (ССПЭ) разьмясьцілі свае караблі на базах у Адрыятычным моры для пачатку апэрацыі. У кастрычніку 1992 году АПАД пачала апэрацыю «Нябесны наглядчык», бо Арганізацыя аб’яднаных нацыяў (Новы Ёрк) абвясьціла беспалётную зону над Босьніяй і Герцагавінай, каб прадухіліць паветраныя напады ў ходзе Басьнійскай вайны. 22 лістапада 1992 году марскую апэрацыю зьмянілі на прымусовае выкананьне эмбарга «Марская варта». У красавіку 1993 году АПАД пагадзілася правесьці апэрацыю «Забарона палёту». У 1993 годзе вярхоўны саюзны камандзір у Эўропе Джон Шалікашвілі перамовіў зь нямецкім і францускімі начальнікамі абароны наконт пагадненьня аб умовах выкарыстаньня Эўракорпусу (Францыя) ў задачах АПАД. У чэрвені 1993 году Заходнеэўрапейскі зьвяз (Бэльгія) далучыў свае караблі ў Адрыятычным моры да апэрацыі АПАД «Вострая варта». ВШСДЭ расплянаваў высадку з паветра ССПЭ і абарону гуманітарнага канвою ў падтрымку ААН. У 1993 годзе ВШСДЭ завяршыў апэрацыю ССПЭ «Дысцыплінаваная варта» ў падтрымку мірнага пляну ААН для Босьніі і Герцагавіны[31].

У 1993 годзе ВШСДЭ на чале Джонам Шалікашвілі стварыў у Нямеччыне Паветраны штаб сілаў адказу (ПШСА). Пачалося складаньне паняцьця Сумесна-аб’яднанай апэрацыйнай групы, каб кіраваць сіламі, разгорнутымі за межамі дзейнасьці АПАД. Нямецкі генэрал Пэтэр Карстэнс стаў першым эўрапейскім начальнікам штабу ВШСДЭ. Таксама ў 1993 годзе стварылі Саюзныя сілы ў Паўночна-Заходняй Эўропе (Хай Ўікомб, графства Бэкінггэмшыр, Ангельшчына), якія месьціліся ў Вялікабрытаніі і Нарвэгіі ды ўлучылі Саюзнае камандаваньне ў Ля-Маншы (Нортўуд, Ангельшчына). Джон Шалікашвілі зрабіў некалькі паездак у краіны Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. У выніку Вярхоўны штаб саюзных сілаў у Эўропы зрабіў унёсак у стварэньне праграмы «Партнэрства дзеля міру» ў 1994 годзе[31]. У ВШСДЭ ўтварылі Асяродак узгадненьня супольніцтва. У 1994 годзе пачалі вывучэньне спосабу пераўтварэньня Саюзнага камандаваньня ў Эўропе. Таксама ў 1994 годзе новае паняцьце штабу Сумесна-аб’яднанай апэрацыйнай групы запатрабавала, каб яе штаб мог праводзіць апэрацыі для АПАД, Заходнеэўрапейскага зьвязу і Эўразьвязу (Бэльгія)[32].

28 лютага 1994 году зьнішчальнікі Паўночнаатлянтычнага зьвязу зьбілі 4 бамбавікі Сэрбскай Рэспублікі, якія парушылі беспалётную зону ААН у Босьніі і Герцагавіне. Тамсама самалёты АПАД ажыцьцявілі некалькі паветраных удараў на запыт міратворцаў ААН. У ліпені 1995 году Сэрбская Рэспубліка заняла Срэбраніцу, а затым падвяла цяжкую зброю да Сараева. Таму ў жніўні—верасьні 1995 году самалёты АПАД наносілі ўдары па разьмяшчэньні іх войскаў, каб схіліць да вываду той зброі з-пад Сараева. У выніку 21 лістапада 1995 году ў амэрыканскім Дэйтане (штат Агаё) прэзыдэнты Босьніі і Герцагавіны, Сэрбіі і Харватыі Алія Ізэтбэгавіч, Слабадан Мілошавіч і Франьё Туджман адпаведна падпісалі Агульнае рамачнае пагадненьне аб міры ў Босьніі і Герцагавіне. Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе на чале з Джорджам Жульўанам распрацаваў плян выкананьня Дэйтанскага пагадненьня, пасьля чаго 20 сьнежня 1995 году падтрыманьне міру перадалі ад ААН да Сілаў выкананьня пад кіраўніцтвам АПАД. У Босьніі і Герцагавіне разьмясьцілі каля 50 000 міратворцаў з краінаў АПАД і іншых 17 краінаў, у тым ліку з Расеі. Расейскі генэрал стаў намесьнікам ВСКЭ для расейскіх сілаў у Сілах выкананьня, а расейскае пасольства далучылася да Асяродку ўзгадненьня Сілаў выкананьня ў ВШСДЭ. Сілы выкананьня разьмежавалі басьнійскія і сэрбскія войскі, ахоўвалі акругі перадачы з адной супольнасьці ў іншую і наглядалі за адводам войскаў у паласу разьмежаваньня, а таксама ладзілі перамяшчэньне зброі ў месцы захоўваньня. У сьнежні 1996 году Сілы выкананьня перайменавалі ў Сілы стабілізаваньня, у якіх паменшылі колькасьць танкаў і артылерыі. 10 ліпеня 1997 году Сілы стабілізаваньня затрымалі першага падазраванага ў ваенных злачынствах і перадалі Міжнароднаму суду ААН (Нідэрлянды)[32].

У красавіку 1997 году Штаб сілаў адказу СКЭ пераўтварылі ў Сумесна-аб’яднаны штаб плянаваньня. ВШСДЭ пачаў распрацоўку супрацьракетнай абароны фронту і падрыхтоўку далучэньня новых сябраў да СКЭ у сувязі зь меркаваным пашырэньнем Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы[32]. У ліпеня 1997 году новы ВСКЭ Ўэсьлі Кларк запрасіў урады Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі ў ВШСДЭ на перамовы наконт сяброўства ў АПАД. У сакавіку 1999 году 3 дзяржавы далучыліся да СКЭ на ўрачыстасьці ў ВШСДЭ[33].

У кастрычніку 1998 году югаслаўскі прэзыдэнт Мілошавіч вывеў большасьць Войска Югаславіі з сэрбскага краю Косава і Мятохія пасьля баёў супраць альбанскіх паўстанцаў з Войска вызваленьня Косава (ВВК). Ён пайшоў на дадзены крок пасьля перамоваў з ВСКЭ Ўэсьлі Кларкам, які паведаміў пра распрацоўку паветранай апэрацыі АПАД для спыненьня баёў. Пасьля гэтага выведныя самалёты АПАД адсочвалі становішча, а наземныя сілы АПАД прывялі ў гатоўнасьць, каб дапамагчы пасольству Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ; Аўстрыя), якое накіравалі ў край Косава і Мятохія. У студзені 1999 году баі аднавіліся, таму Войска Югаславіі ўвяло падмацаваньне ў край. Пагроза паветраных удараў Паўночнаатлянтычнага зьвязу прывяла да перамоваў ураду Югаславіі і альбанскіх паўстанцаў у лютым 1999 году ў францускім Рамбуе (дэпартамэнт Івэлін). Пасьля правалу перамоваў баі аднавіліся, а назіральнікаў АБСЭ вывелі з краю. 23 сакавіка 1999 году АПАД пачаў паветраныя ўдары па супрацьпаветранай абароне Югаславіі. У выніку высылкі з сэрбскага краю Косава і Мятохія да канца траўня 1999 году звыш 800 000 альбанцаў сталі ўцекачамі ў суседніх Альбаніі і Македоніі. Таму АПАД пабудавала лягеры для ўцекачоў з кухнямі хуткага харчаваньня. 9 чэрвеня 1999 году афіцэры Югаславіі і АПАД падпісалі пагадненьне аб вывадзе Войска Югаславіі з сэрбскага краю Косава і Мятохія і ўводзе міратворчых Сілаў для Косава пад кіраўніцтвам АПАД. За 78 дзён самалёты АПАД ажыцьцявілі звыш 38 000 вылетаў, зь якіх звыш 10 000 былі баявымі. Пры гэтым страцілі 2 самалёты ад агню Войска Югаславіі. 12 чэрвеня 1999 году Сілы для Косава ўвайшлі ў край, дзе давялося бараніць сэрбаў ад гвалту з боку альбанскіх паўстанцаў[33].

У жніўні 2001 году пачалася апэрацыя АПАД «Істотны ўраджай» у Македоніі, дзе хваляваньні альбанскай меншасьці прывялі да патрэбы раззброіць Армію народнага вызваленьня войскамі Паўночнаатлянтычнага зьвязу. У красавіку 2003 году апэрацыю «Саюзная гармонія» ў Македоніі скончылі і перадалі Эўразьвязу. Тэрарыстычныя акты 11 верасьня 2001 году на ЗША выклікалі з боку АПАД апэрацыю «Арліная дапамога» для нагляду за паветранай прасторай. У выніку ад кастрычніка 2001 году па травень 2002 году Паветраныя сілы раньняга папярэджаньня АПАД выканалі звыш 360 вылетаў над ЗША сіламі 830 чальцоў экіпажаў. Пры канцы кастрычніка 2001 году пачалася марская апэрацыя АПАД «Актыўныя высілкі», каб забясьпечыць ахову караблёў саюзьнікаў у Міжземнамор’і. У лістападзе 2002 году Саміт АПАД у Празе (Чэхія) пераўтварыў Саюзнае камандаваньне ў Эўропе (СКЭ) з Саюзнае камандаваньне апэрацыямі (СКА), якому падпарадкаваў усе вайсковыя апэрацыі Паўночнаатлянтычнага зьвязу. Таксама вырашылі стварыць Сілы адказу АПАД, якія ВСКЭ Джэймз Джонз давёў да поўнай апэрацыйнай здольнасьці за кошт ускладненьня вучэньняў[34].

Ад 20 лютага па 16 красавіка 2003 году Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы правяла апэрацыю «Паказ стрымліваньня», каб умацаваць турэцкую абарону ў сувязі з пачаткам Ірацкай вайны. 11 жніўня 2003 году АПАД пагадзілася пераняць Міжнародныя сілы садзейнічаньня бясьпецы (МССБ) вакол сталіцы Аўганістану. 29 сакавіка 2004 году да АПАД далучыліся яшчэ 7 дзяржаваў Эўропы — Баўгарыя, Латвія, Летува, Румынія, Славаччына, Славенія і Эстонія. У выніку некаторым новым сябрам ВШСДЭ забясьпечыў дазор паветранай прасторы. Агулам колькасьць дзяржаваў у Паўночнаатлянтычным зьвязе дасягнула 26. У 2004 годзе АПАД пачала навучаньне Ірацкай арміі і забясьпечвала ахову летніх Алімпійскіх гульняў у Грэцыі самалётамі раньняга папярэджаньня. У ліпені 2004 году АПАД павялічыла абшар сваёй дзейнасьці на поўнач Аўганістану на запыт ААН. У сьнежні 2004 году Сілы стабілізаваньня АПАД перадалі сваю дзейнасьць Эўразьвязу ў Босьніі і Герцагавіне. У чэрвені 2005 году АПАД пашырыла дзейнасьць на захад Аўганістану на запыт ураду[35].

Джэймз Джонз — 14-ы вярхоўны саюзны камандзір у Эўропе (2005 год)

Пры канцы жніўня 2005 году ўраган «Катрына» выклікаў маштабныя разбурэньні на поўдні ЗША, таму Паўночнаатлянтычны зьвяз паставіў туды лекі і харчаваньне на просьбу ўраду ЗША. 8 кастрычніка 2005 году землятрус у Кашміры забраў жыцьці звыш 73 000 чалавек і разбурыў жытло прынамсі 4 млн чалавек. Таму АПАД на запыт ураду Пакістану перавезла 3435 т дапамогі 168 самалётамі, а 1750 т дапамогі і 7650 параненых — верталётамі. Палявы шпіталь АПАД аказаў дапамогу 4890 пацыентам, а перасоўныя лекарскія брыгады — 3424 пацыентам. Інжынэры АПАД пабудавалі 110 сховішчаў і 9 школаў, а таксама парамантавалі 60 км дарог і сетку разьмеркаваньня крынічнай вады. Задачы дапамогі Пакістану выконвалі да канца студзеня 2006 году. 31 ліпеня 2006 году МССБ прасунуліся на поўдзень Аўганістану, дзе засяроджвалася большасьць вытворчасьці дурманаў. Тамсама адбыліся найбольшыя ў гісторыі Паўночнаатлянтычнага зьвязу баі супраць Талібану. У кастрычніку 2006 году МССБ занялі ўсход Аўганістану, тым самым сталі прысутнічаць па ўсёй краіне. Сярод іншага, У 2006 годзе гэтыя самыя самалёты ахоўвалі Чэмпіянат сьвету па футболе 2006 году ў Нямеччыне. Ад чэрвеня па сьнежань 2007 году ладзілі паветраныя перавозкі для міратворчасьці Афрыканскага зьвязу ў суданскім Дарфуры[35].

У 2008 годзе адбылося аднабаковае абвяшчэньне незалежнасьці Косава ад Сэрбіі, таму ВСКЭ Бэнц Крэдак дамогся зьмяншэньня Сілаў для Косава. Сярод іншага, ВШСДЭ разгарнуў вайскова-марскія сілы супраць пірацтва на ўсход ад Самалі. Пад кіраўніцтвам Саюзнага камандаваньня апэрацыямі стварылі: Асяродак спалучэньня выведкі і Асяродак узгадненьня спэцыяльных апэрацыяў АПАД. У жніўні 2008 году расейска-грузінская вайна прывяла да прыпыненьня паседжаньняў Рады АПАД-Расея да 2009 году. У красавіку 2009 году ў Паўночнаатлянтычны зьвяз уступілі Альбанія і Харватыя. Дазор іх паветранай прасторы пачалі ажыцьцяўляць іншыя дзяржавы АПАД[35]. У 2011 годзе Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы правяла апэрацыю «Адзіны абаронца», каб забясьпечыць беспалётную зону і эмбарга на пастаўку зброі падчас грамадзянскай вайны ў Лібіі. У 2012 году Саміт АПАД вырашыў скончыць дзейнасьць МССП у сьнежні 2014 году, пасьля чаго перайшлі да апэрацыі «Рашучая падтрымка» для падрыхтоўкі Ўзброеных сілаў Аўганістану да 2020 году. У 2016 годзе запрацавала Супрацьракетная абарона Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, пра што абвясьцілі на Саміце ў Варшаве. У 2017 годзе 29-м сябрам Паўночнаатлянтычнага зьвязу стала Чарнагорыя. Таксама ў 2017 годзе 4 батальёны на ратацыйнай аснове разьмясьцілі ў Польшчы, Летуве, Латвіі і Эстоніі для ўмацаваньня стрымліваньня на ўсходзе[36].

Алексус Грынкевіч прызначаны загадваць Вярхоўным штабам саюзных дзяржаваў у Эўропе. Мае беларускіх продкаў.
  1. Дўайт Эйзэнгаўэр (2 красавіка 1951 — 30 траўня 1952)
  2. Мэцью Рыджўэй (30 траўня 1952 — 11 ліпеня 1953)
  3. Альфрэд Грунтэр (11 ліпеня 1953 — 20 лістапада 1956)
  4. Лорыс Норстад (20 лістапада 1956 — 1 лістапада 1962)
  5. Ліман Лемніцэр (1 лістапада 1962 — 1 ліпеня 1969)
  6. Эндру Гудпастэр (1 ліпеня 1969 — 15 сьнежня 1974)
  7. Аляксандар Хэйг (15 сьнежня 1974 — 1 ліпеня 1979)
  8. Бэрнард Роджэрз (1 ліпеня 1979 — 26 чэрвеня 1987)
  9. Джон Гэлвін (26 чэрвеня 1987 — 23 чэрвеня 1992)
  10. Джон Шалікашвілі (23 чэрвеня 1992 — 22 кастрычніка 1993)
  11. Джордж Жульўан (22 кастрычніка 1993 — 11 ліпеня 1997)
  12. Ўэсьлі Кларк (11 ліпеня 1997 — 3 траўня 2000)
  13. Джозэф Ральстан (3 траўня 2000 — 17 студзеня 2003)
  14. Джэймз Джонз (17 студзеня 2003 — 7 сьнежня 2006)
  15. Банц Крэдак (7 сьнежня 2006 — 2 ліпеня 2009)
  16. Джэймз Стаўрыдзіс (2 ліпеня 2009 — 13 траўня 2013)
  17. Філіп Брыдлоў (13 траўня 2013 — 4 траўня 2016)
  18. Кёрціс Скапароці (4 траўня 2016 — 3 траўня 2019)
  19. Тод Ўолтэрз (3 траўня 2019 — 1 ліпеня 2022)
  20. Крыстафэр Каволі (1 ліпеня 2022 — 4 ліпеня 2025)
  21. Алексус Грынкевіч (ад 4 ліпеня 2025 году)[37]
  1. ^ Як нас знайсьці (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  2. ^ Гісторыя герба (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  3. ^ Наведнікі (фр.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  4. ^ Пра нас (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  5. ^ Будова вайсковага камандаваньня (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  6. ^ Мадэль сілаў АПАД (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  7. ^ Група камандаваньня (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  8. ^ Управы (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  9. ^ Дзяржаўныя вайсковыя прадстаўнікі (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  10. ^ Місія АПАД у Косаве (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  11. ^ Апэрацыя «Альтэя» (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  12. ^ Апэрацыя «Марскі вартаўнік» (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  13. ^ Ісьляндзкія «Патрэбы гатоўнасьці мірнага часу» (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  14. ^ Падтрымка АПАД Турэччыны (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  15. ^ Паветраны дазор АПАД (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  16. ^ Захады ўпэўненьня АПАД (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  17. ^ Наземнае сачэньне хаўрусу (НСХ) (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  18. ^ Кібэрабарона (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  19. ^ Паветраная сыстэма раньняга папярэджаньня (ПСРП) АПАД (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  20. ^ Касьмічны асяродак АПАД (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  21. ^ Пастаянныя вайскова-марскія сілы АПАД (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  22. ^ Шматнацыянальны батальён хімічнай, біялагічнай, радыялягічнай і ядзернай абароны АПАД (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  23. ^ Крыло цяжкага паветранага транспарту (анг.) // Праграма «Стратэгічная паветрана-транспартная здатнасьць», 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  24. ^ Шпаркая паветраная рухомасьць (ШПР) (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  25. ^ Вучэньні і падрыхтоўка (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  26. ^ а б в ВШСДЭ ў Францыі (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  27. ^ 1967—1979 гады: гатоўнасьць АПАД узрастае (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  28. ^ 1977—1989 гады: дзесяцігодзьдзе «Падвойнай сьцежкі» — новая зброя, новыя перамовы (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  29. ^ а б в 1989—1992 гады: канец Халоднай вайны пераўтварае хаўрус (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  30. ^ Ад 1990 году (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  31. ^ а б в 1992—1994 гады: пераўтварэньне працягваецца, занятасьць Балканамі расьце (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  32. ^ а б в 1994—1998 гады: адна дружына, адно заданьне, АПАД пачынае міратворчасьць у Босьніі (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  33. ^ а б 1998—1999 гады: АПАД пашыраецца і сутыкаецца з чарговым крызісам на Балканах (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  34. ^ 2000—2003 гады: больш міратворчасьці на Балканах і АПАД абвяшчае 5-ы артыкул (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  35. ^ а б в 2003—2010 гады: прастора дзейнасьці АПАД працягвае пашырацца (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  36. ^ Ад 2010 году па сучаснасьць: шлях наперад (анг.) // Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе, 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.
  37. ^ ЗША прызначылі галоўнакамандуючым сіламі АПАД у Эўропе нашчадка беларускіх імігрантаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 чэрвеня 2025 г. Праверана 12 чэрвеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]