Вэтле Шостад Крыстыянсэн
|
Вэ́тле Шо́стад Крыстыя́нсэн (па-нарвэску: Vetle Sjåstad Christiansen) — нарвэскі біятляніст. Алімпійскі чэмпіён 2022 году ў складзе зборнай Нарвэгіі ў эстафэце. Ягоная малодшая сястра Тырыль раней была прафэсійнай лыжніцай[2].
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя выступы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У маладыя гады Крыстыянсэн сумяшчаў выступы ў біятлёне з лыжнымі гонкамі. Ягоным ідэлам у юнацтве быў Уле-Эйнар Б’ёрдален. Няблага выступаў на моладзевых спаборніцтвах, а Кубку сьвету запачаткаваў выступы ў сьнежні 2012 годзе ў швэдзкім Эстэрсундзе. У спрынце на 10 кілямэтраў заняў 39-е месца і ўжо ў першай гонцы паклаў на рахунак свае першыя заліковыя пункты. На этапе Кубка сьвету ў Гохфільцэне дэбютаваў у эстафэце і разам зь Лярсам-Гэльге Біркелянам, Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам і Гэнрыкам Ль’абэ-Люнам бяз пудла з дадатковымі патронамі здабыў першую сваю перамогу. Тым ня менш, спартовец хутка спусьціўся да выступаў у Кубку ІБУ, толькі ў канцы сэзону вярнуўшыся да Кубку сьвету. У Ханты-Мансійску ўпершыню патрапіў у першую дзясятку ў спрынце[3].
Хвароба і вяртаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У наступным сэзоне 2013—2014 гадоў Крыстыянсэн замацаваўся на этапах Кубку сьвету і зноў стаў часткай пераможнай эстафэтнай каманды ў Гохфільцэне. Аднак ягоным найлепшым індывідуальным вынікам было толькі 15-е месца[4], таму ён кваліфікаваўся на Алімпійскія гульні толькі ў якасьці рэзэрвовага спартоўца і, як чакалася, не атрымаў там мажлівасьці выступіць. Наступны сэзон пачаўся для нарвэжца падобным чынам, то бок ён толькі аднойчы трапіў першыя трыццаць біятляністаў у індывідуальных гонках. Пасьля этапу Кубка сьвету ў Обэргафе атлет быў вымушаны завяршыць сэзон праз рынавірус[5]. Перад пачаткам сэзону 2015—2016 гадоў нарвэжац рыхтаваўся асобна ад зборнай Нарвэгіі. Толькі ў студзені 2016 году ён вярнуўся да выступаў, але спаборнічаў толькі ў Кубку ІБУ, дзе вынікі былі пасярэднімі. На чэмпіянаце Эўропы ў Цюмені разам зь Інгрыд Тандрэволь здабыў бронзавы мэдаль у зьмяшанай эстафэце і стаў чацьвертым у гонцы перасьледу.
Сэзон 2016—2017 гадоў пачынаў на этапах Кубка ІБУ, але праз добрыя старты быў заяўлены на Кубку сьвету ў Обэргафе. Пазьней у Рупольдынгу ён упершыню за два гады зноў быў часткай нарвэскай мужчынскай эстафэтнай каманды, зь якой трэці раз у кар’еры здабыў перамогу. Аднак Крыстыянсэн ня даў рады ў кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету ў Гохфільцэне, таму спартовец ізноў браў удзел у чэмпіянаце Эўропы, дзе разам зь Інгрыд Тандрэволь здабыў срэбны мэдаль у зьмяшанай эстафэце. Пасьля чэмпіянату сьвету вярнуўся на этапы Кубка сьвету і да канца сэзона паказаў добры вынік у гонцы перасьледу ў Кантыялахці, заняўшы 8-е месца. Наступны сэзон зноў пачаў у розыгрышы Кубка ІБУ, дзе захапіў лідэрства ў агульным заліку. Спартовец прапусьціў зімовыя Алімпійскія гульні 2018 году, але паводле вынікаў сэзону стаў пераможцам Кубка ІБУ, маючы перавагу больш за 100 пунктаў над найбліжэйшым супернікам.
Замацаваньне ў эліце
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сканчэньні кар’еры Уле-Эйнара Б’ёрндалена і Эміля Гэгле Свэнсэна Крыстыянсэн узімку 2018 году ўпершыню ў кар’еры атрымаў сталае месца ў асноўным складзе нарвэскай зборнай на Кубку сьвету. Пасьля няўцямных вынікаў на этапе ў Паклюцы ён заняў трэцяе месца ў гонцы перасьледу ў Гохфільцэне, упершыню ўзьняўшыся на п’едэстал у індывідуальнай дысцыпліне. Потым вынікі сталіся менш стабільнымі, але сэзон стаў найлепшым у ягонай кар’еры да таго часу, у тым ліку дзякуючы яшчэ адной перамозе ў эстафэце ў Рупольдынгу. Падчас лютаўскіх этапаў Кубка сьвету ў Паўночнай Амэрыцы Крыстыянсэн дасягнуў сапраўднага прарыву на міжнароднай арэне, у тым ліку здабыўшы першую асабістую перамогу на этапе Кубка сьвету ў спрынце. Дзякуючы такім вынікаў, ён дэбютаваў на чэмпіянаце сьвету. У агульным заліку Кубка сьвету завяршыў сэзон на 13-м месцы.
У сэзоне 2019—2020 гадоў нарвэжац дзесяць разоў трапляў у першую дзясятку ў індывідуальных гонках на этапах Кубка сьвету. А ў наступным сэзон такім трапленьняў было дзевяць. Тым ня менш, на тле пасьпяховых выступаў новых нарвэскіх біятляністаў, як то Яганэса Дале і Стурлі Гольма Легрэйда, якія рэгулярна займалі прызавыя месцы, Крыстыянсэн ня быў улучаны ў склад зборнай на чэмпіянат сьвету. Але, спартовец выступіў у мас-старце ды здабыў перамогу ў складзе эстафэты пасьля таго, як Дале адмовіўся ад удзелу. Зіма на пераломе 2021 і 2022 гадоў прынесла біятляністу чарговы прарыў у кар’еры, бо ён завяршыў сэзон на чацьвертым месцы ў агульным заліку Кубка сьвету. Пасьля перамогі ў эстафэце на этапе ў Эстэрсундзе ён таксама выйграў першую ў сэзоне гонку перасьледу, стаўшы пераможцам індывідуальнай гонкі ўпершыню за тры гады. На зімовых Алімпійскіх гульнях 2022 году ў складзе эстафэтнай каманды стаў чэмпіёнам, а таксама здабыў яшчэ бронзавы мэдаль цягам турніру.
У сэзоне 2022—2023 гадоў Крыстыянсэн зноў быў сярод найлепшых біятляністаў сьвету, заняўшы трэці радок у агульным заліку Кубка сьвету і саступіўшы толькі Яганэсу Тынэсу Бё і Стурле Гольму Легрэйду. На чэмпіянаце сьвету ў Обэргафе нарвэжац усталяваў свае найлепшыя вынікі на гэтым турніры, заняўшы пятае месца ў спрынце і шостае ў гонцы перасьледу. У першай трэці сэзону 2023—2024 гадоў атлет двойчы перамог у мужчынскай эстафэце і заняў трэці радок у гонцы перасьледу ў Эстэрсундзе. Аднак да канца году ён быў толькі сёмым у агульным заліку і шостым сярод нарвэжцаў, таму ўпершыню за амаль шэсьць гадоў ня трапіў у нацыянальную каманду на этап у Обэргафе. На чэмпіянаце сьвету 2024 году Крыстыянсэн заваяваў бронзавыя мэдалі ў спрынце і гонцы перасьледу, дзе нарвэжцы ўзялі ўвесь подыюм.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в https://www.teamnor.no/profiler/skiskyting/vetle-sjastad-christiansen/
- ^ Drake, Stian; Heilmann, Håkon Rysst (28.01.2013). «Foreldrene gikk glipp av Tirils (17) X Games-gull». NRK.
- ^ «E.ON IBU World Cup 9 Biathlon — Khanty-Mansiysk (RUS) — Men 10 km Sprint». IBU Datacenter.
- ^ «E.ON IBU World Cup 4 — Oberhof (GER) — Men 10 km Sprint». IBU Datacenter.
- ^ Bentsen, Anders Rove (25.08.2015). «Fanget i et halvt år langt sykdomsmysterium». NRK.