Перайсьці да зьместу

Палабская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вэндзкая мова»)
Палабская мова
wenska rec
Ужываецца ў Нямеччына
Рэгіён Басэйн ракі Эльба
Колькасьць карыстальнікаў няма
Клясыфікацыя Індаэўрапейская

 Славянскія
  Заходнеславянскія

Афіцыйны статус
Статус: 10 вымерлая[d]
Коды мовы
ISO 639-2(Б) sla
ISO 639-2(Т) pox
ISO 639-3 pox

Пала́бская мова — вымерлая заходнеславянская мова. Родная мова палабскіх славянаў, асыміляваных немцамі да пачатку ХVIII стагодзьдзя.

Палабская мова была найбольш блізкай да польскае мовы і разам зь ёй, да кашубскай і вымерлай славінскай, належыць да г. зв. ляхіцкіх моваў (ад імя легендарнага заснавальніка Польшчы — Леха).

Назва мовы паходзіць ад славянскага назову ракі Эльба (па-польску: Łaba, па-чэску: Labe і г. д.). Іншыя назвы: дравяна-палабская мова, вендзкая мова. Адпаведна і славянскае племя, што размаўляла на ёй, звалася палабскімі славянамі, дравянамі (драванамі) або вендамі (венды — нямецкае назва ўсіх славян Нямеччыны).

Была распаўсюджанай да першае паловы XVIII стагодзьдзя на левым беразе Эльбы ў Люнэнбурскім княстве (цяпер акруга Люхаў-Данэнбэрг зямлі Ніжняя Саксонія), дзе былі запісаныя помнікі гэтае мовы, а раней таксама і на поўначы сучаснай Нямеччыны (Мэкленбург, Брандэнбург, Шлезьвіг, выспа Руген).

На поўдні арэал палабскае мовы межаваў з лужыцкімі мовамі, якія мелі распаўсюд у паўднёвай частцы сучаснай усходняе Нямеччыны.

Арэал распаўсюду палабскае мовы ва Ўсходняй Нямеччыне ў Сярэднявеччы

У XVII стагодзьдзі палабская мова становіцца сацыяльна непрэстыжнай, «венды» ўтойваюць ці не афішуюць сваё паходжаньне і пераходзяць на нямецкую мову, падвяргаючыся ў тым ліку і гвалтоўнай германізацыі. Да 1725 року адносяцца дадзеныя аб сям’і носьбітаў мовы, у якой маладое пакаленьне ўжо ня ведала палабскае мовы. Апошні запіс зроблены каля 1750 року. У 1790 року аўтар першага зводнага палабскага слоўніка Ёган Юглер шукаў людзей, якія хоць трохі разумелі б па-палабску, але нікога знайсьці ўжо ня здолеў.

Мова ня мела пісьменнасьці, але ў XVII—XVIII стагодзьдзях ў навакольлях Люхаву было запісана некалькі кароткіх тэкстаў (у значнай часткі перакладных) і пастарам Крысьціянам Хенігам (1649—1719) быў створаны слоўнік аб’ёмам 5 тыс. словаў. Запісы адлюстроўваюць тры розныя гаворкі, але дыялектныя адрозьненьні паміж імі невялікія.

Апроч нешматлікіх пісьмовых помнікаў захаваліся палабскія назвы ў тапаніміцы Ніжняе Саксоніі, Саксоніі-Анхальт, Мэкленбургу, Брандэнбургу, Шлезьвігу: (Starigard, Zagard, Gart, дзе асобны рэфлекс-gard-, як і ў кашубскай і славінскай, адпавядае ўсходнеславянскаму горад, паўднёваславянскаму град, польскаму gród).

З нагоды неіснаваньня сыстэматызаванага палабскага альфабэту, складальнікі слоўнікаў карысталіся больш ці менш пасьлядоўнымі сродкамі нямецкае графікі і артаграфіі, якія ня вельмі падыходзілі для перадачы палабскае фанэтыкі. У сувязі з гэтым было створана некалькі сыстэм транскрыпцыі для гэтае мовы. Найбольш распаўсюджанай зьяўляецца наступная:

Галосныя

  • A, e, o, u і i — блізкія да беларускіх гукаў [а], [э], [о], [у] і [і]
  • Å — лябіялізаваны адкрыты гук
  • È — закрытае e
  • Ǫ, ą, ę — насавыя галосныя (першы зь іх закрыты)
  • Ö і ü — пярэднія лябіялізаваныя галосныя, аналягічныя такім у нямецкай мове
  • Ă (у працах Т. Лера-Сплавінскага — ә) і ĕ — рэдукаваныя (кароткія) галосныя
  • Ai, åi, oi, au, åu — дыфтонгі

Зычныя

  • P, b, m, f, t, d, n, s, k, r, l, z, c, j, x — адпавядаюць беларускім [п], [б], [м], [ф], [т], [д], [н], [с], [к], [р], [л], [з], [ц], [х]
  • Z — афрыката [дз]
  • Мяккасьць пазначаецца апострафам — t ', d', l ', s', z ', c' і г. д.

Разьвіваючыся на заходняй ускраіне славянскага арэалу, палабская мова адрозьніваецца своеасаблівасьцю. З аднаго боку, у ёй захаваліся архаічныя старажытнаславянскія рысы, прыведзеныя ніжэй:

  • Захаваньне насавых гукаў [ǫ], [ą], [ę]: pętь> pąt; насавыя [ą] і [ę] захаваліся таксама і ў сучаснай польскай, акрамя [ą]
  • Захаваньне ў сыстэме спражэньня аарыста і імпэрфэкту.
  • Захаваньне астаткаў дваістага ліку; дваісты лік захаваўся ў сучаснай славенскай мове.

Зь іншага боку, ва ўмовах адсутнасьці пісьменнасьці, афіцыйнага статусу і пастаянна ўзмацняючага нямецкага ўплыву, палабская мова страчвае здольнасьць да паўнавартаснага разьвіцьця і падвяргаецца працяглай і вельмі інтэнсіўнай германізацыі на ўсіх узроўнях:

  • Дыфтангізацыя галосных верхняга пад’ёму [i]> [ai], [u]> [au], [y]> [oi]: blizko> blaisk, duša> dausa, ryba> roiba
  • Замена [о] на [ü], [ö]: dobryi> dübre, koza> t'öza (уплыў нямецкае мовы)
  • Замена [а] на [о]: sam> som, jabloňa> joblünia (уплыў нямецкае мовы)
  • Замена [g], [k] перад [ü], [ö], [i]: на мяккія [d '], [t']: gora> d'öra, kuchar> t'auchior
  • Рэдукцыя канчатковых галосных: lěto> let
  • Спрашчэньне ў сыстэме скланеньня
  • У лексыцы вялікая колькасьць нямецкіх запазычаньняў, у тым ліку зь сярэдненіжненямецкае мовы.

Тэкст малітвы «Ойча наш»: Aita nos, tâ toi jis wâ nebesai, sjętü wordoj tüji jaimą; tüji rik komaj; tüja wüľa mo są ťüńot kok wâ nebesai tok no zemi; nosę wisedanesnę sťaibę doj nam dâns; a wütâdoj nam nose greche, kok moi wütâdojeme nosim gresnarem ; ni bringoj nos wâ warsükongę; toi losoj nos wüt wisokag chaudag. Pritü tüje ją tü ťenądztwü un müc un câst, warchni Büzac, nekąda in nekędisa. Amen.