Перайсьці да зьместу

Выступы гіпі ў Горадні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вы́ступы гі́пі — несанкцыянаваныя дэманстрацыі ў Горадні ў 1971—1972 роках, арганізаваныя групоўкамі гіпі ў падтрымку грамадзянскіх свабодаў.

У кастрычніку 1971 року у Гародню прыехалі гіпі зь Вільні, Коўны ды Рыгі. Ад чыгуначнага вакзалу(d) яны выйшлі на Савецкую плошчу, трымаючы плякаты «Рукі прэч ад нашых валасоў!», «Пакіньце нашыя душы ў спакоі!» ды інш. Гарадзенскія гіпі кіраваліся на цэнтральную плошчу з Занёманскай часткі, ды былі заблякаваныя на мосьце празь Нёман, затрыманыя і адвезеныя ў пастарунак. Частка гіпі здолела прабіцца да Савецкай плошчы, дзе іх атачылі міліцыянты, дружыньнікіі асобы ў цывільным. Тут прысутных зьбівалі, рэзалі валасы, ірвалі джынсы, кашулі ды вырывалі плякаты. Пасьля гэтага маладзёнаў адвозілі ў Гарадзенскі гарадзкі аддзел міліцыі; мясцовых адпускалі па складаньні пратаколаў, а балтыйскіх арыштоўвалі на тры дні.

Пасьля гэтага па Горадні былі надрукаваныя ўлёткі з заклікамі падтрымаць зьняволеных і адстойваць уласныя правы. Улады ж пачалі кампанію прэсынгу на гіпі: найбольш актыўных прадстаўнікоў выключалі з навучальных установаў; ладзілі лекцыі, дзе называлі прадстаўнікоў гэтай субкультуры «асобамі, што дыскрэдытуюць савецкі лад».

У ліпені 1972 року ў Горадні зноўку сабралася моладзь з руху гіпі зь Вільні, Таліну, Львову, Масквы і Ленінграду. Сабраўшыся ля вакзалу, прыежджыя разам зь мясцовымі рушылі па ходніках да Савецкае плошчы. У рукох яны трымалі плякаты з патрабаваньнямі свабоды слова, свабоды выбару, свабоды каханьня. Ля плошчы іх атакавалі дэсантныя войскі, прадстаўнікоў якіх было болей, чым гіпі. Зьбітых і затрыманых адвозілі вайсковымі грузавікамі ў кашары Іркуцка-Пінскай танкавай дывізіі(d), рабілі «зачысткі(d)» ў прылеглых дварох. Затрыманых вызвалілі праз два дні пасьля допытаў. У хатах гарадзенскіх гіпі КДБ правяло ператрусы.