Выбух зь мінулага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выбух зь мінулага
па-ангельску: Blast from the Past
Жанр рамантычная камэдыя[d] і гомасэксуалізм у кіно[d]
Рэжысэр
Сцэнарыст
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Дон Брочу[d]
Вытворчасьць New Line Cinema
Распаўсюд New Line Cinema і Netflix
Дата выхаду 19 лістапада 1999[5], 22 кастрычніка 1999[6] і 23 верасьня 1999[7]
Працягласьць 112 хвіліна
Краіна
Мова ангельская мова
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Вы́бух зь міну́лага» (па-ангельску: Blast from the Past) — амэрыканскі рамантычны камэдыйны фільм 1999 году рэжысэра Г’ю Ўілсана. Галоўныя ролі выканалі Брэндан Фрэйзэр, Алісія Сылвэрстоўн, Крыстафэр Ўокен, Сысі Спэйсэк і Дэйв Фолі. Фільм распавядае пра прастадушнага 35-гадовага мужчыну Адама Ўэбэра, які правёў усё жыцьцё, жывучы ў бункеры з бацькамі, гадуючыся на старых фільмах і музыцы. Ягоны бацька адносна задаволены такім станам рэчаў, але маці не. Фільм атрымаў зьмяшаныя водгукі ад крытыкаў і меў расчаравальныя паказьнікі прыбыткаў.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Эксцэнтрычны амэрыканскі навуковец доктар Калвін Ўэбэр (Крыстафэр Ўокен) лічыць, што ядравая вайна супраць Савецкага Саюзу непазьбежная, і будуе сакрэтны бункер пад сваім дваром у 1962 годзе. Узрушаны насталым кубінскім ракетным крызісам, Калвін прымае рашэньне схавацца з сваёй цяжарнай жонкай Гэлен (Сысі Спэйсэк) у бункеры. У гэты час нечаканы мэханічны збой на борце зьнішчальніка F-86 прымушае самалёт страціць кантроль. Пілёт катапультуецца з самалёту, які падае на дом Ўэбэраў. Калвін, мяркуючы аб пачатку ядравай вайны, актывізуе мэханізм брамы і зачыняе бункер на 35 гадоў. Калі дом цалкам зьнішчаецца ў выніку аварыі, суседзі і ўлады мяркуюць, што сям’я была забітая ў катастрофе, а іхняя маёмасьць засталася закінутай.

Гэлен нараджае Адама, які гадуецца ў культуры, якая мела месца да 1962 году, то бок пад тэлевізійныя паўторы «Я кахаю Люсі» і «Маладыя», а таксама папулярную музыку ў выкананьні Пэры Кома і Дына Мартына. У 1965 годзе адкрываецца закусачная на месцы былога Ўэбэрава дома па-над бункерам. У ёй Мэлкер (Джоі Слотнік) працуе на сваю маці (Дэйл Раул), гатуючы ў ядальні малочныя кактэйлі. Празь нейкі час закусачная ператвараецца ў піццэрыю, а потым у панк-клюб, нарачоны «Чысьцяцом». Раён, дзе знаходзіцца бункер і ядальня, на працягу дзесяцігодзьдзяў моцна дэградуе, ператвараючыся ў гета. Маці ў рэшце рэшт аддае клюб ва ўладаньне Мэлкеру, і ўстанова ў выніку зачыняецца, бо Мэлкер прызвычайваецца да алькаголю. Ужо валацугам ён жыве ў зачыненым клюбе.

У 1997 годзе брама бункера разблякоўваецца, і Калвін выходзіць вонкі, каб напакаваць прыпасы. Ён уражваецца навакольлем, бо цяпер ён бачыць, як яму здаецца, мутантаў на пост-апакаліптычнай пустцы, дзе раней месьціўся ягоны дом. Ён вырашае, што сям’я павінна заставацца ў бункеры, што не задавальняе жонку. Калвіну баліць сэрца, і на нарыхтоўку запасаў выпраўляецца Адам (Брэндан Фрэйзэр), упершыню ў сваім жыцьці пакідаючы прытулак. Ён сустракаецца з Мэлкерам, які сутыкнуўся з Калвінам папярэдняй ноччу і цяпер пакланяецца Калвіну і ліфту. Адам набывае прадукты паводле сьпісу, але забыўся на шлях назад. Спрабуючы прадаць бацькавы клясычныя бэйсбольныя карткі ў краме хобі, Адам сустракае Эву Ростыкаў (Алісія Сылвэрстоўн). Яна спыняе ўладальніка крамы (Біл Грэйтан) ад падману Адама, за што атрымлівае звальненьне. Эва адвозіць Адама да гатэлю ў абмен на рэдкую картку, але на наступную раніцу вяртаецца, бо адчувае вінаватасьць. Адам просіць дапамагчы яму набыць матэрыялы. Ня ведаючы вартасьці грошаў, Адам згаджаецца на ейную прапанову аб заробку ў тысячу даляраў на тыдзень. Ён таксама просіць Эву дапамагчы яму знайсьці жонку, якая на жаданьне маці павінна быць з Пасадэны. Адам сустракаецца з найлепшым сябрам дзяўчыны Троем (Дэйв Фолі), які дапамагае яму прызвычаіцца да сучаснага жыцьця.

Эва і Трой завезьлі Адама ў начны клюб у стылі 1940-х гадоў, каб знайсьці яму жонку. Адам прыцягвае ўвагу некалькіх жанчынаў, у тым ліку ліхадзейкі Сафіі (Кармэн Морэ). Эва і Адам сварацца і разыходзяцца. Пазьней Адам вяртаецца да дому Эвы, заяўляючы, што ветліва адхіліў прапановы Сафіі, бо думае толькі пра Эву. Ён і Эва цалуюцца, але калі Адам распавядае пра тое, што гадаваўся ў бункеры, яна выганяе яго. Мяркуючы, што Адам ёсьць вар’ятам, яна выклікае лекараў, але ён пасьпявае зьбегчы і вяртаецца да бункеру, які ўжо знайшоў быў да гэтага часу. У гатэлевым нумары Трой і Эва зьбіраюць рэчы Адама і знаходзяць адзеньне 1960-х гадоў і недарэчна каштоўныя акцыі такіх кампаніяў, як то IBM ды іншых. Толькі тады сябры разумеюць, што Адам казаў праўду.

Эва знаходзіць Адама да таго, як той вяртаецца дадому. Яна знаёміцца зь ягонымі бацькамі, якія дабраслаўляюць маладых, а самі зачыняюцца ў бункеры яшчэ на 2 месяцы. У гэты час маладзёны будуюць Адамавым бацькам новы дом у новым спакайнейшым месцы, а таксама набываюць ім чырвоны Кадылак 1960 году. Яны дапамагаюць Мэлкеру аднавіць клюб, ператвараючы яго ў начны клюб з тэматыкай 1950-х гадоў пасьля таго, як пераконваюць яго ў тым, што Адам ня Бог. Па сканчэньні чарговага тэрміну хаваньня ў бункеры Адам распавядае бацьку, што ядравай вайны ніколі не было, а замест гэтага на іхні дом паваліўся зьнішчальнік і Савецкі Саюз абрынуўся сам. Не пераканаўшыся гэтым, Калвін плянуе пабудаваць новы бункер пад новым домам.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм атрымаў зьмяшаныя водгукі ад крытыкаў. На агрэгатары аглядаў Rotten Tomatoes ён мае ўхваленьне толькі ў 58%, базуючыся на 81 аглядзе. На думку крытыкаў, задума фільму ёсьць мілай, але кінакарціна ёсьць ня вельмі сьмешнай[8]. Роджэр Эбэрт надаў фільм 3 зоркі з 4 магчымых, дадаўшы, што фільм сьмешны і забаўляльны, але ён павінен мець больш арыгінальную завязку, якая б скарыстала сатыру і іронію і мела б хітрыя задумы[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]