Перайсьці да зьместу

Восер Партной

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фота Восера Партнова для артыкула

Восер Хацкелевіч Партной (швэд. Osser Portnoj, ідыш: אָסער פּאַרטנוי; нар. 7 жніўня 1926, Віцебск — 23 жніўня 2012, Стакгольм, Швэцыя) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар і кіраўнік ансамбляў народнага танцу. Заслужаны дзяяч культуры Беларусі.[1][2] У некаторых крыніцах таксама згадваецца пад сцэнічным імем Канстанцін Партной.

Паводле сямейных зьвестак, Восер Партной нарадзіўся ў сям’і шаўца. У дзяцінстве і юнацтве займаўся ў танцавальным гуртку, які арганізаваў ягоны старэйшы брат Ісаак. Яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны вылучаўся харэаграфічнымі здольнасьцямі і выступаў у мастацкай самадзейнасьці.

Падчас Другой сусьветнай вайны апынуўся ў віцебскім гета, адкуль уцёк, пасьля чаго далучыўся да Чырвонай арміі. Ваяваў на фронце, быў паранены, а пазьней удзельнічаў у франтавой мастацкай самадзейнасьці. Партной быў таксама ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.[3]

Пасьля вайны Партной працаваў у ансамблі песьні і танцу Беларускай ваеннай акругі і стаў стваральнікам і кіраўніком віцебскага народнага ансамбля «Колас» раённага дому культуры.[4]

Пад ягоным кіраўніцтвам «Колас» першым у рэспубліцы атрымаў званьне народнага.[5][6] Ансамбль гастраляваў у розных рэгіёнах БССР і за яе межамі, у тым ліку ў Маскве, Ленінградзе, Малдове, Украіне і Польшчы.[7][8]

Партной зьбіраў і аднаўляў старажытныя беларускія народныя танцы, што бытавалі ў вёсках Віцебскага і Шумілінскага раёнаў, сярод якіх «Рукавіцы», «Воранаўская кадрыля», «Каханачка», «Цапы» і «Язьвінскія ўзоры».[9][10] Побач зь беларускім матэрыялам у рэпэртуары ягоных калектываў былі таксама танцы іншых народаў і харэаграфічныя кампазыцыі на сучасныя сюжэты.

У 1967 годзе яму было прысвоена ганаровае званьне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.[11]

У пазьнейшыя гады Партной працягваў пэдагагічную і арганізацыйную дзейнасьць у сфэры дзіцячай і юнацкай творчасьці. У 1993 годзе пераехаў у Стакгольм.

Асабістае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Жонкай Восера Партнога была Паша Нінбург. Меў дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Памёр 23 жніўня 2012 году ў Стакгольме. Пахаваны на Паўночных габрэйскіх могілках Стакгольму.

  1. Партной Восер Хацкелевіч (бел.)
  2. 7 августа: этот день в истории (рас.)
  3. Портной Оссер Хацкелевич :: Память народа (рас.). Министерство обороны Российской Федерации.
  4. 7 августа: этот день в истории (рас.)
  5. В Витебском районном музее работает выставка, посвященная ансамблю «Колос» (рас.)
  6. 29 июля 2017 г. — Открытие выставки «В вихре танца» (рас.)
  7. В Витебском районном музее работает выставка, посвященная ансамблю «Колос» (рас.)
  8. 29 июля 2017 г. — Открытие выставки «В вихре танца» (рас.)
  9. В Витебском районном музее работает выставка, посвященная ансамблю «Колос» (рас.)
  10. 29 июля 2017 г. — Открытие выставки «В вихре танца» (рас.)
  11. 7 августа: этот день в истории (рас.)